У нашай беларускай старажытнасці былі «Хроніка Быхаўца», «Баркулабаўская хроніка», «Магілёўская хроніка Сурты і Трубніцкага». А ў першай палове ХХ стагоддзя з’явіліся іншыя. Да прыкладу — «Хроніка Аляхновіча»… Піша novychas.online.
Францішак Аляхновіч стварыў мастацкі летапіс свайго жыцця — цыкл белетрызаваных успамінаў. «Хроніка Аляхновіча» пачынаецца з 1902 года — з часоў вучобы аўтара ў гімназіі, зняволення ў польскай турме і канцэнтрацыйным лагеры ў Літве (нататкі-ўспаміны «У гімназіі», «Без загранічнага пашпарту», «У Кракаве», «Першы раз у вастрозе», «У Коўні» і іншыя). Працягам гэтых запісаў сталі надрукаваныя ў газеце «Гоман» (1918, 1 і 11 чэрвеня) «Уражанні з падарожжа (Пехатой па краю)», у якіх падавалася цікавае апісанне незвычайнай вандроўкі, удзельнікам якой таксама давялося стаць Ф. Аляхновічу — вандроўкі з Вільні ў Мінск і нелегальнага пераходу ў 1918 годзе польска-бальшавіцкага фронта.
Асноўную частку «ўспаміннай хронікі» склала кніга «У капцюрох ГПУ», якая ахоплівае прамежак часу з 1926 па 1933 гады. Асобныя раздзелы з гэтай кнігі Ф. Аляхновіч пачаў пісаць у 1934 годзе і друкаваць у польскамоўных перыядычных выданнях.
Аднак 1933 годам «тулянні па пакутах» у Ф. Аляхновіча не скончыліся: пісьменнік «улетку 1940 года раптам увечары пабачыў», як згадваў, «на вуліцах Вільні савецкія танкі». Перыпетыі сваіх бясхатніх тулянняў пасля далучэння Літвы да СССР Ф. Аляхновіч апісаў у аповесці «Страшны год», якая і падагульняе амаль саракагадовую «мемуарную хроніку» пісьменніка («Страшны год» друкаваўся на старонках часопіса «Новы Шлях»).
Аб’яднаныя ў адну «лёсавую» гісторыю вышэйзгаданыя мастацкія ўспаміны гучалі мужнымі сведчаннямі супраць гвалту з чалавека, асобы, супраць таталітарызму ва ўсялякіх ягоных праявах: і польскага шавінізму, і сталінскага бальшавізму.
«У капцюрох ГПУ» Ф. Аляхновіча стаў адным з першых мастацкіх твораў, у якіх апісваліся і выкрываліся сталінскія злачынствы і — шырэй — таталітарны здзек з людзей і цэлых народаў. Жудасныя, дэталёвыя малюнкі арышту, высылкі, карных ізалятараў, эпізоды-выявы здзекаў і катаванняў, партрэты ахвяраў і катаў — янычараў ХХ стагоддзя, карціны сотняў смерцяў нітуюцца ў адну страшэнную мазаіку лагернага жыцця і ператвараюць «У капцюрох ГПУ» са звычайных шараговых успамінаў у паўнавартасны мастацкі твор, чытацкая ўвага да якога не аціхае і сёння.
Твор Ф. Аляхновіча, да ўсяго, адметны сваім гуманістычным пафасам, сваёй «незаангажаванасцю» якой-кольвек палітычнай ідэалогіяй. Лёс звычайнага чалавека ў нечалавечых абставінах першай паловы ХХ стагоддзя — вось галоўная тэма Аляхновічавага твора, твора мемуарнага, але найперш — уласнамастацкага.
Ф. Аляхновіч раскрыўся ў кнізе «У капцюрох ГПУ» майстрам эстэтычнага адбору, эмацыянальнага завастрэння, псіхалагічнай нюансіроўкі і сюжэтна-кампазіцыйнага «мантажу», выявіўся таленавітым празаікам-белетрыстам, які здольны выбраць для мастацкага аналізу з перажытага самае істотнае, дэталёвае, вызначальнае і тыповае.
У вобразе «Попутчика», прататыпам якога, безумоўна, быў сам аўтар, па-мастацку трансфармаваліся лёсы герояў трагічнай беларускай гісторыі, «попутчики» рэвалюцыі ці, пазней, «буржуазныя нацдэмы» — бязвінныя ахвяры нялітасцівага лёсу.
Мемуарна-спавядальныя творы пра перажытае ў зняволенні і наогул «турэмная» і «шпіёнская» тэмы былі на той час — 30 – 40-я гады — надзвычай папулярнымі і, на жаль, надзённымі. Аповесць «У капцюрох ГПУ» Ф. Аляхновіча і яго іншыя мемуарныя запісы папярэднічалі і былі ўзорамі-прыкладамі для пазнейшых еўрапейскіх аўтараў «успамінна-мемуарнай» прозы антытаталітарнай тэматыкі. «У капцюрох ГПУ» напрыканцы 30-х гадоў была папулярнай кнігай у Заходняй Еўропе і Амерыцы, з 1935 па 1937 гады яна выйшла ў перакладах на сем моваў свету (польскай, італьянскай, украінскай, партугальскай і інш.). Аб папулярнасці кнігі сведчыў і сам аўтар: «…я сваім коштам выпусціў свае ўспаміны кніжкай у польскай мове. Зарабіў. Кніжка разышлася». Гэта пра першае выданне кнігі па-польску ў 1934 годзе — пад назвай «Prawda o Sowіetach».
