
Выбары Каардынацыйнай рады IV склікання пройдуць 11–17 траўня. На месцы ў КР прэтэндуюць дзевяць спісаў. Пра значэнне гэтых выбараў і пераслед кандыдатаў у эфіры «Белсату» разважаў палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.
Удзень 6 траўня стала вядома пра ператрусы ў сваякоў кандыдатаў, якія бяруць удзел у выбарчай кампаніі. Аляксандр Класкоўскі кажа «Белсату», што не здзіўлены: сістэма Аляксандра Лукашэнкі не пераносіць КР, гэтую сістэму КР «трыгерыць».
«Гэта такі пункцік рэжыму яшчэ з 2020 года, – кажа Класкоўскі. – Калі паўстала Каардынацыйная рада, то Лукашэнка адразу сказаў, што гэта замах на ўладу. А ўлада – гэта ж для яго святое, гэта ўсё для яго. І з таго часу гэты шалёны пераслед, хоць сітуацыя ўжо змянілася».
«Сёння ўжо далёка не рэвалюцыйная сітуацыя, але гэтыя інстынкты рэжыму дзейнічаюць. Відавочна, у сілавікоў ёсць прамы загад усяляк тарпедаваць гэтыя выбары».
«Так што гэтая навіна пра ператрусы – яна сумная, але яна не сенсацыйная.Так было два гады таму, калі былі папярэднія выбары ў Каардынацыйную раду. Так яно і цяпер – нават мацней. Ва ўсякім разе, што тычыцца гэтых ці то DDoS-атак, пра якія толькі што казаў спадар Лібер».
Ці праўда Каардынацыйная рада небяспечная для Лукашэнкі і што яна можа зрабіць, глядзіце ў размове з Класкоўскім у «Студыі» на «Белсаце» тут ад 24-й хвіліны.
КР – гэта парламенцкая дзейнасць?
Класкоўскі паўтарае: КР стваралася ў зусім іншых умовах, калі «хісталася крэсла пад Лукашэнкам» – тады, калі пратэстоўцам здавалася, што транзіт улады вось-вось пачнецца. Цяпер, праз амаль шэсць гадоў па здушэнні рэвалюцыі, сітуацыя іншая. Многія чальцы першага склікання КР пабывалі за кратамі, многія выціснутыя за межы Беларусі.
«Тут, у эміграцыі, усё ж гэтая структура, так бы мовіць, павіслая ў паветры, – лічыць Класкоўскі. – Яна была створана ў іншых умовах і пад іншыя задачы. Канешне, можна казаць, што гэта такая пясочніца, так бы мовіць, палітычная, што гэта протапарламент. Але пакуль што і на гэтую функцыю не цягне Каардынацыйная рада».
Класкоўскі згадвае, што і два гады таму былі прыгожыя выступы і тэзы. А ці шмат было зроблена за два гады? Большасць, лічыць аналітык, згадае хіба ўнутраныя сваркі і дэмаршы фракцыяў, а таксама знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай.
«Пра нейкія такія рэальныя дасягненні цяжка сказаць, – разважае Класкоўскі. І не тое, што іх няма. Тут яшчэ асобнае пытанне, што не ўмеюць гэтыя сябры Каардынацыйнай рады піярыць, скажам так, свае нейкія поспехі, свае дасягненні».
Суразмоўца прыводзіць прыклад: зайшоў на сайт Каардынацыйнай рады, а там апошняя навіна – ад студзеня. Што праўда, так будзе, калі зайсці на расейскую версію, якая адкрываецца па змаўчанні. Калі ўручную ўключыць беларускую мову, апошняя навіна – ад 13 красавіка. Свежыя навіны – на Facebook і Telegram КР.
Навошта тады такая рада?
КР шкодная хіба што сістэме Лукашэнкі, падкрэслівае Класкоўскі. Чальцам КР закідаюць цэлы набор крымінальных артыкулаў: «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «Здрада дзяржаве», «Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і іншае. «Адпетыя злачынцы!» – іранізуе суразмоўца.
