Гісторыя з Мельнікавай усплыла пад выбары ў Каардынацыйную раду

Зніклая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Фота: Каардынацыйная рада

Датычна справы зніклай год таму былой спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай апошнім часам з’яўляецца ўсё больш дэталяў. Але прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях абароны Вадзім Кабанчук мяркуе, што гэта не выпадкова. Пра гэта ён заявіў у эфіры «Студыі «Белсат».

Вадзім Кабанчук адзначыў, што гісторыя з падрабязнасцямі наконт Анжалікі Мельнікавай усплыла ў сувязі з пачаткам выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду, якую яна раней узначальвала. Ён падкрэсліў, што КР ёсць прызнаным у Еўропе прадстаўнічым органам беларускага народу і мае большую легітымнасць за ўладную Палату прадстаўнікоў.

«Гэтая справа Мельнікавай цяпер узнікла, каб фактычна дыскрэдытаваць як сам выбарчы працэс, гэтак і сам гэты інстытут – Каардынацыйную раду. Ніхто за час перабывання Мельнікавай, як яны кажуць, у Беларусі, якая набывае кватэры на скрадзеныя грошы, якая ходзіць у спартзалы, чамусьці фізічна яе там ніхто ніколі не бачыў», – сказаў прадстаўнік АПК.

На ягоную думку, ужо б мусілі знайсціся сведкі, якія б сутыкнуліся з Мельнікавай ужывую.

Нагадаем: у 2025 годзе Мельнікава некалькімі аперацыямі вывела на асабісты рахунак усю пераведзеную суму гранту для Каардынацыйнай рады, а таксама ўсе пакінутыя сродкі на рахунку, у тым ліку прызначаныя для «Кіберпартызанаў». Агулам яна вывела з рахунку больш як 150 тысяч долараў і 25 сакавіка перастала выходзіць на сувязь.

Пазней сталася вядома, што былая спікерка КР пакінула тэрыторыю Еўразвязу яшчэ 26 лютага – праз Вялікую Брытанію і Шры-Ланку прыбыла ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе ейныя сляды згубіліся. Да гэтага яна кантактавала з паплечнікамі з Каардынацыйнай рады праз відэасувязь, не была на асабістых сустрэчах: казала, што хварэе.

Расследавальнікі таксама паведамляюць пра магчымыя сувязі Мельнікавай з працаўніком КДБ Беларусі Аляксеем Лабеевым. Яшчэ ў 2022 годзе яна, як сцвярджаецца, праваліла першы тэст на паліграфе, які праводзіла ініцыятыва BYPOL, аднак пасля другога тэсту яе прынялі. Былая працаўніца польскай контрвыведкі Анна Грабоўска-Сівец мяркуе, што Мельнікава магла быць завербаваная яшчэ ў Беларусі. Цяпер за інфармацыю пра месца ейнага перабывання абяцаюць 10 тысяч еўраў узнагароды.

Амаль праз год, 19 сакавіка 2026-га, зʼявіліся здымкі жанчыны, падобнай да Мельнікавай, у адной з менскіх спартзалаў, што пачала працаваць толькі ў студзені 2025 года. Складана сказаць, сапраўдныя гэта фота ці дыпфэйк, стварыць які ў сённяшніх умовах не надта складана. Бацька былой спікеркі КР запэўніў, што тая «даўнавата» жыве ў Беларусі, але просіць не тэлефанаваць ёй і заўсёды звоніць сама, са схаванага нумару. Апошняя іхная размова адбылася зімой.

Таксама «Зеркало» паведамляе са спасылкай на афіцыйныя дакументы, якія ёсць у распараджэнні рэдакцыі, што ад імя Мельнікавай у верасні 2025 года і студзені 2026-га ў Менску былі набытыя дзве кватэры.

Алесь Баразенка, Алесь Залеўскі, Якуб Хруст, belsat.eu