Пункт пропуску «Берасце» пачне працаваць паводле новае схемы

Памежны пераход «Тэрэспаль – Берасце». Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Абноўленая зона чакання перад пунктам пропуску «Берасце» («Варшаўскі мост») адкрываецца 7 траўня 2026 года. Яна была закрытая на маштабную рэканструкцыю на працягу года – з траўня 2025-га.

«У сувязі з адкрыццём зоны чакання «Берасце» 7 траўня 2026 а 15:00 уносяцца змены ў схему руху транспартных сродкаў для рэгістрацыі ў сістэме электроннай чаргі. Рэгістрацыя ў сістэме электроннай чаргі будзе ажыццяўляцца згодна з Парадкам рэгістрацыі транспартных сродкаў для ўезду ў аўтадарожныя пункты пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь. Онлайн-рэгістрацыя ў сістэме электроннай чаргі і онлайн-рэзервацыя жылля ажыццяўляецца на сайце booking.declarant.by», – паведамляе «Белмытсэрвіс».

Паводле новых правілаў перад уездам у зону чакання рэгістрацыйныя знакі аўтамабіля будуць распазнаваць з дапамогай «абсталяванай сістэмы абавязковага распазнавання рэгістрацыйных знакаў». Для рэгістрацыі ў сістэме электроннай чаргі кіроўца таксама павінен будзе прадстаўляць у зоне чакання арыгінал пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі аўта, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць права на ўезд без чаргі ў пункт пропуску (калі такое права ёсць).

Зарэгістраваныя ў пункце рэгістрацыі аўтамабілі будуць стаяць на свабодных месцах у зоне чакання выкліку ў пункт пропуску.

«У выпадку прыбыцця транспартнага сродку, зарэгістраванага онлайн, а таксама на раней зарэзерваваную дату, такі транспартны сродак можа быць размешчаны ў зоне чакання для далейшага накіравання ў пункт пропуску», – паведамляе «Белмытсэрвіс».

Пра выклік свайго аўта кіроўцы змогуць даведацца ў рэжыме рэальнага часу – у сістэме электроннай чаргі mon.declarant.by. Другі варыянт – праз SMS або тэлефонны званок (паслуга платная). Акрамя таго, рэгістрацыйны знак выкліканага аўтамабіля будзе адлюстроўвацца на інфармацыйным табло на тэрыторыі зоны чакання «Берасце».

Калі аўтамабіль не прыбыў у зону чакання на працягу вызначанага часу або пакінуў яе да выкліку ў пункт пропуску, рэгістрацыя ў сістэме электроннай чаргі анулюецца.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць праз нумар тэлефона +375 33 323 75 89.

Тэса Анэйда, belsat.eu