
Візіт Святланы Ціханоўскай у Арменію на саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які прайшоў 4−5 траўня, быў пад пагрозай зрыву. Як расказаў «Люстэрку» дыпламатычны дарадца лідаркі дэмсіл Дзяніс Кучынскі, беларускія ўлады спрабавалі выкарыстаць бюракратычныя механізмы і міждзяржаўны вышук, каб не дапусціць яе ўдзелу ў форуме.
Паводле Дзяніса Кучынскага, першапачаткова дэлегацыя планавала вылецець у Арменію з Варшавы ў суботу, 2 траўня, каб ужо ў нядзелю быць на месцы разам з большасцю сусветных лідараў. Аднак у апошні момант планы змяніліся праз запрашэнне ад прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага ўзяць удзел у цырымоніі ўзнагароджання Андрэя Пачобута. Вылет перанеслі на вечар нядзелі.
— Азіраючыся назад, можна сказаць, што гэтае рашэнне шмат у чым сыграла нам на карысць. Бо менавіта ў апошні момант пачаліся рухі з боку рэжыму Лукашэнкі. Гэтыя дзеянні былі не адкрытымі, а вельмі характэрнымі для іх — праз бюракратычныя механізмы і злоўжыванне міждзяржаўным вышукам, — расказаў Кучынскі.
Паводле дарадцы, афіцыйны Мінск вырашыў выкарыстаць механізмы міждзяржаўнага вышуку для затрымання Ціханоўскай і яе дэлегацыі. З меркаванняў бяспекі Кучынскі адмовіўся расказаць, якім быў адказ на гэта c армянскага боку.
— Мы атрымалі моцныя запэўніванні на самым высокім дзяржаўным узроўні, што ўсё будзе арганізаванае належным чынам. Армяне зрабілі ўсё бездакорна: пратакольны прыём, дзяржаўная ахова і каардынацыя — усё было на вельмі высокім прафесійным узроўні. Было відаць, што гэта сапраўдная палітычная пазіцыя краіны, — адзначыў Кучынскі.
З ягоных словаў, праз перанос рэйса і дадатковы дзень у Варшаве ў каманды Ціханоўскай з’явілася больш часу на падрыхтоўку, што дазволіла «спакойна пераправерыць усе дэталі, прапрацаваць усе сцэнары, узгадніць усе пытанні бяспекі і пераканацца, што ніякіх сюрпрызаў ужо не будзе».
— Пазіцыя Арменіі была вельмі прынцыповай. Яна прыняла Святлану Ціханоўскую. І гэта быў вельмі моцны сігнал. Гэта чарговы доказ таго, што Лукашэнка ўсё яшчэ дрэнна разумее, з кім мае дачыненне. Ён дагэтуль думае, што Святлану можна запалохаць або прымусіць адмовіцца ад нейкіх крокаў. Яна выдатна разумее рызыку, але не дазваляе страху ўплываць на свае рашэнні, — заявіў Кучынскі.
