Рыта Дакота ўпершыню распавяла, за што беларускія сілавікі схапілі яе маці ў 2022 годзе

Спявачка кажа, што ў хуткім часе пасля затрымання ў маці пачаліся праблемы са здароўем, прыйшлося рабіць складаную аперацыю.

Рыта Дакота з мамай Святланай Герасімовіч. Тут і далей фота з інстаграма артысткі

У 2020 годзе беларуская спявачка Рыта Дакота, якая ў той момант жыла і актыўна выступала ў Расіі, падтрымала пратэсты ў Беларусі і выпусціла песню «Уходи», якую адрасавала Лукашэнку.

Сама Дакота пасля гэтага трапіла ў чорны спіс артыстаў — выступаць на радзіме ёй больш не дазвалялі. А ў 2022 годзе ў адным з лукашысцкіх тэлеграм-каналаў з’явілася інфармацыя пра затрыманне Святланы Герасімовіч, маці Рыты.

Некалькі гадоў Рыта Дакота адмаўлялася адказваць на пытанні пра маці. Казала, што тая сама раскажа, што адбылося, калі палічыць патрэбным.

І вось цяпер артыстка нарэшце вырашыла расказаць, што тады здарылася. Па словах Дакоты, яна доўга маўчала, бо хвалявалася, што публічнасць пашкодзіць маці: «Баялася, што ад маёй агалоскі ёй стане толькі горш, што яе знойдуць і разлучаць нас на доўгія гады».

Дакота піша, што яе маці была настаўніцай у пачатковай школе:

«Будучы самым справядлівым, эмпатычным і неабыякавым чалавекам на гэтай зямлі, мая мама не змагла прайсці міма натоўпу сілавікоў, якія білі кірзавымі ботамі па галаве ляжачага юнака ў Мінску сярод белага дня. Мама крычала, што так нельга, спрабавала заклікаць да чалавечнасці. Зразумела, ніхто слухаць пенсіянерку не стаў, груба адмахнуўшыся ад яе».

Па словах Рыты, маці вярнулася дадому вельмі ўражаная тым, што пабачыла, — і напісала нейкі эмацыйны каментар у сацсетках: «За гэта ёй інкрымінавалі «публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў» і «кібербулінг».

Рыта кажа, што ў маці цудам атрымалася з’ехаць з Беларусі, бо яе павінны былі пасадзіць.

Пасля затрымання ў Святланы пачаліся моцныя праблемы са здароўем. Прыйшлося рабіць аперацыю, жанчына апынулася ў інвалідным вазку.

А чорная паласа ў жыцці Рыты не заканчвалася — у нейкі момант ёй забаранілі выступаць і на тэрыторыі Расіі (вайну ва Украіне яна не падтрымала).

Артыстка гэты час клапацілася пры маці. Страціла вялікую частку прыбытку праз забарону на канцэрты, паставіла на паўзу сваё жыццё і за год напісала толькі адну песню — «Я ў сябе ёсць».

Цяпер спявачка жыве ў ЗША.

nashaniva.com