Вось ужо больш як год − а калі дакладна, то год і чатыры месяцы − у Беларускім моладзевым хабе можна далучыцца да ініцыятывы «Напішы ліст палітвязню». Кожную сераду на плошчы Канстытуцыі, 6 збіраюцца самыя розныя людзі. Гэта і родныя арыштаваных, і тыя, у каго сядзяць сябры, і проста нераўнадушныя беларусы, якія за час існавання праекта напісалі ўжо амаль дзве з паловай тысячы лістоў, піша «Радыё Ўнэт».
− Ёсць людзі, якія прыходзяць стала, пішуць шмат лістоў. Трэба разумець, што гэта валанцёрская дзейнасць, у якой не бывае імгненнага вырашэння праблемы. Але мы робім усё магчымае − распавядае мадрэатар інцыятывы Алесь.
−У людзей ёсць запатрабаванне быць салідарнымі, і ліст − гэта часам адзіная магчымасць дапамагчы, − дадае арганізатарка праекта Алена.
− Гарантыі, што ліст дойдзе, няма…
− Што не мусіць нас спыняць, бо лісты − гэта яшчэ і ціск на адмінстрацыю. Яны разумеюць, што людзі не забылі, і таму мы працягваем пісаць. Увогуле, усё залежыць ад адміністрацыі канкрэтнай калоніі. Мы ведаем, што нашыя лісты з Польшчы людзям перадаюць. А быў нават выпадак ліставання з Беларусі ў Польшчу.
У Беларускім моладзевым хабе яны сустракаюцца амаль кожную сераду − за выключэннем нейкіх асаблівых дат або абставін. Людзі прыходзяць сюды пасля працы, заняткаў. Часамі гэта каля дзясятка чалавек, часамі значна больш − тады з невялічкага пакойчыку яны спускаюцца ў вялікую залу Хаба. Сустрэча доўжыцца дзве гадзіны. У сярэднім за ініцыятву людзі пішуць ад 40 да 60 лістоў.
− Я за сёння напісала ўжо чатыры лісты, − кажа адна з удзельніц сустрэчы, − гэта ўжо пяты. Незнаёмая мне дзяўчына. Напішу ёй пра вясну. Таксама намалявала на картцы сонейка, а на адваротным баку пакінула абрыс сваёй рукі. Мяне гэтаму навучыў Сяргей Ціханоўскі, з якім мы ліставаліся.
− Чаму прыходзіце сюды?
− Гэта найменшае, што я магу зрабіць для палітзняволеных. Я з’ехала з Беларусі толькі сёлета, а да гэтага даволі актыўна ліставалася дома. На пошце нават сказалі, што мной ужо цікавяцца. Але я лічыла і лічу гэта сваім абавязкам.
Да кожнай сустрэчы мадэратары спампоўваюць спіс зняволеных у пэўнай установе − каб на адзін адрас прыходзіў цэлы пачак лістоў. Пасля, распавядаюць Алена і Алесь, яны падпісваюць канверты − каб людзі не вагаліся з выбрам адрасатаў, а проста бралі ліст і рандомна пісалі чалавеку.
− Першы час людзі прыходзілі і казалі, што хочуць напісаць, напрыклад, Алесю Бяляцкаму. Але мы стараемся, каб ніхто не быў абдзелены ўвагай. Каб вязні, пра якіх не пішуць у СМІ, таксама атрымлівалі лісты. Сёння, напрыклад, мы пішам у папраўчую калонію №16 у Магілёў, дзе сядзяць у асноўным мужчыны.
Пра што пісаць? «Пра самыя звычайныя рэчы», − раяць стваральнікі ініцыятвы. У ліст можна ўкласці, напрыклад, чыстую размалёўку (іх таксама друкуюць да кожнай сустрэчы). Абавязкова дасылаюць у Беларусь і чысты канверт з маркай − каб у чалавека была магчымасць напісаць адказ. Зваротны адрас − Варшава, плошча Канстытуцыі, 6.
− Якія выдаткі на ініцыятву?
− Марка − 8 злотых, канверты таксама каштуюць грошы, у нас вялікія аб’ёмы. Усё закупаецца за сродкі беларусаў, якія нам дапамагаюць. У Хабе ёсць скрыня для данатаў, на акцыях беларусаў Варшавы людзі таксама збіраюць сродкі на нашую ініцыятву. Можна нам дапамагчы і аналайн па спасылцы на сайце byhub.org.
Матэрыял цалкам у плэеры ніжэй: