Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту зняла ўсе абмежаванні з беларусаў

Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту прыняў рашэнне аб неадкладным аднаўленні ўдзелу студэнтаў-спартсменаў з беларускімі пашпартамі ва ўсіх спаборніцтвах.

Рашэнне аб вяртанні беларусаў было прынятае ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэта ад 7 мая 2026 года.

Што тычыцца расійскіх студэнтаў-спартсменаў, то сітуацыя больш складаная. Міжнародны алімпійскі камітэт не адмяніў свае абмежаванні ў дачыненні да расійскіх спартсменаў старэйшага ўзросту, але рэкамендуе, каб маладыя спартсмены не неслі адказнасці за дзеянні сваіх урадаў.

Апошнія тыдні беларускіх спартоўцаў вяртаюць да міжнародных спаборніцтваў, ад якіх яны былі адхіленыя пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў лютым 2022 года.

Раней пра поўнае аднаўленне правоў атлетаў з Беларусі ўжо абвясцілі Міжнародны саюз сучаснага пяцібор’я, Сусветная баксёрская арганізацыя, Міжнародная федэрацыя валейбола, Аб’яднаны свет барацьбы, Міжнародная федэрацыя коннага спорту і Сусветная федэрацыя лучнікаў, Еўрапейская федэрацыя гімнастыкі.

nashaniva.com