Як узяць шлюб без даведак з Беларусі і развесціся ды не страціць ВНЖ у Польшчы? Распавядае юрыстка

Жаніх надзявае пярсцёнак нявесце. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

Якія перашкоды сёння стаяць перад беларусамі, якія хочуць ажаніцца за мяжой? У чым перавага Польшчы перад Грузіяй ці штатам Юта ў ЗША, дзе можна распісацца хутка і проста? Як развесціся і захаваць свой міграцыйны статус? На гэтыя і іншыя пытанні «Белсату» адказала юрыстка, заснавальніца ініцыятывы «Партызанка» Ганна Маціеўская падчас вэбінару, прысвечанаму правам беларусак у эміграцыі. 

Дарога ў ЗАГС – праз суд

Каб узяць шлюб у Польшчы, беларусы павінны паказаць у мясцовым загсе дакумент аб тым, што яны не маюць для гэтага перашкодаў. Раней гэта была даведка з беларускага загсу, з 2025 года – зацверджаная ў натарыуса заява аб адсутнасці такіх перашкодаў. Таксама патрэбная даведка з беларускай амбасады аб тым, што, паводле права краіны, няма перашкодаў для шлюбу.

Патрэба падання гэтых дакументаў часта робіцца сур’ёзнай праблемаю для беларусаў, якія хочуць узяць шлюб і не могуць паехаць у Беларусь ці пайсці ў амбасаду за такімі даведкамі. У такіх выпадках можа дапамагчы судовы дазвол, супакойвае Ганна Маціеўская

«Суд можа вызваліць чалавека ад неабходнасці падаваць тыя дакументы, якіх ён не можа атрымаць. Гэта найперш даведка з беларускага загсу аб сямейным статусе і даведка з беларускай амбасады, што паводле права краіны няма перашкодаў для шлюбу». 

Заяву трэба падаваць у раённы суд (sąd rejonowy) па адрасе пражывання ў сямейнае аддзяленне (wydział rodzinny i nieletnich). За яе трэба будзе заплаціць 100 злотых. Падаць заяву павінен кожны з будучых сужэнцаў, які мае патрэбу ў вызваленні ад неабходнасці падання дакументаў.

Разам з заяваю трэба прыкласці тлумачэнне, чаму вы лічыце, што польскі суд павінен вас вызваліць ад патрабавання падаваць дакументы з Беларусі.

«Тым, хто мае міжнародную абарону, дастаткова паказаць дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць статусу – копію пастановы, што вам нададзеная абарона разам з картай побыту, і кароткае тлумачэнне, што, паколькі ў вас ёсць абарона, вам небяспечна ехаць у Беларусь і вы не можаце звяртацца да органаў улады, у амбасаду. Не трэба распісваць, якія былі супраць вас рэпрэсіі, якія могуць пагражаць, бо законны орган у Польшчы ўжо ацаніў вашыя рызыкі вяртання ў краіну і пастанавіў, што вам небяспечна вяртацца», – тлумачыць юрыстка. 

Людзі ідуць па цэнтры Варшавы, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Як прыспешыць судовы разгляд?

Калі дазвол на жыхарства ў Польшчы паводле працы ці навучання, трэба больш дэталёва растлумачыць сітуацыю, бо міграцыйны статус у такім выпадку не паказвае, ці ёсць у дачыненні вас рызыкі рэпрэсіяў. 

«Ёсць некалькі варыянтаў, як можна развязаць гэтую сітуацыю. Ідэальна – паказаць пацверджанне рэпрэсіяў. Магчыма, у вас засталіся адміністратыўныя пратаколы і т.п. Але вам трэба будзе самастойна перакласці гэтыя дакументы на польскую мову. Калі пацверджанняў няма, можна падаць даведкі аб сітуацыі ў краіне ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ці хадайніцтва, датычнае канкрэтна вас, што вам небяспечна вяртацца ў Беларусь», – распавядае Маціеўская. 

Пасля атрымання судовай пастановы яе трэба падаць у польскі загс.

Судовы разгляд можа заняць час. Са словаў заснавальніцы «Партызанкі», дакладна не варта разлічваць на тэрмін, меншы, чым паўгода. У пэўных выпадках, напрыклад, у сітуацыі цяжарнасці, можна папрасіць суд разгледзець вашую справу хутчэй. У заяве тады трэба растлумачыць, што вы хацелі б зарэгістраваць вашыя стасункі да нараджэння дзіцяці, і прыкласці медычныя дакументы, што пацвярджаюць стан.

У чым перавагі Польшчы перад Грузіяй ці Ютай? 

Неабходнасць доўгага чакання часам штурхае беларусаў шукаць іншыя краіны для афармлення сваіх стасункаў. Самыя папулярныя – Грузія, Данія і штат Юта ў ЗША. Працэдуры рэгістрацыі шлюбу там вельмі простыя. Аднак Ганна Маціеўская звяртае ўвагу на асаблівасці кожнага з гэтых варыянтаў: 

«Што датычыць Грузіі, то не для ўсіх беларусаў на сёння бяспечна туды ехаць. Але для тых, хто ацэньвае свае рызыкі як нізкія, ёсць свае перавагі: прастата афармлення шлюбу, можна добра правесці час. У Даніі вы падпісваеце ў натарыуса волевыяўленне, што можаце ўступаць у законны шлюб, там не патрэбныя даведкі з Беларусі. Мінус тут у тым, што давядзецца патраціцца, бо трэба будзе заплаціць не толькі за паездку, але і за працу натарыуса і дзяржмыта». 

Найбольш цікавы з гэтых варыянтаў – штат Юта ў ЗША, хоць «ходзяць чуткі, што яго могуць абмежаваць». Самая галоўная яго перавага – магчымасць заключэння шлюбу онлайн і невялікія дзяржмыты. Усе дакументы высылаюцца па пошце.

«Ведаю выпадкі, калі амерыканскі бок прымаў нават пасведчанні прасіцеляў уцекачоў, бо не было іншых дакументаў», – зазначае юрыстка.

Аднак пры ўсёй прыцягальнасці гэтых шляхоў заключэння шлюбу, Маціеўская звяртае ўвагу на тое, у чым Польшча можа быць значна прывабней. Справа ў тым, што ўсе замежныя акты патрабуюць у Польшчы пацверджання – працэдуры umiejscowieniа, у выніку якой вам выдадуць польскі эквівалент вашага замежнага акту. Вам давядзецца выдаткаваць на гэта час і рэсурсы.

Наступная праблема можа здарыцца, калі вы раптам згубіце вашае пасведчанне аб шлюбе. У Польшчы можна браць копію (odpis) колькі заўгодна разоў. За копіяй замежнага пасведчання давядзецца звяртацца ў тую краіну, дзе шлюб быў заключаны. Гэта зноў дадатковыя выдаткі, час, можа спатрэбіцца дапамога пасярэднікаў ці юрыстаў. 

Копія скарочанага пасведчання аб шлюбе. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Arkadiusz Ziolek / East News

Шлюбная дамова – калі патрэбная? 

Пры заключэнні шлюбу ў Польшчы ёсць магчымасць скласці шлюбную дамову. Ганна Маціеўская раіць яе ў выпадках, калі ў аднаго ці абодвух сужэнцаў ёсць бізнес, з якім могуць быць звязаныя рызыкі спагнанняў, судовых справаў, блакавання рахункаў. 

Калі ўласнасць агульная (а яна такая па змаўчанні, калі не была падпісаная дамова), у сітуацыі пытанняў ад падаткавай і іншых органаў, рахункі блакуюцца і ўласніку бізнесу, і сужэнцу.

Таксама, паводле юрысткі, заключаць шлюбную дамову ёсць сэнс у выпадку вялікай розніцы ў даходах, каб іх выраўняць, ці з мэтай атрымання крэдыту.

Развод: магчымы, але ёсць нюансы 

Развод таксама можна аформіць на тэрыторыі Польшчы, хоць ёсць пэўныя абмежаванні. Найперш, трэба памятаць, што ў гэтай краіне развод дае толькі суд. Няма магчымасці развесціся ў ЗАГСе, як у Беларусі.

Каб замежнікам далі развод, трэба, каб яны абодва як мінімум на момант падачы заявы пастаянна жылі ў Польшчы.

Магчымасць скасавання шлюбу для замежнікаў у Польшчы грунтуецца на двухбаковай дамове паміж Польшчай і Беларуссю аб грамадзянскіх узаемаадносінах, і яе частка – урэгуляванне сітуацыяў, звязаных з разводамі ці кантактамі з дзецьмі, тлумачыць Маціеўская.

Заява аб разводзе накіроўваецца ў акруговы суд, а не ў раённы, як у выпадку са шлюбам. Але аддзел той жа самы – сям’і і непаўналетніх. Пазоў накіроўваюць па адрасе адказчыка ў справе. 

«Калі няма дзяцей, ці калі ёсць дзіця, але няма канфліктаў паміж сужэнцам з гэтай ці іншых нагодаў, то рэальна развесціся нават цягам аднаго паседжання. Але ёсць нюансы. Рашэнні могуць розніцца ад суда да суда», – зазначае юрыстка. 

Пры разводзе трэба прадставіць у суд арыгінал пасведчання аб заключэнні шлюбу. Калі яно страчанае, можа ўзнікнуць праблема. Але ўсё можна растлумачыць у судзе. Пажадана, каб у вас былі хоць нейкія пацверджанні таго, што шлюб быў заключаны. Магчыма, ёсць копія пасведчання, ці можна выклікаць сведкаў. Асабліва важна ўказаць, калі ёсць статус міжнароднай абароны, і няма магчымасці атрымаць копію з беларускіх органаў.

Якія пытанні зададуць на судзе па скасаванні шлюбу? 

