3 снежня адышоў на вечны спачын шматгадовы старшыня Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНіМ) доктар Вітаўт Кіпель, навуковец, доктар мінералогіі, даследчык і дзеяч беларускай эміграцыі ў Нямеччыне, Бельгіі і ЗША. Яму было 95 гадоў.
Няспынная навуковая, даследчыцкая і грамадская дзейнасць спадара Вітаўта Кіпеля стварыла каласальны ўнёсак у беларускую культуру, а беларускае навуковае эміграцыязнаўства, пачынальнікам якога ён па праве лічыцца, немагчыма ўявіць без яго культавых кніг: манаграфіі «Беларусы ў ЗША» і складзенай у суаўтарстве разам з жонкай Зорай Кіпель фундаментальнай «Бібліяграфіі беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе».
Многія людзі ў Беларусі і за яе межамі знайшлі свой шлях да Беларушчыны ці зрабілі даследаванне Беларусі і яе культуры справай свайго жыцця дзякуючы грунтоўнаму даробку і заўсёднай падтрымцы парадамі і імпэтам ад спадара Вітаўта Кіпеля.
Мы смуткуем і выказваем шчырыя спачуванні сваякам, блізкім спадара Вітаўта Кіпеля, а таксама ўсім, хто яго ведаў, натхняўся яго працамі і падыходам да справы.
Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“