«Дагэтуль шкадую, што не стала лекарам». Гутарка са Святланай Бень пра новы альбом, жыццё ў Берліне, «чорныя спісы» і справядлівасць

У жніўні ў артысткі, рэжысёркі і паэткі Святланы Бень выйшаў новы альбом «Карова белая» — іх сумесная маштабная праца з музыкам Яўгенам Кучмейнам (tochka K). У ёй вельмі шмат экзістэнцыяльнага, адчаю і надзеі адначасова. Музычныя крытыкі аднагалосна сыходзяцца ў меркаванні, што гэты альбом ужо ўпісаў сябе ў гісторыю беларускай музыкі.

Падчас туру ў яго падтрымку Святлана Бень знайшла час для размовы з «Нашай Нівай». У ёй мы закранулі тэмы экстрэмальных умоваў запісу «Каровы», эміграцыі, выклікаў жыцця з дачкой у Берліне, страху марыць, усебеларускага ПТСР і новых праектаў.

Святлана Бень. Тут і далей — фота з асабістага архіва спявачкі

Святлана Бень — беларуская спявачка родам з Віцебска, тэатральная рэжысёрка і актрыса, паэтка. У свой час — лідарка музычнага калектыву «Серебряная свадьба». У 2020‑м пасля прэзідэнцкіх выбараў падтрымала пратэст, разам з іншымі артыстамі спявала на дваровых канцэртах салідарнасці. Люты 2022 года стаў для артысткі чорным ва ўсіх сэнсах: спачатку памёр яе муж, музыка Арцём Залескі, пасля пачалася поўнамаштабнай вайна ва Украіне, і Святлана была вымушаная пакінуць краіну праз небяспеку затрымання. Цяпер яна жыве ў Берліне, ставіць спектаклі, піша паэзію і ўдзельнічае ў яшчэ адным музычным праекце Wtbsk.

Яўген Кучмейна — мультыінструменталіст, музычны вундэркінд з Іўя. У 2016 годзе яго сола-праект tochka K перамог у «Басовішчы». Яўген з’яўляецца стваральнікам студыі гуказапісу Neman9. У 2026 годзе ён пераехаў у вёску Малыя Азяраны на польскім Падляшшы, што на мяжы з Беларуссю, па прапанове мясцовага солтыса (старасты), які захацеў «ажывіць вёску, што вымірала».

«Наша Ніва»: Свой новы альбом вы разам з Жэнем Кучмейнам запісвалі ва ўмовах, якія мала хто назаве камфортнымі — малюсенькая польская вёска Малыя Азяраны на мяжы з Беларуссю, якую замятала зімой, хатка, дзе ў маразы рукі маглі дубець, а ў спёку прыходзілася ахалоджваць ногі ў тазіку. Вядома, недзе гэта дадало песням унікальнасці — як з жывымі гукамі трэску агню ў печцы, — але ці мэтанакіравана выбіралася пісаць альбом так ці вымушана?

Святлана Бень: Жэня цяпер жыве там, у яго там арганізаваная студыя «Неман 9», і гэта было самым разумным рашэннем для таго, каб не здымаць студыю ў Берліне альбо дзесьці яшчэ, Таму нічога тут рамантычнага не было на старце. Але па выніку выйшла вельмі рамантычная і прыгожая, і трагікамічная, і трошку гераічная гісторыя запісу.

Святлана Бень і Яўген Кучмейна

«НН»: Ваш альбом ужо быў уганараваны высокімі адзнакамі крытыкаў — як праца, якая ўвойдзе ў гісторыю, як яшчэ адно моцнае музычнае выказванне эпохі вайны, як «наймацнейшы альбом новай «рэлаканцкай» сцэны». Гэтак жа цёпла была сустрэтая папярэдняя сумесная праца з Галяй Чыкіс. Такія важкія фармулёўкі грузяць ці радуюць душу?

СБ: Я стараюся надаваць такім фармулёўкам менш вагі ў сваёй галаве.

Для мяне гэта проста альбом, гэта проста песні, якія назапасіліся за 10 гадоў. Там няма нічога наўпрост ні пра эміграцыю, ні пра вайну. Ён цалкам пра ўнутраны стан, у які ўсе падзеі сусвету ўліваюцца вельмі неспадзявана і арганічна адначасова.

Я чытаю, канечне, што людзі пішуць. І гэта вельмі прыемна і важна тое, што яны знайшлі час і надалі гэтаму ўвагу. Але я стараюся, каб гэта пралятала праз маю галаву, не засядаючы ў ёй. Я проста чытаю і думаю: «Так, дзякуй вялікі». Хтосьці сказаў штосьці прыемнае, хтосьці скажа штосьці крытычнае, і гэта трэба неяк зафіксаваць. Але так, каб чужое меркаванне не ўздзейнічала на мае ўласныя адчуванні.

«НН»: Нягледзячы на тое, што ў падрыхтоўцы альбома прыняла ўдзел немалая колькасць людзей, усё ж асноўная праца лягла на вас з Яўгенам. Тое самае цяпер і на гастролях. І гэта вельмі аб’ёмная праца, ці прынясе яна вам сувымерную фінансавую ўдзячнасць?

