Павел Вінаградаў: «Без расейцаў, украінцаў і сабак»

Вясна ў Вільні. Надпіс «Вільня для ўсіх» на мосце. Вільня, Літва. 28 сакавіка 2026 года.

Усім вітанні, спадарства! Працягваю свае агляды пра жыццё дэпартаванага эмігранта агулам і пра Літву ў прыватнасці. І сёння я маю цвёрды намер распавесці пра стаўленне тут, у Вільні, да тых, хто панаехаў.

Пакуль сядзеў сваю турму, я ўважліва вывучаў прапаганду. Заўсёды цікава было, што «гэтыя» кажуць. Адной з маіх улюбёных рубрык была «Што там у збеглых». А ў збеглых, само сабой, было ўсё дрэнна.

Не тое каб там пісалі суцэльную хлусню. Не. Праблемы сапраўды ёсць. Бывае, што паспяховыя ў Беларусі людзі ніяк не могуць сябе нармальна рэалізаваць за кардонам. Бывае, што пасля прэстыжнай працы на радзіме табе даводзіцца грузіць скрынкі або мыць прыбіральні. Ды і наогул бывае ўсякае.

Асабіста я ні ў перамяшчэнні скрынак, ні ў мыцці прыбіральняў не бачу нічога ганебнага. Асабліва калі альтэрнатывай ёсць праца ў дзяржаўнай структуры ў Беларусі.

Але пагаварыць хацеў бы не пра гэта, а пра тое, як жа ненавідзяць беларусаў у Еўропе і наколькі моцна тут б’юць за расейскую мову.

Я не буду распавядаць вам баек пра тое, што эмігрантаў тут носяць на руках. Не. Калі ты эмігрант, то ў 80 % выпадкаў табе трэба будзе ведаць, умець і старацца больш, чым мясцовыя, каб дасягнуць таго ж выніку.

Я не буду сцвярджаць, што ксенафобіі няма зусім. Напрыклад, асноўнай умовай сямейнай пары, у якой мы здымаем кватэру, было: «Ніякіх расейцаў, украінцаў і жывёлін». Пасля гэтага я пасмяяўся і адказаў: «Без праблемаў. Мы якраз беларусы». І ўсё ў нас зраслося.

Затое я вам раскажу, што за сем месяцаў жыцця тут мяне ніхто ні разу не папракнуў за няведанне мовы. Дастаткова вывучыць адну-адзіную фразу на літоўскай: «Атсіпрашу, аш не калба летувішкай» (шчыра спадзяюся, што мой чытач зразумее, што гэта значыць, нават не ведаючы літоўскай). Далей пералічыце мовы, якія вы ведаеце. У мяне гэта расейская, беларуская і англійская. З кім можна паразмаўляць па-беларуску, і так відаць, а вось з іншымі мовамі працуе наступны прынцып: калі чалавек старэйшы за цябе – ён ведае расейскую, калі маладзейшы – англійскую.

За апошнія сем месяцаў я два разы чуў, што камусьці навалялі люляў за расейскую мову. «Гэта жудасна і нецывілізавана!» – неадкладна абураўся я і пачынаў высвятляць падрабязнасці. У абодвух выпадках усе фігуранты былі вельмі п’яныя і канкуравалі за месца пад сонцам у мясцовых барах. Ці за расейскую мову іх збілі? Ну… магчыма. А можа, гэта была проста п’яная бойка, у якой прычапіцца можна было да чаго заўгодна.

Ну і жонка распавядала, што адзін раз з ёю лекарка прынцыпова адмаўлялася размаўляць і на расейскай, і на англійскай. Гэта прыкра, вядома. Але пасля гэтага я размаўляў з той жа цётачкай чатыры разы на расейскай, і ўсё ў нас было тып-топ. Таму чорт яго ведае, што гэта было. Можа, настрой у яе ў той дзень быў не той.

Нябачная чырвоная лямпачка-абмежавальнік графаманіі імя майго рэдактара пачынае міргаць, а гэта значыць, што час пераходзіць да высновы.

Вывучыце адну фразу на мове краіны, у якой жывяце і не рамсіце п’яным у кабаках – і ўсё ў вас будзе добра. Айл бі бэк, спадарства.

Павел Вінаградаў, belsat.eu