17–19 сакавіка – у Любліне адбудзецца спектакль «Найпрыгажэйшы Усход… Фатаграфічная памяць». У галоўнай ролі — беларускі фатограф Зміцер Вайноўскі

Сцэна са спектаклю. Фота: lublin.eu

Спектакль, адпраўной кропкай якога сталі фотаздымкі пратэстаў 2020-га, нарадзіўся ў супрацы беларускіх мастакоў і артыстаў з тэатральнымі дзеячамі і актывістамі з Любліна.

Так, галоўную ролю ў новым праекце люблінскага рэжысёра Паўла Пасіні «Найпрыгажэйшы Усход… Фатаграфічная памяць» будзе выконваць беларускі фатограф Зміцер Вайноўскі.

У 2020-м Зміцер Вайноўскі аказаўся ў самым віры падзей: ён фатаграфаваў пратэсты, а таксама рабіў здымкі рэпетыцый Вольных Купалаўцаў, у той час калі незалежная трупа працавала ў падполлі над «Тутэйшымі» ў Мінску. Потым — творца зноў здымаў на маршах, а потым — здарылася затрыманне, і фатографу прысудзілі 13 содняў па «народным» артыкуле 23.34 КаАП. Пасля адбыцця тэрміну Зміцер быў вымушаны ўцячы з Беларусі.

Гісторыя фотаздымкаў Змітра Вайноўскага і яго асабісты досвед — тое, што лягло ў аснову пастаноўкі польскага рэжысёра.

Але спектакль, падкрэсліваецца ў анатацыі, гэта не толькі адлюстраванне падзей 2020-га, непасрэдным удзельнікам якіх стаў Зміцер. «Таксама гэта гісторыя пра вельмі цяжкія і балючыя перажыванні і спроба прапрацаваць перажытую траўму, — адзначаецца пра тэатральны твор. — Са сцэны мы пачуем і ўласныя аповеды Змітра пра тое, што ён перажыў падчас уцёкаў і знаходжання ў Любліне. Сур’ёзнасць спектакля неяк парушыць дасціпны погляд на наш горад […]. Пастаноўка Паўла Пасіні дапамагае зразумець, як выглядае свет чалавека, які страціў усё: дом, сяброў і працу…».

Досвед Змітра Вайноўскага нечакана атрымаў рэзананс з другой часткай слыннай паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды». (Нагадаем, што спектакль паводле твора толькі нядаўна адыгралі Вольныя Купалаўцы на сцэне Цэнтра культуры ў Любліне).

Падчас пастаноўкі «Найпрыгажэйшы Усход… Фатаграфічная памяць» будзе гучаць жывая музыка, якая «стане ніткай, што злучыць тое, што адбывацца на сцэне, і ў залі».

Спектакль — на беларускай мове з польскімі і англійскімі субтытрамі.

Час — 17, 18, 19 сакавіка. Месца — Цэнтр культуры ў Любліне. Пачатак — а 19.00.

Набыць квіткі можна тут.

Reform.by