У сталіцы Брытаніі Караліна Мацкевіч жыве больш як 30 гадоў. У Лондан яна прыехала па запрашэнні айца Аляксандра Надсана ўвосень 1992-га і з тае пары ніколі не губляла сувязі з беларускай супольнасцю. Трымалася дыяспары і тады, калі пісала дысертацыю па біблейскай крытыцы на сусветна вядомай кафедры ў Шэлфідскім універсітэце. І калі выкладала ў Гітрапскім каледжы біблеістыкі Лонданскага ўніверсітэта старажытна-габрэўскую і старажытна-грэцкую мовы.
Пры Скарынаўскай бібліятэцы Караліна Мацкевіч ладзіла Купаллі, вяла беларускую школку, а неўзабаве стала адной з апякунак гэтага легендарнага асяродка, у кніжных сховішчах якога захоўваецца Статут ВКЛ, фрагменты Бібліі Францыска Скарыны і безліч іншых літаратурных артэфактаў, піша «Радыё Ўнэт».
− Бібліятэка знаходзіцца на поўначы Лондана. Побач тут будынкі беларускай каталіцкай місіі, царква св. Кірылы Тураўскага, а ўсё разам гэта складае так званую «беларускую вёску». Беларуская прысутнасць сталая тут больш за 70 гадоў. На маіх вачах адбывалася змена пакаленняў, гэта быў цікавы час. Старая эміграцыя паціху адыходзіла, і на нас ляжала вельмі вялікая адказнасць за пераемнасць. Прадстаўнікі старэйшага пакалення часта глядзелі на нас з недаверам − мы былі маладымі людзьмі, якія прыехалі з савецкай Беларусі. Нам трэба было зарабіць права на іх давер, зарабіць права на ўдзел у арганізацыях, якія былі створаны ў 1948-1949-ых. Гэта заняло гады. Я вельмі спадзяюся, што цяпер мы з годнасцю нясем гэтую адказнасць.
− Як увогуле атрымалася, што вы прыехалі ў Лондан?
− Напрыканцы 80-х я захапілася ідэяй нацыянальнага беларускага адраджэння, далучылася да суполкі «Талака», перайшла на беларускую мову. Гэта і перадвызначыла мой лёс. Разам з людзьмі, натхнёнымі ідэяй уніяцкай царквы, пачала займацца выдавецкай дзейнасцю. Наш часопіс «Унія» на свой час быў унікальным, але рабілі мы яго без асаблівай спецыяльнай адукацыі.
– Так склалася, што выданне прыцягнула ўвагу айца Аляксандра Надсана, які і прапанаваў нам прыехаць у Брытанію. Меркавалася, што мы будзем вывучаць багаслоўе, тэалогію, а потым вернемся ў Беларусь і, магчыма, нават адкрыем там кафедру. Але лёс склаўся інакш. Я выйшла замуж, у мяне нарадзіліся дзеткі. Спачатку я працягвала навуку ў Парыжы, потым вярнулася ў Брытанію, абараніла дактарат, але ўвесь гэты час трымала сувязь з беларускім жыццём. Мне было вельмі важна захоўваць сувязь з бібліятэкай, з айцом Аляксандрам, з беларускімі асяродкамі.
− Пачатак 90-х гадоў, вы прыязджаеце ў Лондан. Памятаеце гэты дзень?
− Было такое яркае сонца! У мяне потым нават з’явілася свая тэорыя − магчыма, праз іншы ўзровень вільготнасці ў паветры тут і сапраўды ярчэйшае святло. А яшчэ я памятаю, як пайшла ў суперамаркет і не магла нічога сабе купіць − разгубілася ад стракатасці. І ўсё ж больш за ўсё ўразіла бібліятэка, айцец Аляксандр, штодзённыя ранішнія службы. Гэта быў культурны шок. А яшчэ былі заняткі ва ўніверсітэце. Мы прыехалі сюды без добрай ангельскай мовы і адразу мусілі наведваць лекцыі, з якіх амаль што нічога не разумелі. Спачатку хадзілі толькі да выкладчыкаў з Гішпаніі і Італіі, а астатнія заняткі з брытанскімі лектарамі перанеслі на наступны семестр.
− А Лондан сёння? Які гэта дыялог з горадам?
− Я вельмі люблю гэты горад. Асабліва пасля таго, як 7 гадоў пажыла ў Самерсэце на захадзе Ангельшчыны. Гэта такая моўнаэтнічная супольнасць, дзе людзі амаль што не падарожнічаюаць і не мігруюць. У мяне было адчуванне, што я была там адзінай замежніцай, якую ўсе пазнавалі па акцэнце. Я вельмі палюбіла той ландшафт, мы жылі ў гарах над морам. Але касмапалітнай культуры мне вельмі не ставала, і калі ў рэшце дзеці пачалі падрастаць, я зразумела, што мне трэба вяртацца ў горад. Памятаю, як прыемна было пачуць розныя мовы на вуліцах. Гэтая шматкультурнасць вельмі натхняе. Жанчыны ў сары і пакістанскіх адзеннях, японцы, якія вяртаюцца з працы позна ўвечары… За адну паездку ў горад ты можаш пачуць 10-15 моваў, і гэта фантастычна! Увесь свет перад табой у адно імгненне.
− Усё сваё жыццё вы працуеце з кнігамі. Што б вы параілі прачытаць брытанцам, каб яны змаглі лепш зразумець нас, беларусаў?
− З гэтым вельмі вялікая праблема. Вельмі мала перакладзена з таго, што магло б распавесці пра нас брытанскаму чытачу. Сярэдні ангелец даведаўся пра Беларусь у 2020 годзе, і для іх нашая краіна атаясамліваецца толькі з падзеямі апошніх гадоў. Вядома, перакладзеная Святлана Алексіевіч. Пасля Нобелеўскай прэміі яе творы сталі тут больш вядомыя. Але хацелася б, каб пра нас ведалі не толькі з перспектывы апошняга бастыёну савецкага светапогляду. Трэба перакладаць нашых філосафаў, нашых літаратараў, нашых гісторыкаў. Пры Скарынаўскай бібліятэцы цяпер адкрылася выдавецтва, і мы вельмі спадзяемся, што адным з накірункаў яго дзейнасці будзе якраз пераклад.
Поўную размову пра жыццё беларускай дыяспары ў Лондане, унікальныя экспанаты Скарынаўскай бібліятэкі і многае іншае слухайце ў плэеры ніжэй: