Бабарыка расказаў, як Васкрасенскі прапаноўваў заплаціць яму 10 мільёнаў — і выйсці на свабоду

Віктар Бабарыка (злева) і Юрый Васкрасенскі. Фота: «Наша Ніва»

ТОКу Былы банкір і прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка расказаў «Нашай Ніве» пра сустрэчы ў зняволенні з Юрыем Васкрасенскім і Раманам Пратасевічам.

На пытанне, ці сапраўды падчас зняволення яму прапаноўвалі пакаяцца, прызнаць перамогу Лукашэнкі і выехаць за мяжу, Віктар Бабарыка адказаў:

«Са мной на гэтую тэму нейкія дзіўныя размовы вялі ўсяго толькі два чалавекі. Гэта незабыўны Васкрасенскі і яшчэ менш забыўны Пратасевіч».

Сустрэча з першым адбылася, па ўспамінах Бабарыкі, у 2021 годзе.

«З нейкім вельмі дзіўным пасылам ні пра што ён прыйшоў. Кажа: можа, хто-небудзь заплаціць за вас мільёнаў дзесяць — і вас выпусцяць».

Я моцна здзівіўся і кажу: «А чаму дзесяць? І хто гэта павінен заплаціць?»

Як адзначае былы банкір, прапанова выглядала для яго даволі незразумелай.

Што тычыцца сустрэчы з Раманам Пратасевічам, то, як расказвае палітык, той

«спачатку прыйшоў і безнадзейна сказаў: «Ну, я, канечне, павінен сказаць, што, можа быць, ёсць акно магчымасцяў. Але я моцна не веру ў неабходнасць гэтага».

Бабарыка згадвае, што на гэта ён кіўнуў, заўважыўшы: «Напэўна, вы маеце рацыю».

«Вось, уласна, дзве такія дзіўныя размовы. Адна ў 2021-м, другая ў 2024 годзе адбыліся. Першая аказалася без наступстваў, другая — з пазітыўнымі і з негатыўнымі наступствамі», — падсумоўвае ён.

nashaniva.com