
Паводле кіраўніка Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніса Кучынскага, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт сёння апынуўся ў адной з самых складаных кропак пасля свайго вымушанага выгнання з Беларусі.
Паводле Кучынскага, ЕГУ павінен вытрымаць ціск з боку рэжыму, які раней прызнаў яго «экстрэмісцкім» і спрабаваў фактычна выціснуць з беларускай адукацыйнай прасторы:
– Гэта найбольш вялікі выклік з часоў выгнання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта з Беларусі, калі ён у 2004 годзе вымушана пераехаў у выгнанне ў Літву. Зараз гэта адзін з наймацнейшых такіх удараў па ўніверсітэту. Каб гэта не стала перамогай рэжыму Лукашэнкі, які зрабіў такі беспрэцэдэнтны акт, прызнанне ЕГУ экстрэмісцкай арганізацыяй.
Асобна Кучынскі распавёў пра хаду абмеркавання будучыні ўніверсітэта на высокім узроўні ў Літве:
– У мяне таксама была сустрэча з кіраўніком дэпартамента міграцыі. Разам з Алесем Бяляцкім я прысутнічаў на сустрэчы з міністрам унутраных спраў Літвы Кандратовічам і са спікерам Літвы Олекасам. І на ўсіх гэтых сустрэчах паднімалася пытанне ЕГУ. Варта, каб ЕГУ стаў і быў у гэтай сітуацыі, складанай, цяжкай, няпростай, больш беларускім універсітэтам.
Вядома, што пра ЕГУ Святлана Ціханоўская гаварыла з Прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Дзяніс Кучынскі таксама правёў асобныя кансультацыі з намесніцай міністра замежных спраў Аўдрай Плепыце, рэктарам ЕГУ Вілюсам Шадаўскасам.



