
Ад 3 да максімум 40 беларускіх рублёў у месяц – такі заробак атрымліваюць палітвязні за кратамі за працу на так званай “промцы”. Пра гэта „Радыё Рацыя“ распавялі палітвязні, якіх вызвалілі 13 снежня і вывезлі з Беларусі спачатку ва Украіну, а пасля ў Літву.
Асноўная працай, якой займаюцца палітвязні, – гэта шыццё, дрэваапрацоўка, работа з гумай і дратамі.
Праваабаронца Уладзімір Лабковіч таксама працаваў шаўцом у калоніі, але ён зазначыў, што праца на “промцы” – гэта не самы горшы ўспамін:
– Людзей там моцна не тузаюць, адміністрацыя за табой не сочыць. У 17-й калоніі вельмі любяць сваю прамзону, і яны вельмі любяць з людзей максімальна выціскаць нормы. Увогуле сістэма пабудавана адмыслова, каб яны атрымалі бясплатную працоўную сілу. І людзі працуюць, бо «промка» не самае горшае месца ў гэтай установе. Там хаця б нейкая магчымасць камунікаваць з людзьмі, працаваць.
Паводле Ганны Курыс, промзона ў мужчынскіх і жаночых калоніях – кардынальна розныя рэчы:
– У нас прамзона заключалася ў тым, што мы падмяталі лужыны, выціралі іх анучамі. Часам нават супрацоўнікі падыходзілі і пыталіся: а што вы тут увогуле робіце, навошта вы гэтую лужыну выціраеце, калі яна неўзабаве сама высахне на сонцы? Але «завхоз» калоніі лічыла, што трэба ўсё прыбіраць вельмі старанна. Часам адміністрацыя сама не разумела, навошта гэта рабіць, але даводзілася гэта рабіць.
Паводле палітвязняў, за тыя грошы, якія яны атрымліваюць за працу, можна “атаварвацца” ў краме калоніі, але на іх мала чаго можна набыць. Таму асноўную падтрымку яны мелі ад родных. А вось тым, у каго няма такой падтрымкі, даводзіцца вельмі цяжка.
