
У Вялікодныя дні самы час падумаць пра свае карані, пра абуджэнне забытых сямейных гісторый і пра тое, адкуль мы родам. Гэта час, калі асабліва востра адчуваецца сувязь з роднай зямлёй, нават калі ты далёка ад дому.
Пра падляшска-палескія карані, пра памяць і адчуванне сваёй зямлі «Радыё Рацыя» пагаварыла з літаратарам, прэс-сакратаром Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў Ціханам Чарнякевічам.
Чым жыццё на Піншчыне адрозніваецца ад Падляшша? Як Пінск сустракае Велікодныя дні і наколькі там захаваліся традыцыі? І ці лёгка на Падляшшы зараз знайсці і не згубіць свае карані?
РР: Вы паходзіце з Пінску. Кім вы адуваеце сябе па жыцці: палешуком, беларусам? І наколькі ўзаемазвязаныя для вас землі Падляшша і Палесся?
Ціхан Чарнякевіч: Узаемазвязаныя насамрэч вельмі моцна. Таму што асноўная мая лінія Чарнякевіч – гэта акурат палешукі з Нарвы. А тое, што чатыры галіны зусім розных сем’яў сустрэліся ў Пінску ў 1945 годзе, то гэта хутчэй выпадковасць, з якой я і нарадзіўся. Але тым не менш я лічу сябе пінчуком. Вельмі люблю гэты горад, бо ён для мяне галоўны, дарагі, асноўны і будзе такім заўсёды.
РР: Крыху больш 200 кіламетраў аддзяляе Беласток і Пінск. І падчас вашых вандровак тут і там, ці заўважалі вы адрозненні ў жыцці Падляшша, Палесся, Пінска, Беластока?
Ціхан Чарнякевіч: Канешне. Падляшша, тое, што мне адкрылася, яно вельмі звязана з лесам, з пушчай. Можа гэта не зусім тыповае для Беларусі, асабліва паўднёвай, там дзе ў нас вельмі шмат раўнінаў, вельмі шмат нізінаў. Канешне, там ёсць лясы, але іх усё менш, вырубалі іх вельмі шмат. А на Падляшшы гэта ўсё яшчэ такая дамінанта, якая і прыцягвае турыстаў, едуць, каб дакрануцца да такой старажытнай, пракаветнай прыроды.
Наконт людзей, па-сутнасці Піншчына і Падляшша – гэта хутчэй ускраіна, гэта абумоўлівае ў тым ліку і стаўленне да цэнтру і стаўленне да жыцця, як крыху адасобленага, можна сказаць, і моўна адасобленага, таму што Піншчына і Падляшша адрозніваюцца ад аноўных сталічных метраполіяў. Нават цяпер, калі глабалізацыя амаль з’ела ўсе гэтыя моўныя адрозненні, аднак тым не менш усё роўна застаецца такая адстароненасць ад цэнтру. Але ў той жа час маюць гонар за сваё, за мясцовае, за ўнікальнае.
РР: Ці паспелі вы ўжо пачуць падляшскую гаворку і наколькі яна адрозніваецца ад говараў Піншчыны?
Ціхан Чарнякевіч: Так, чуў, на жаль, не вельмі шмат. Ну і самі былыя вяскоўцы, цяперашнія гараджане, часам паміж сабой пераходзяць нават з беларускай на падляшскую, альбо з польскай на падляшскую. Таму заўсёды цікава паслухаць адрозненні. Ёсць, безумоўна, штосьці падобнае. Крыху паўднёвыя гаворкі тут выходзяць на сутыку беларускай і ўкраінскай моваў, пры гэтым яны істотна адрозніваюцца ад класічнай шаўчэнкаўскай украінскай мовы, але яны істотна адрозніваюцца і ад купалаўскай беларускай.
Я лічу, што праблема поўдня ў нашай філасофскай думцы не зусім асэнсаваная. Варта было б гаварыць пра беларускі поўдзень, і ў тым ліку ўключаць беларускае Падляшша туды таксама.
