
Дзеяньне «спэцыяльных мер» у дачыненьні да прадукцыі шэрагу эўрапейскіх вытворцаў падоўжанае да 31 сьнежня 2027 году.
Урад Беларусі прадоўжыў яшчэ на два гады забарону на імпарт тавараў кампаній, якія адмовіліся ад спонсарства чэмпіяната сьвету па хакеі ў 2021 годзе. Пастанову Савету міністраў з гэтым палажэньне апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 29 сьнежня.
Контрасанкцыі, першапачаткова ўведзеныя на паўгода 23 красавіка 2021 году, падаўжаліся з тае пары ўжо шэсьць разоў.
Да канца 2027 году ў Беларусі забаронены гандаль таварамі груп кампаній Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf (гандлёвыя маркі Nivea, Eucerin, La Prairie, Labello, Hansaplast, Florena, 8×4, Skin Stories, Gammon, Tesa, Chaul, Coppertone, Hidrofugal, Stop the water while using me).
«Спэцыяльныя меры» супраць вышэйзгаданых кампаній улады ў Менску ўвялі «для забесьпячэньня абароны нацыянальных інтарэсаў, з улікам недружалюбных дзеяньняў у дачыненьні да беларускага народу».
Пачалося ўсё з таго, што названыя кампаніі заявілі, што ня будуць спансаваць чэмпіянат сьвету па хакеі 2021 году, які плянавалася правесьці ў Менску і Рызе, калі Беларусь застанецца бокам, які яго прымае. У выніку ўсім турнірам займалася Латвія.
Заходнія краіны ўвялі ў дачыненьні да Беларусі шмат санкцый, у тым ліку эканамічных. Абмежавальныя захады ўводзіліся за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае падаўленьне распачатых пасьля іх пратэстаў, прымусовую пасадку самалёта Ryanair, штучна створаны мігранцкі крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ, дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
