
28 студзеня Каардынацыйная Рада правяла сітуацыйныя слуханні па справе Васіля Верамейчыка. Аднак у цэнтры ўвагі апынулася сітуацыя вакол дзейнасці штаба Палка Калінкоўскага.
Удзельнік сустрэчы, спікер КР Арцём Брухан адзначыў, што сярод вынікаў слуханняў была агучана прапанова абмену Васіля Верамейчыка і Дзяніса Івашына на выяўленую беларускую шпіёнку ва Украіне:
– Спадзяюся, што вынікам гэтых слуханняў будзе нейкі дакумент, дзе будзе зафіксавана прапанова, якая была агучана. Мне падаецца, што яна цалкам рэалістычная. Найбольш рэалістычная, найбольш канструктыўная. Магчыма гэта стане рэкаментацыя як нам хутчэй рэагаваць на падобныя сітуацыі, калі неважна – добраахвотнік, не добраахвотнік, проста не можа легалізавацца, не можа ўехаць на тэрыторыю той ці іншай краіны, як дапамагчы, рэагаваць, то бок, перавесці гэта ўсё ў такое канструктыўнае рэчышча.
Васіль Верамейчык — сябра Каардынацыйнай Рады і былы ўдзельнік Палка Калінкоўскага. Ён быў затрыманы ў В’етнаме ў лістападзе 2024 года, экстрадзіраваны ў Беларусь і зараз знаходзіцца пад крымінальным пераследам, асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі.
Слуханні даступныя для публічнай трансляцыі на YouTube-канале КР: Слуханьні Каардынацыйнай Рады па справе Васіля Верамейчыка | 28.01.2026