СБ: Музыка — гэта галоўная і найважнейшая справа, якой мы жывём і з якой мы працуем. Але ж музыка — гэта шмат у чым пра служэнне. А не пра заробак.

Проста праз тое, што ўвесь час адбываюцца нейкія канцэрты ці іншыя творчыя падзеі, атрымліваецца, што мастацтва так ці інакш дазваляе выжываць.

Але тур — гэта не штосьці такое, што неяк значна зменіць нашу фінансавую сітуацыю. Гэта, хутчэй, пра сустрэчу са слухачамі і пра прыгоды ў розных гарадах.

«НН»: Адна справа жыць у вёсцы на Падляшшы як у выпадку з Яўгенам, і зусім другая — у Берліне, вельмі нятанным горадам. Як атрымалася там уладкавацца?

СБ: Мы з Берлінам знаходзімся ў класным рэзанансе. Ён паводзіць сябе як ненадзейны біпалярны каханак, які часам падкідвае праблемы, а часам ратуе і смешыць. Тут шмат сяброў і падзей. І прыгажосці.

Мы пэўны час жылі з дачкой разам з сябрамі ў розных кватэрах. Апошні год мы жывём у кватэры, у такім прыгожым доме, з дваром, які нагадвае мне маё віцебскае дзяцінства. Там такая ж вялікая сметніца на ўвесь двор, якая была ў Віцебску на вуліцы Міру. Лятаюць брудныя паперкі і тусуюцца асацыяльныя элементы пад вокнамі.

«НН»: А як справы з нямецкай мовай?

СБ: Усе мае праекты звязаныя з беларускай і рускай мовамі, таму я ніяк не прасоўваюся ў нямецкай. Я наведвала курсы, але яны скончыліся нічым. Ну, не кладуцца мне на слых нямецкія словы, не кладуцца ў галаву.

Дачка вучыцца ў школе.

«НН»: Пасля падзей 2020 года ты трапіла ў «чорны спіс артыстаў». Але да 2022 заставалася ў Беларусі. Ці была ўвогуле опцыя не з’язджаць?

СБ: Не, у мяне не было асаблівых шанцаў заставацца. Гэта было занадта небяспечна. У мяне была вялікая адказнасць перад дзіцём. І таму я не магла разважаць тут.

«НН»: Мы размаўляем у дзень, калі ў выніку беларуска-амерыканскіх перамоваў на волю выйшлі яшчэ 25 палітвязняў. Сярод іх, напрыклад, музыкі Tor Band, якіх жорстка пакаралі за творчасць. Чаму рэжыму стала недастатковым проста чорных спісаў у якасці пакарання?

СБ: Праблема не толькі ў музыцы і культуры.

Гэта проста агулам неабгрунтаваная, страшная бязлітаснасць, якая тычыцца ўсяго што зараз адбываецца ў Беларусі. Я б назвала яе яшчэ сляпой, недальнабачнай, нелагічнай. І паколькі яна нелагічная, я як чалавек з лагічным мысленнем не магу зразумець, што кіруе гэтымі людзьмі. А гэта вельмі-вельмі сумныя і незваротныя разбурэнні.

«НН»: У «Карове белай» ёсць радкі пра тое, што ты (і мы) маем патрэбу ў надзеі. У чым яна сёння для цябе? Што дапамагае ўсё вывозіць?

СБ: Мне хацелася б знайсці гэтую кропку, дзе яе можна было б адшукаць. Такая вось надзея ў мяне: знайсці надзею.

«НН»: У інтэрв’ю «Новай газеце. Еўропа» ты адзначала, што градус невыноснасці гэтага свету для цябе павысіўся пасля падзей 2014 года. З таго моманту ён толькі падвышаецца. У такіх умовах у цябе яшчэ захоўваецца нейкая вера ў справядлівасць?

СБ: Я думаю, што я ўвогуле не чакала ад сусвету нейкай лагічнасці і справядлівасці ў чалавечым разуменні. Мне падаецца, што кожны чалавек — гэта асобнае поле бою, дзе змагаюцца розныя сілы: і добрыя, і злыя, і чорныя, і светлыя. І кожны павінен адказваць за сваё поле бою. І ўсё.

А агульная сусветная справядлівасць (альбо несправядлівасць) мне падаецца адлюстраваннем таго, наколькі мы прайграем уласны бой. І трэба спачатку выйграць яго, а потым намагацца ўплываць на тое, што адбываецца ў свеце.

«НН»: Звяртаючыся зноў да паэзіі ў новым альбоме, там гучыць радок пра тое, што чалавек на 60% складаецца са слёз. А з чаго яшчэ сёння складаецца Святлана Бень?

СБ: Я складаюся з цыгарэт, кавы, дэдлайнаў і пастаяннай барацьбы адчайнай весялосці і страшнага адчаю.