Кніга Ф. Аляхновіча «У капцюрох ГПУ» адной з першых у сусветнай літаратуры раскрывала гулагаўскую тэму, якая стане надзвычай папулярнай у дысідэнцкай і выгнанніцкай прозе другой паловы ХХ стагоддзя (проза А. Салжаніцына, В. Шаламава і інш.). Кніга Ф. Аляхновіча папярэднічала творам У. Юрасава, Ю. Аляшкоўскага, Ю. Дамброўскага. З «У капцюрох ГПУ» Ф. Аляхновіча тыпалагічна можна суаднесці напісаную ў другой палове 30-х гадоў аповесць польска-беларускага пісьменніка (нарадзіўся ў мястэчку Ляхавічы ў Беларусі, таксама зведаў доўгія гады турмы) Сяргея Пясэцкага «Bogom nocy rowni» (беларускі пераклад называецца «Начныя багі»).
Гэтыя кнігі блізкія і па жанрава-стылёвых асаблівасцях (тыя ж мемуары-ўспаміны, яскравая аўтабіяграфічнасць тэкста, шчырасць і лірычнасць), і ідэйна-праблемных (паказ трагічнасці чалавечага лёсу ў варунках варожага дзяржаўнага «суседства»), і зместава-тэматычных (сцэны нелегальнага пераходу мяжы), і фармальна-кампазіцыйных адметнасцях (падзел тэкста на паасобныя невялікія сюжэтна завершаныя раздзелы).
Напрыканцы 30-х гадоў у Германіі з’явілася кніга мемуараў Карла Альбрэхта «Здрада сацыялізму», якая і тэматычна, і ідэйна станавілася нібыта літаратурнай «сястрой» кнігі Ф. Аляхновіча. (К. Альбрэхт нарадзіўся ў 1897 годзе. У 1924-м прыехаў працаваць у СССР. Уступіў у камуністычную партыю. У 1932-м быў арыштаваны «за шпіёнскую дзейнасць» на карысць Германіі. Сядзеў у Лубянскай, Бутырскай і Таганскай турмах.) З усёй скрупулёзнасцю «нямецкага падданага» К. Альбрэхт распавядае пра доўгія месяцы сваёй няволі — падрабязна, дэталёва: апісвае турэмныя парадкі, норавы, вымалёўвае людзей — розных нацыянальнасцяў і заняткаў (і арыштаваных, і іхніх катаў), робіць гэта псіхалагічна выверана. Пад словамі прадмовы да кнігі «Здрада сацыялізму», пераклад часткі якой з’явіўся ў 1941 годзе і па-беларуску, — пад назвай «У падвалах ГПУ», мог падпісацца і Аляхновіч: «Я напісаў сваю кнігу <…> галоўным чынам таму, што ў ёй ад імя мільёнаў нявінна замучаных людзей, ад імя братоў, сясцёр і дзяцей, што загінулі ў засценках ГПУ, я заклікаў да сумлення ўсяго свету <…> Я гавару ад імя тых, хто загінулі! Я выконваю толькі тое, што яны мне даручылі, і зрываю фальшывую маску з гэтых жахлівых злачынцаў. <…> У маёй кнізе я апісаў толькі нязначную частку таго, што я перажыў у савецкіх турмах <…>, пакуль не ўдалося мне <…> выбрацца з Савецкага Саюза».
І падабенства назваў, і блізкасць асобных тэматычных аспектаў (турэмных калізій, згадак пра Салаўкі і Беларусь) кніг «У капцюрох ГПУ» і «У падвалах ГПУ» не выклікаюць сумненняў. Больш за тое, герой «У падвалах ГПУ» быў абмяняны на «савецка-польскай» пагранічнай станцыі Негарэлае — там жа, дзе пакінуў «савецкую імперыю» і Ф. Аляхновіч (К. Альбрэхт, паводле яго сведчанняў, перайшоў мяжу ў «вольны свет» 1 красавіка 1934 года — праз паўгода пасля Ф. Аляхновіча). Многія з фактаў кнігі К. Альбрэхта, як і Ф. Аляхновіча, нават шакіруюць: бялізну з расстраляных мылі і зашывалі арыштаваныя жанчыны — і яе наноў выдавалі вязням; некаторых асуджаных на расстрэл забівалі так, каб не пашкодзіць косці — трупы адпраўлялі ў «спецыяльную майстэрню», «дзе з іх прыгатаўлялі шкілеты для школ, інстытутаў і іншых навуковых устаноў. <…> галоўным пакупніком гэтых «заказных шкілетаў» з’яўляецца Амерыка».
Да аповесці Ф. Аляхновіча і ў зместавым, і ў фармальным плане блізяцца вядомыя мастацкія ўспаміны Ларысы Геніюш «Споведзь», «У казахстанскай ссылцы» (зборнік «З гісторыяй на Вы» (укладанне Янкі Запрудніка), 1994) Наталлі Арсенневай і ўспаміны Платона Крэня «Унжлаг», надрукаваныя ў часопісе «Полымя» (1999, № 7, 8). Збліжае названыя творы і агульны боль знявечанага чалавека, у якім лагер спакваля забівае ўсё чалавечае; агульныя і тыя летуценні пра далёкую волю, свабоднае жыццё. Як герой «У капцюрох ГПУ» спадзяваўся на амністыю ў гонар N-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, так і герой «Унжлага» жыве тымі спадзеўкамі. Шырэй жа — усе згаданыя творы гучаць сёння годнымі і мужнымі абвінавачваннямі нялюдскай эпосе ўсеўладдзя.