
Урад Беларусі абнавіў правілы знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў краіне. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, паведаміла прэс-служба Савету Міністраў.
Дакумент распрацаваны пасля ўнясення змяненняў у заканадаўства аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі і прававым становішчы замежнікаў.
Адно з галоўных новаўвядзенняў тычыцца транзітных пасажыраў. Цяпер замежныя грамадзяне, якія едуць праз тэрыторыю Беларусі транзітам, павінны будуць праходзіць абавязковую дзяржаўную дактыласкапічную рэгістрацыю.
Акрамя таго, змены закрануць замежнікаў, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Беларусі. Для іх скасоўваецца права на аднаразовы продаж тавараў на рынках і ў іншых месцах, вызначаных мясцовымі органамі ўлады.
Ва ўрадзе патлумачылі, што гэта звязана са змяненнямі ў заканадаўстве, згодна з якімі замежнікі, што часова знаходзяцца і часова пражываюць у Беларусі, не маюць права займацца індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасцю.
Пастановай таксама зацверджана новая рэдакцыя Правілаў знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь.
