Пасьля ўзмацненьня ўдараў Расеі па Ўкраіне ў Беларусь зноў пачалі залятаць расейскія дроны

Такімі дронамі расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 1 студзеня 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія войскі з 1 студзеня 2026 году штодня выкарыстоўваюць супраць Украіны ў сярэднім па 100 дронаў і ўсё часьцей дапаўняюць іх ракетнымі ўдарамі.

Згодна з паведамленьнямі апэратыўнага камандаваньня Паветраных войскаў Украіны і ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, якія адсочваюць рух бесьпілётнікаў, за першыя два тыдні 2026 году сама меней шэсьць расейскіх дронаў заляцелі на тэрыторыю Беларусі пасьля ўзьдзеяньня на іх сродкамі радыёэлектроннай барацьбы Ўкраіны.

У прыватнасьці, у ноч на 1 студзеня на тэрыторыю Беларусі завярнулі сама меней два расейскія дроны — па адным з Чарнігаўскай і Ровенскай вобласьцяў.

3 студзеня адзін бесьпілётнік праляцеў праз пасёлак Любеч Чарнігаўскай вобласьці ў беларускім кірунку.

5 студзеня, калі расейскія войскі атакавалі энэргетычную інфраструктуру Славуціча, гораду-спадарожніка Чарнобыльскай АЭС, таксама адзін зьняшкоджаны дрон вылецеў у бок Беларусі.

У ноч на 13 студзеня і ў той жа дзень з Чарнігаўшчыны ў Беларусь заляцелі сама меней два дроны, адзін зь іх — з Ганчароўскага, ў кірунку Камарына Гомельскай вобласьці.

Пасьля аднаўленьня ўдараў Расеі па Ровенскай і Жытомірскай вобласьцях ува ўкраінскім сэгмэнце інтэрнэту шмат пісалі, што дроны заляцелі зь беларускай тэрыторыі, але Ўзброеныя сілы Украіны зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю. Тады маршрут дронаў пралягаў праз поўнач Чарнігаўскай і Кіеўскай вобласьцяў, куды яны трапілі з Бранскай вобласьці Расеі.

12 студзеня Аляксандар Лукашэнка прызнаў праблемы з рэагаваньнем у Беларусі на дроны з Расеі і Ўкраіны.

«Мы заўсёды знаходзіліся ў вельмі сур’ёзнай сытуацыі. Сёньня, на жаль, тэндэнцыі да таго, што спакайней ня робіцца. Паглядзеўшы на мапу, мы бачым, што мы практычна аточаныя вайсковымі падразьдзеламі з усіх бакоў. Адзінае вакно на ўсходзе з Расейскай Фэдэрацыяй, дзе ў нас крыху лягчэй», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Але я не сказаў бы, асабліва ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Ўкраіне, калі невядома адкуль і незразумела адкуль могуць заляцець на тваю тэрыторыю бесьпілётнікі. Скажам шчыра, і мы не навучыліся яшчэ на 100% рэагаваць на ўсе гэтыя залёты і не навучыліся іх на 100% зьнішчаць. Ня ведаю, ці магчымыя гэты 100%. Але да гэтага трэба нам імкнуцца», — сказаў Лукашэнка.

Летась ініцыятыва былых сілавікоў BelPol паведаміла, што пачынаючы з 2025 году на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці зафіксавана 42 выпадкі падзеньня БПЛА, а таксама іх частак. Тры зь іх былі абсталяваныя выбуховымі рэчывамі: адзін дрон здэтанаваў пры падзеньні, два зьняшкодзілі сапэры шляхам кантраляванага падрыву.

svaboda.org