Маціеўская раіць спасылацца ў пазове на двухбаковую дамову паміж Польшчай і Беларуссю, а таксама прыкладаць пераклады на мову, знаёмую замежнікам, каб суд мог пераканацца, што вы разумееце, што напісана ў пазове.

«У суда могуць быць розныя падыходы: ён можа з дзяржсродкаў прызначыць пераклад, а можа і за кошт заяўніка. Ёсць беларускі, якія атрымалі рахунак на 4000 злотых за пераклад пазову. Гэта пры тым, што тут не патрабуецца натарыяльна завераны пераклад. Вам дастаткова прыкласці самастойна зроблены», – кажа экспертка.

Таксама можа быць па-рознаму з удзелам перакладчыкаў на паседжанні. Са словаў Маціеўскай, неабавязкова, каб перакладчык быў прысяжным з ліцэнзіяй. Можа быць так званы перакладчык ad hoc – любы беларус, які валодае дзвюма мовамі. Але пра гэта лепш папярэджваць суд загадзя. 

«Падчас паседжання суд будзе задаваць розныя пытанні. Яго будзе цікавіць ці скончыліся сувязі паміж вамі – эмацыйныя, побытавыя, сексуальныя. Могуць быць спрэчныя сітуацыі, калі вы ўжо не пара, але яшчэ жывяце разам, бо не можаце зараз раз’ехацца, напрыклад, праз кантракт на арэнду, цяжкую сітуацыю на рынку нерухомасці. Тады ў пазове трэба прапісаць, што вы карыстаецеся асобнымі ложкамі, паліцамі, не гатуеце адзін аднаму, кожны арганізуе свой побыт самастойна», – раіць юрыстка. 

Суд можа запытацца, ці спрабавалі вы самастойна ўрэгуляваць свае адносіны. Варта падкрэсліць, што спрабавалі, але зразумелі, што адносіны разваліліся. Калі вы былі ў тэрапіі, гэта таксама можна ўказаць. Гэта паказвае суду, што былі спробы захаваць шлюб. Суду важна пераканацца, што гэта не эмацыйнае аднаразовае рашэнне. 

Мясцовыя жыхары чакаюць аўтобус. Тбілісі, Грузія. 29 лютага 2024 года. Фота: Белсат

Ці можна страціць ВНЖ пасля разводу?

Часам людзі баяцца падаваць на развод, бо непакояцца аб тым, як гэта адаб’ецца на іхным міграцыйным статусе, ці не страцяць яны права на пражыванне ў Польшчы. Часта ў такой сітуацыі ахвярамі становяцца жанчыны, якія гатовыя трываць нават аб’юзіўныя адносіны.

Статус міжнароднай абароны захоўвае юрыдычную моц пасля разводу, нават калі яна была выдадзеныя сужэнцу, але ўключала чальцоў сям’і, зазначае Маціеўская:

«Ёсць сітуацыі, калі жанчыны знаходзяцца ва ўразлівым становішчы ў працэсе атрымання міжнароднай абароны. Напрыклад, калі адбываецца гвалт у сям’і, а дакументаў усё яшчэ няма. У такой сітуацыі, калі з боку сужэнца ёсць пагроза грамадскаму парадку (хуліганства, бойкі), яму могуць не выдаць рашэнне аб міжнароднай абароне, але жонка і дзеці такі статус атрымаюць. Закон прадугледжвае сітуацыю, што жанчына можа атрымаць абарону нават калі ў яе няма індывідуальных рэпрэсіяў, а сужэнцу не далі статус, бо ён прадстаўляе пагрозу для грамадзянскага парадку ў краіне». 

Акруговы суд у Варшаве, Польшча. 4 верасня 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Maciej Luczniewski / Reporter / East News

Дазвол на жыхарства, атрыманы па аб’яднанні сям’і, як правіла, страчвае моц пасля рашэння суду аб разводзе, хоць могуць быць выключэнні.

Калі ў вас ВНЖ па аб’яданні сям’і, у міграцыйныя органы варта паведаміць аб пачатку шлюбаразводнага працэсу, адзначае юрыстка. Падача заявы ў суд не азначае пазбаўлення вас легальнага статусу. Пакуль суд не выдаў рашэнне і яно не набыло законную моц, вы не маеце нейкіх рызыкаў, звязаных са стратай статусу.

«Можна падаць заяву аб наяўнасці важных прычынаў, важнага інтарэсу па вашым баку. Гэта можа быць інтэграцыя, час да падачы заявы на ВНЖ па працы. Магчыма, ёсць нейкія прычыны па здароўі, чаму вы не можаце выехаць у краіну паходжання. Але лепш, пакуль суд не прыняў рашэнне, знайсці такія падставы, якія потым дазволяць вам легальна знаходзіцца ў Польшчы і рыхтавацца да пераходу на іншыя статусы – ВНЖ па працы, напрыклад», – раіць Маціеўская.

Дазвол на жыхарства па працы, бізнесе ці навучанні не залежыць ад міграцыйнага статусу сужэнца, таму ў выпадку разводу з ім нічога не здарыцца.

Ганна Ганчар, belsat.eu