
Улады ў Мінску анулююць пашпарты палітвязняў, якіх пасля вызвалення выслалі з Беларусі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Гаворка пра людзей, прымусова вывезеных за мяжу ў верасні і снежні 2025 года.
Адзін з былых палітвязняў (імя не называецца) паведаміў праваабаронцам, што ягоны пашпарт аказаўся несапраўдным пры праверцы дакумента праз базу на сайце МУС.
Паводле яго слоў, аналагічным чынам аб ануляванні сваіх пашпартоў даведаліся іншыя былыя вязні, высланыя ў верасні.
“Я думаю, такая сітуацыя абсалютна ва ўсіх, хто выехаў з дакументамі, а гэта каля 20-25 чалавек“, — сказаў мужчына.
Яго пашпарт быў дзейным да 2031 года.
Адзначаецца, што ануляваны пашпарт у блогера Дзмітрыя Казлова, якога вывезлі з краіны таксама ў верасні 2025-га. Дакумент дзейнічаў да 2032 года.
Паводе слоў юрыста “Вясны” Святланы Галаўнёвай, калі правяраеш статус дакумента на сайце МУС, пазначана толькі, што пашпарт несапраўдны, а на якой падставе, не ўдакладняецца.
“Усе магчымыя падставы прызнання пашпарта несапраўдным пералічаныя ў п. 8 указа “Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь” ад 3 чэрвеня 2008 года № 294. Сярод іх: адсутнасць абавязковых звестак, заканчэнне тэрміну, непрыдатнасць для выкарыстання, Заява аб страце, змяненне імя, смерць або рашэнне МУС або консульства. Рашэнне МУС або консульства прымаецца ў выпадку выдачы новага пашпарта, выяўлення ілжывых звестак пры афармленні або страты права на карыстанне пашпартам. Адзіная падстава страты права карыстання пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — гэта спыненне грамадзянства або скасаванне рашэння аб яго набыцці”, — сказала Галаўлёва.
Яна выказала здагадку, што пашпарты высланых палітвязняў прызнаныя несапраўднымі на падставе “непрыдатнасці для выкарыстання”.
“Такая фармулёўка звычайна выкарыстоўваецца, калі пашпарт прамок, парваўся або на ім сцерліся асабістыя дадзеныя. Напэўна, гэта крок для афармлення заднім лікам нявыдачы пашпартоў падчас дэпартацыі. Пашпарты — гэта бланкі строгай справаздачнасці, яны ляжаць у асабістых справах у калоніях, і з імі трэба нешта рабіць”, — адзначыла юрыст.
Такое “бюракратычнае дзеянне” ўладаў яна назвала “працягам пераследу, яшчэ адным крокам для стварэння ўмоў, калі немагчыма нармальна вярнуцца ў краіну”.
“Гэта можна расцэньваць як адміністрацыйны механізм замацавання ўладамі Беларусі адвольнай дэпартацыі сваіх грамадзян”, — падкрэсліла праваабаронца.
11 верасня 2025 года па выніках чарговых перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй ЗША быў вызвалены і вывезены з Беларусі 51 палітвязень. Яшчэ адзін, палітык Мікалай Статкевіч, адмовіўся пакідаць краіну, быў зноў затрыманы, вызвалены сёлета ў лютым пасля перанесенага ў няволі інсульту.
Летась 13 снежня выслана пасля вызвалення яшчэ 123 палітвязні.
Шэраг былых вязняў вывезеныя з Беларусі без пашпартоў. Пры вывазе за межы краіны ім выдалі толькі даведкі аб вызваленні.
Абнаўленне:
“Паводле наяўнай інфармацыі, усе, хто ўжо праверыў свой статус, бачаць, што іх дакументы прызнаныя несапраўднымі. Гэта яшчэ раз паказвае: гаворка не пра “гуманнасць“ або “жэсты добрай волі”, якія спрабуе дэманстраваць рэжым Лукашэнкі. Гэта працяг рэпрэсій — проста ў іншай форме і ўжо за межамі краіны”, — заявіла, каментуючы сітуацыю, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Зазулінская.
Сярод наступстваў дзеянняў уладаў яна згадала праблемы былых палітвязняў з легалізацыяй за мяжой, доступам да працы, жылля і базавых паслуг, а таксама “неабходнасць тэрмінова атрымліваць альтэрнатыўныя праязныя дакументы“, без якіх людзі абмежаваныя ў перамяшчэнні, асабліва пры выездзе за межы ЕС.
“Гэтае пытанне ўжо абмяркоўваецца і будзе падымацца, у тым ліку з амерыканскім бокам, а таксама з уладамі Літвы і Польшчы, — дадала палітык. — Неабходна тэрмінова выпрацоўваць рашэнні па выдачы альтэрнатыўных дакументаў, каб людзі не заставаліся ў прававым вакууме. Людзі, якія перажылі рэпрэсіі, не павінны сутыкацца з іх працягам ужо ў выгнанні”.
