«Немагчыма было ўявіць, што час найперш зламаецца і толькі потым пойдзе. Войны не адбываюцца ў спыненым часе, бо ўсе войны маюць пачатак і маюць канец. Пачалася вайна — і тады вярнулася храналогія».
«Галасы Беларусі» — трохтомнік, які выйшаў у серыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе». Усе тры кнігі — 2020, 2021, 2022 — распавядаюць голасам сведкаў. Трэцяя кніга, якую прэзентаваў увечары 23 сакавіка укладальнік і рэдактар трылогіі, журналіст і літаратар Сяргей Дубавец, — пад знакам вайны, якую распачала Расія супраць Украіны з дапамогай беларускай дзяржавы. Тут ёсць сведчанні беларускіх палітычных эмігрантаў, беларусаў, якія сустрэлі 24 лютага 2022 года ва Украіне, беларусаў, якія засталіся на Радзіме, беларусаў, якія супрацьстаяць расійскай агрэсіі на баку Украіны.
Прадмову да кнігі ў вершаванай форме напісаў дырэктар беларускай службы «Р*д*ё Св*б*да» Аляксандр Лукашук, а музыка Лявон Вольскі перарабіў яе на песню і прэзентаваў на імпрэзе ў Вільні.
Адмыслова да прэзентацыі быў створаны відэаролік, у якім фрагменты трылогіі чытаюць вядомыя беларусы і не толькі беларусы.
Вось што кажа Сяргей Дубавец пра гэтыя тры кнігі: «Гэтым тром жахлівым і адначасова адчайна-шчаслівым гадам нашага агульнага часу мы прысвяцілі трылогію «Галасы Беларусі», дзе сабралі сотні сведчанняў і споведзяў нашых суайчыннікаў пра тое, праз што ўсім нам давялося прайсці. Споведзі, успаміны пра жыццё, якога больш не будзе ніколі, турэмныя дзённікі з новых і новых ходак, пераход да качавога ладу жыцця, турэмныя лісты, сведчанні з украінскай вайны. Асэнсаванне робіцца глыбейшым — няма простых адказаў і няма вяртання. Фокус у кантэксце ўсяго эпасу — пачуванне сябе адным народам. Пабітым, зняволеным, выгнаным — такога не было і не магло быць да 2020-га. Гэта — заключная кніга трылогіі. У першай кнізе пра 2020 год наш звыклы час зламаўся, зламалася ўсё наша ранейшае жыццё. Не маёй ці тваёй сям’і — а ўсіх увогуле беларусаў. А можа быць і не толькі іх.
Эпідэмія, рэвалюцыя, тэрор — раптоўна мы апынуліся дзесьці далёка ў гісторыі, пра якую прывыклі ведаць адно з кніг. Было страшна прыгожа і проста страшна. Успомніце, як спякотным днём тысячы абуджаных людзей стаялі ў чарзе ў Цэнтрвыбаркам на плошчы Незалежнасці ў Менску, каб паскардзіцца на нерэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты. А чалавек на аўтамабілі падвозіў і раздаваў усім ахвочым ваду: «Гэта для мяне не траты, гэта — мая інвестыцыя ў будучыню». Сёння ўявіць сабе такое немагчыма. Той год быў годам надзеі. Гэта агульная надзея вывела людзей на маршы. І нават тэрор у адказ гэтую надзею мацаваў, бо так у нас у XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы — проста не можа быць!»
У другой кнізе пра 2021 год «мы ўсе спрабавалі прыстасавацца да гэтага злому, да выжывання ў турме, да штохвіліннага чакання сіняга бусу, выбітых дзвярэй, ператрусу і катаванняў, да ўцёкаў за мяжу і спробаў упісацца ў тамтэйшае чужое жыццё». «І гэта таксама тычылася нас усіх, але ўжо толькі нас — беларусаў. Той год — 2021 — быў годам страты надзеі. Так быць можа. Больш за тое — гэта новая рэальнасць, у якой мы цяпер будзем жыць. Да тэмы рэжымнага тэрору дадалася тэма ўцёкаў і эміграцыі», — кажа Сяргей Дубавец.
