Топ найбуйнейшых беларускіх бізнесаў у Польшчы

Фота ілюстрацыйнае: dev.ua

Свежы рэйтынг заснаваны на дадзеных за 2024 год і паказвае агульную карціну беларускага бізнесу ў Польшчы. Пра гэта піша ў сваім тэлеграм-канале эканамічны аглядальнік Вадзім Сяховіч. Па ацэнцы аўтара, гандлёвы сектар асядае, будаўніцтва і IT перажываюць застой, тады як транспарт, лагістыка, вытворчасць і іншыя сэрвісныя напрамкі, не звязаныя з IT, будоўляй і перавозкамі, наадварот, растуць.

Агульная выручка беларускіх кампаній, якія працуюць у Польшчы, павялічылася на 5% і дасягнула рэкордных 19,9 млрд. злотых. Найбольшы ўклад унесла польскае падраздзяленне IT-гіганта EPAM Systems (Poland). Яно другі год запар узначальвае рэйтынг 100 найбуйнейшых кампаній з беларускім капіталам у Польшчы.

На другім месцы ў рэйтынгу апынулася E100 Power Max – трэйдзінгавая кампанія, якая ўваходзіць у групу E100, заснаваную выхадцамі з Берасця Уладзімірам і Максімам Стаецкімі.

Трэцяе месца займае TELS Global Polska – найбуйнейшая кампанія з беларускімі каранямі ў транспартна-лагістычнай галіне Польшчы.

Шакалад нарэшце перастане даражэць?

Росту цэн на шакалад і іншыя кандытарскія вырабы сёлета не чакаецца. Пра гэта паведаміў старшыня беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці Алег Жыдкоў. Асноўная прычына — зніжэнне цэн на какаву. Калі ў мінулым годзе яны дасягалі максімуму, то цяпер значна ўпалі. У першым квартале сыравіну закупляюць прыкладна ў 3—3,5 разы танней, чым раней. Гэта азначае, што вытворцам не трэба падвышаць цэны, каб пакрыць выдаткі. Таму ў найбліжэйшы час шакалад, хутчэй за ўсё, будзе прадавацца прыкладна па цяперашніх цэнах, піша “Наша Ніва”.

Пенсія? Усе пра гэта ведаюць, але мала хто што-небудзь робіць

Тэрмін «пенсія» часта з’яўляецца ў свядомасці палякаў занадта позна, каб яны маглі зрабіць рэальныя дзеянні. Большасць маладых людзей не лічаць выхад на пенсію тэрміновай праблемай – яны плануюць пачаць адкладаць грошы толькі ў трыццаць гадоў, а кожны чацвёрты – нават пасля 40. Згодна з аналізам PZU, які цытуе «Gazeta Prawna», толькі 19% усіх рэспандэнтаў адкладаюць грошы на пенсію.

На сайце ZUS ёсць інструмент — «Прагназаваная пенсія», які можа некаторых здзівіць. Аказваецца, што сённяшнія 40- і 50-гадовыя могуць у крайнім выпадку атрымліваць пенсію ўсяго ў памеры 800-1200 злотых. Установа сацыяльнага страхавання нагадвае, што пенсійныя выплаты для асоб, народжаных пасля 1948 года, разлічваюцца на аснове двух ключавых кампанентаў: назапашаных узносаў і працягласці жыцця.

racyja.com