“Ноч (не)расстраляных паэтаў” – у Вільні 

Акцыя памяці “Ноч (не)расстраляных паэтаў” адбылася ў Вільні 29 кастрычніка. Нягледзячы на кепскае надвор’е, у скверы каля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду сабралася каля 50-ці чалавек.

На вечары са сцэны гучалі прамовы, вершы забітых паэтаў, Валерыя Чарнаморцава прачытала верш былога палітвязня Змітра Дашкевіча, быў адкрыты мікрафон для ўсіх ахвочых.

Выступае Павел Церашковіч

На пачатку акцыі памяці з прамовай выступіў дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч, які нагадаў прысутным сумную гісторыю 1937 года.

– Гэта жудасная ноч 29 кастрычніка. Было расстраляна, па розных звестках, ад 102 да 132 чалавек. Чаму розныя звесткі? Таму што быў спіс, падпісаны асабіста Сталіным. Там было 102 чалавекі. А потым ужо на месцы дадавалі. З тых 102-х дваццаць два былі пісьменнікі, паэты, драматургі, літаратурныя крытыкі.

Выступае Мікола Дзядок

На вечарыне памяці з прамовай выступіў былы палітвязень і блогер Мікола Дзядок, які зазначыў, што такія акцыі памяці вельмі важныя і маюць гістарычнае значэнне:

– Насамрэч нам можа падасца, ой, такая драбяза, сабралася нейкіх 40-50 “беглых”, як нас называюць у прапагандзе, хоць я не беглы, хутчэй выкінуты, і самы сабе распавядаюць у адрыве ад Беларусі, ад гэтых дзевяці мільёнаў беларусаў, у адрыве ад літоўскага грамадства, для самых сябе. Гэта абсалютна не так. Зададзім сабе пытанне: калі наша імпрэза да такой ступені няважная, мізэрная, чаму сёння не дадуць такое правесці ў Беларусі? Значыць важная. І тое, што робіцца тут, мае вялікае грамадскае, гістарычнае і сацыяльнае значэнне.

“Ноч (не)расстраляных паэтаў” – імпрэза-ўшанаванне памяці беларускіх літаратараў, расстраляных НКВД у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.  

Музычна аформілі сёлетнюю акцыю ў Вільні этнацэнтр “Світанак” і дзіцячы гурт “Пацеркі”, гурты “Беларускі цуд” і “Зялёны лес”, в таксама бард і блюзмэн Юрый Несцярэнка і джазмэн Павел Аракелян.

racyja.com