Што да трэцяй кнігі, то ў 2022 годзе «мы зразумелі, што ўсё, што адбылося і адбываецца — гэта не катастрофа, якая ўзяла нас у палон, а наша іншая рэальнасць, што ранейшае нармальнае жыццё ўжо не вернецца, што адведзены нам час зламаны і ў такім зламаным мы цяпер будзем жыць».
«У першай кнізе падзагалоўкам быў крык: «Нас усіх пасадзяць!», «Мы пераможам!» — славутая беларуская сінусоіда. У другой падзагаловак-шэпт: «Пахне чабор. Пахне вечна». У трэцяй — маўчанне: той, хто з’ехаў, той, хто застаўся. Новая кніга мае ўжо не тэматычны, а хранічны прынцып. Адышла эпідэмія, сцішылася рэвалюцыя, яшчэ больш жорсткім стаў тэрор і пачалася вайна. У Беларусі канчаткова скончылася журналістыка. Затое як ніколі пішуцца вершы. У турмах, у эміграцыі, у падполлі. Калісьці ў тым яшчэ жыцці я напісаў эсэ пра нашую краіну і жыццё ў спыненым часе. Было такое абложнае адчуванне. І хацелася, каб час пайшоў. Немагчыма было ўявіць, што ён найперш зламаецца і толькі потым пойдзе. Войны не адбываюцца ў спыненым часе, бо ўсе войны маюць пачатак і маюць канец. Пачалася вайна — і тады вярнулася храналогія», — сказаў Сяргей Дубавец.
Зразумела, што тэмы ўсіх трох тамоў былі і застаюцца блізкімі, нават надзвычай блізкімі наведнікам імпрэзы. «Нават думкі наконт таго, што мы ўжо не вернемся дадому, дапускаць нельга, — кажа беларус Алег, чыя жонка застаецца за кратамі ў Беларусі. — Як гэта гучыць для тых, хто застаецца там? Мы не можам дазволіць сабе такую думку, пакуль хоць адзін чалавек застаецца за кратамі».
Украінскі настаўнік Уладзімір з акупаванага Бярдзянска прыехаў на прэзентацыю з Коўна, дзе жыве цяпер, кажа, што заўсёды цікавіўся супольнай гісторыяй рэгіёна і ўжо тут у эміграцыі зразумеў, што мінулае беларусаў, украінцаў і літоўцаў дае падставы для надзеі на агульную перамогу гэтых народаў: «Я прыехаў на мыліцах з Каўнаса, ад братняга ўкраінскага народа хачу перадаць прывітанне беларускаму. Вельмі цікава вас слухаць, мне цікавая гісторыя Украіны, Беларусі і Літвы. Ведаю, што 25 сакавіка вашае свята, то віншую і веру, што Беларусь будзе вольнай. (…) Мне тут беларусы падарылі шаўрон палка Каліноўскага (а я ведаю, што гэта быў за беларус і што ён рабіў), гэта найлепшы і дарагі мне падарунак».
Адказваючы на пытанне наконт падзей 2020 года, Сяргей Дубавец адзначыў: «Калі б у 80-я не хадзіла моладзь і не падымала б сцяг, то і 2020-га года не было б. Тое, што быў 2020 год, тое, што нават у вёсках выходзілі людзі — гэта каласальнае сведчанне таго, што нацыя ёсць». Так, у нас было не так, як у Літве ў 1991-м, «у Літве ўсё было сур’ёзна — і ў нас будзе ўсё сур’ёзна. (…) Гэта патрэбны этап, значыць, у нашай гісторыі. Людзі, якія сядзяць у турмах, яны ж не за злачынствы сядзяць. Яны не за сябе саміх сядзяць. Яны сядзяць за агульныя гэтыя ідэалы, за якія ў 2020-м выйшлі. Гэта трэба разумець. Таму — усё будзе. Галоўнае — не верыць у цуды і рабіць добрыя справы, хай малюсенькія — штодня штосьці станоўчае. А ў цуды ў палітыцы — асабліва ў нашым рэгіёне — верыць не мае сэнсу. Ніхто не верыў, што распадзецца Савецкі Саюз, жаданні выказваліся, але каб так па-сапраўднаму… А ён узяў і разваліўся. Так і тут, хутчэй за ўсё, будзе падобная сітуацыя, бо сістэма няўстойлівая гэтая, тым больш без ідэалогіі, без нічога — на чыстым вернападданстве і на грашах».