
Прапагандысты Беларусі выпусцілі сюжэт пра экспертку Офісу Святланы Ціханоўскай і сябра Каардынацыйнай рады Аліну Харысаву, паводле якога яна з кастрычніка 2025 года злівала інфармацыю беларускаму КДБ. Тая абвінаваціла ва ўсім сваю дэпрэсію і эмацыйны стан, але дадала, што «не зліла ніводнага слова і ніводнага факту».
Прапагандысты Беларусі 4 чэрвеня паказалі ў эфіры СТВ відэа, на якім Аліна Харысава дае згоду на супрацоўніцтва са Службай бяспекі Украіны, а таксама паказалі яе паведамленні меркаваным «куратарам». Яна думала, што дасылае злівы пра ўнутраную кухню беларускай апазіцыі СБУ, але гэта быў КДБ Беларусі.
«Запыт канкрэтны: зліваць унутраную кухню беларускай апазіцыі. Кулуарныя рашэнні, грызня ў кіраўніцтве, ценявыя фінансавыя патокі, перапіскі з закрытых чатаў. Усё тое, да чаго дарадца мае доступ па абавязку службы. Ніякіх закладак і шпіёнскіх камянёў – проста сядзі, слухай і перадавай куратарам. Наўзамен – крыптавалюта. Доўга наш «чалавек з пазіцыяй» не разважаў. Ударылі па руках. Класічная вярбоўка прайшла паспяхова», – паведамілі прапагандысты.
Пасля гэтага Харысава выклала ў Фэйсбуку сваю версію. Паводле яе, КДБ не прапаноўваў ёй грошы – «я не прадавалася, я не брала нічога. Гэта выдумка дзеля сюжэту».
«Мне напісалі „з СБУ“ каля года таму, у той час на мяне аказваўся велізарны ціск з боку КДБ, маіх сваякоў затрымлівалі, а мне пагражалі і пастаянна тэлефанавалі. Паралельна ў мяне былі суіцыдальныя думкі, мне дыягнаставалі дэпрэсію сярэдняй цяжкасці, пасадзілі на таблеткі. Прыкладна ў гэты ж час мяне збіла машына з п’яным кіроўцам… Ну, вы разумееце, які стан у мяне быў. Я была ў вельмі ўразлівым становішчы, калі „прадстаўнік СБУ“ на працягу некалькіх дзён угаворваў мяне пайсці з імі на кантакт, пераконваючы мяне, што гэта робіцца дзеля таго, каб Украіна і беларускія дэмакратычныя сілы наладжвалі кантакт», – піша яна.
«Праз гэтыя перакананні я выйшла на сувязь. Чалавек дзіўна паводзіў сябе. Я прасіла пра верыфікацыю: казала, што калі ён з СБУ, то верыфікацыю можна зрабіць ва Украіне. На што ён пагадзіўся, а я сказала, што да сустрэчы ва Украіне і ўбачанай жыўцом корачкі я не магу гаварыць з ім пра сенсітыўныя тэмы. Пазней з ягонага боку пачаліся пытанні пра офіс, пра Сяргея, пра пераезд. Я ніводнага разу не напісала нічога звыш таго, што ёсць у пабліку і што я агучвала на эфірах „Еўрарадыё“. Калі я бачыла, што пытанні паступаюць па справах, якія ніяк не тычацца Украіны, я казала, што гэта ніяк не тычыцца Украіны.
У большасці момантаў я строіла з сябе дурнічку і ігнаравала паведамленні па некалькі сутак, таму што я зразумела, што сітуацыя вельмі дзіўная. Я выдаляла дыялог для двух бакоў, блакавала кантакт, але ён пісаў з новых, тэлефанаваў па шмат разоў на дзень (я ні разу не падняла слухаўку), пасля чаго забараніла тэлефанаваць не кантактам, але ён пісаў мне і пагражаў расправай.
На гэтым моманце мне канчаткова стала зразумела, з кім я маю справу, таму на непрачытаных пагрозах камунікацыя скончылася. Я прызнаю, што зрабіла кепска, запісаўшы кружочак пра гатовасць супрацоўнічаць з СБУ, знаходзячыся ў тым стане. Але я не зліла ніводнага слова і ніводнага факту.
Прапаганда ўмее вельмі добра рабіць сюжэты з гаўна і палак. Дастаткова прыдумаць прыгожую апавядальную гісторыю і прыгожа інтрыгуюча агучыць яе. Калі ў кагосьці засталіся да мяне пытанні ці лічыце патрэбным мяне на паліграф запрасіць – я адкрытая. Upd: Я прыпыняю сваё супрацоўніцтва з любымі арганізацыямі і асабіста ініцыюю праверку ў свой бок. Бачу гэта адзіным спосабам даказаць вам, што тое, што я кажу, – абсалютная праўда».
