31 сакавіка – LAZARET: персанальная выстава Цемры ў Варшаве

У пятніцу 31 сакавіка а 19:00 у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве па адрасе Foksal, 11 адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы «LAZARET» беларускай мастачкі Цемры.

У сценах LAZARETа будзе паказана калекцыя карцін і арт-аб’ектаў, створаных за апошнія тры гады ў трох краінах: Беларусі, Украіне і Польшчы. Ад масіўнага жалобнага вэлюму 6×6 метраў з малюнкам дроту, да карцін, якія спалучаюць скульптуру і жывапіс. Некаторыя з прац, паказаных на выставе, эвакуяваныя з Кіева ў пачатку вайны.

Творы мастачкі — візуальнае даследаванне траўмы, дзе бінты замяняюць палатно. Бінт як сімвал спагады і эмпатыя людзей адзін да аднаго. Гэты жэст паказвае важнасць спачування і падтрымкі, падкрэсліваючы каштоўнасць гэтых якасцяў у працэсе лекавання.

У выстаўной прасторы, апісанай як лазарэт, мастацтва можа стаць снадзівам узаемадапамогі. Як і ў лазарэце, дзе людзі атрымоўваюць дапамогу і падтрымку ад медычнага персаналу, наведнікі выставы праз працы Цемры могуць выявіць новы ровень разумення і адчування культурнай траўмы і яе наступствы, прэпараваць свае пачуцці.

*Выстава будзе суправаджацца арыгінальным тэкстам культуролага, журналіста і педагога Максіма Жбанкова. На адкрыцці выступіць Руся, вакалістка гурта «Shuma».

Музей Вольнай Беларусі Варшава, Foksal 11

Час працы аў-пт 16-20. сб-нд 12-20 Панядзелак — выходны

Выстава працуе да 16 красавіка ўлучна. 

Уваход вольны

budzma.org