А што простым беларусам? Роскід меркаванняў вельмі вялікі, кажа Класкоўскі. Адны кажуць, што гэта «валізка без ручкі», якую трэба распусціць, а рэсурсы скіраваць на іншыя праекты. Другія – што гэта вялікае дасягненне, бо гэта дэмакратычная інстытуцыя.
Класкоўскі звяртае ўвагу на тое, што Беларусь прадстаўленая ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Гэта вельмі сімвалічна, бо Беларусь даўно не была прадстаўленая ў ПАРЕ. Лукашэнкаўскіх дэпутатаў адтуль выгналі ў 1997 годзе, калі Лукашэнка разагнаў Вярхоўны савет XIII склікання і прызначыў лаяльных яму дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Дэлегатаў КР запрашаюць у ПАРЕ менавіта таму, што яны – выбраныя.
Не ўсе вынікі дзейнасці КР можна пабачыць адразу. Тая ж ПАРЕ, працягвае Класкоўскі, гэта з’езд парламентарыяў з амаль усіх краінаў Еўропы. Сама ПАРЕ не прымае законаў, абавязковых да выканання. Але калі КР данясе да дэлегатаў ПАРЕ нейкія беларускія праблемы, то гэтыя праблемы могуць вырашацца ўжо на нацыянальным узроўні праз рашэнні парламентаў і ўрадаў.
«Але пра гэта ўсё трэба болей расказваць! – паўтарае Класкоўскі. – На жаль, PR-праца, я б сказаў, заваленая чальцамі і кіраўніцтвам Каардынацыйнай рады».
У Беларусі цікавасць да працы КР мінімальная, лічыць Класкоўскі. Аб’ектыўных паказнікаў гэтага няма, але гэта чуваць з асабістых кантактаў з праціўнікамі ўлады ў Беларусі: людзі «жывуць сваім жыццём», бо не маюць веры, што «заўтра-паслязаўтра нейкія гэтыя прыгожыя тэзісы ўвасобяцца ў жыццё».
КР займаецца таксама «малымі справамі», як то пытаннямі візаў і легалізацыі беларусаў за мяжой. Класкоўскі заклікае не глядзець на гэта з пагардай: для тых беларусаў, якія апынуліся ў эміграцыі, гэта жыццёва важныя пытанні, і для тых, хто «замкнёны ў дыктатуры», важная магчымасць выбрацца.
«Еўропа з аднаго боку ўхваляе еўрапейскі выбар апазіцыйных штабоў, а з іншага боку атрымліваецца, што ціск узмацняецца, жалезная заслона становіцца ўсё больш магутнай, і ўсё цяжэй беларусам выехаць у Еўропу, – заўважае Класкоўскі. Які тады рух да Еўропы, калі іх замыкаюць у дыктатуры?»
Галоўнае, каб у выніку ў КР быў «канструктыўны сплаў» праграмаў кандыдатаў, а не было сварак, як у цяперашнім скліканні. Класкоўскі перакананы: калі тыя, хто пакрыўдзіўся, проста «ляпаюць дзвярыма» і выходзіць з КР, гэта не дадае аўтарытэту Радзе.
Два гады таму Класкоўскі бачыў шмат энтузіязму ў апазіцыйных лідараў: гэта ж упершыню ладзілі непасрэдныя выбары! Але тады прагаласавала менш за сем тысяч чалавек. Сёлета і кандыдатаў, і спісаў менш, чым было на мінулых выбарах – і гэта, на думку Класкоўскага, ужо сведчыць аб зніжэнні грамадскага інтарэсу да выбараў. На выбары вырашылі не ісці многія знакавыя фігуры, якія нядаўна выйшлі на волю: Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Мікола Дзядок і іншыя. А значыць, можна чакаць яшчэ меншай яўкі, чым на мінулых выбарах.
«Хай лепей будзе такая Каардынацыйная рада, чым не будзе нічога, таму што разбурыць лёгка, а нешта пабудаваць значна цяжэй», – рэзюмуе Класкоўскі.
Суразмоўца аддае належнае адвазе тых, хто ідзе ў КР, нягледзячы на прадказальны ціск на іх і сваякоў, і зычыць поспехаў усім кандыдатам.