«НН»: Бачылі ў адным з водгукаў на апошні альбом фразу, маўляў, яго не назавеш ні рускім, ні нямецкім, ні беларускім. Але ён, на наш погляд, суперпрабеларускі па кантэксце, не толькі таму, што там гучыць беларуская мова. Скажы, жывучы ў эміграцыі, ці не складана даецца пісаць паэзію і песні без сваёй зямлі пад нагамі?

СБ: Мне па прыродзе маёй неўласціва прывязвацца да нейкага месца. Усё самае важнае ў мяне адбываецца ў галаве, унутры, у сэрцы. І мне няма розніцы дзе жыць. Зусім. Думаю, што я маленькі такі фрактал Беларусі. Дзе б я ні жыла, я — яе метафізічны прадстаўнік, маленькая часцінка, мікраскапічная дыпламатычная місія.

У мяне ёсць любімая фраза, аўтарства святара і філосафа Паўла Фларэнскага, які быў забіты ў 1937‑м у сталінскіх лагерах. Пра тое, што «человек — это сжатый конспект мироздания». То бок, кожны чалавек — роўны ўсёй светабудове цалкам, проста ён сціснуты да гэтага маленькага фрактала, да маленькай адзінкі.

Беларусь для мяне больш, чым проста зямля ці месца. Яна высока-высока ўваходзіць і ў неба, і ў зямлю глыбока. А я — яе малекула.

«НН»: І чалавек, які не прывязваецца да месца, стварае гурт у гонар роднага Віцебска? (гаворка ідзе яшчэ пра адзін музычны праект з удзелам Святланы — Wtbsk. — НН)

СБ: Ну, гэта знак любові. Але мне не патрэбна быць непасрэдна ў тым месцы, якое я люблю. Мая любоў не залежыць ад таго месца, дзе я знаходжуся.

«НН»: Там-сям часам пачуеш пытанне: а ці магчымае адраджэнне «Серебряной свадьбы» хоць у якім фармаце?

СБ: Калі адказваць сцісла, то не, гурт не адновіцца, канечне ж.

«Серебряная свадьба» вельмі адпавядала свайму часу, больш бесклапотнаму, бяспечнаму. І стану майму, які быў у той час. І, канечне ж, нішто ў свеце не бывае надоўга, і ўсё разбураецца і разлятаецца, і гэта нармальна.

Проста гэты час скончыўся і скончылася тая я, потым з’явілася нейкая іншая, потым яшчэ іншая, зараз яшчэ. І я ніколі не вяртаюся да чагосьці, што было даўно. Я адразу лячу наперад.

Так цікава жыць і столькі ўсяго зараз адбываецца, што думаць пра тое, што скончылася 10 гадоў таму — гэта занадта раскошна. Гэта толькі па-дурному марнаваць час.

«НН»: А ці сыходзіцца тваё бачанне сябе ў будучыні з тым, як ты гэта сфармулявала ў мінулым — на беразе мора, а побач — свой палац?

СБ: Я абавязкова павінна жыць каля мора, у палацы! І я заклікаю ўсіх цікавых мужчын, у якіх ёсць палац каля мора, напісаць мне ліст кахання (пасміхаецца).

«НН»: А пра што яшчэ марыцца?

СБ: Я баюся пра што-небудзь марыць. Тут як з надзеяй: мая мара аб тым, каб пачаць зноў марыць.

«НН»: У дзяцінстве ты, сярод іншага, марыла стаць Чараўніцай ці Анёлам. Для многіх ваша музыка сёння — ратаванне і ацаленне. Ці можна лічыць, што ў нечым дзіцячая мара спраўдзілася?

СБ: Мне заўсёды вельмі хацелася дапамагаць. І калі хтосьці кажа, што мая музыка, ці спектаклі, ці кніжкі ім чымсьці дапамаглі, я адчуваю вялікае-вялікае шчасце. Але я баюся аб гэтым думаць вельмі моцна, каб гэта не ўздзейнічала на мяне.

Мне хацелася б рабіць куды больш. Я да гэтага часу вельмі шкадую, што не стала лекарам, як мае бацькі. Мне падаецца, я б зрабіла куды больш талковага, калі б лячыла людзей і прыносіла канкрэтную карысць.

Бо за тое, што я раблю зараз, я не адказваю, яно атрымліваецца часам неўсвядомлена. І калі выходзіць, што гэта спрацавала і камусьці дапамагло, то гэта зусім не дзякуючы мне, хутчэй праз мяне.

«НН»: Раскажы, дзе яшчэ можна будзе цябе бачыць і чуць у бліжэйшы час?

СБ: З Лінай Хесэ, той жа берлінскай мастачкай, якая рабіла са мной і кніжку і спектакль «Беспрацоўнае дрэва», і нашым сябрам, акцёрам і рэжысёрам Ваням Кільберам мы нядаўна паставілі спектакль, які называецца «10 признаков того, что вы попали в черную дыру».

Ён складаецца з такіх астрафізічных фактаў пра чорныя дзіры, якія мы перапрацоўвалі ў такім больш паэтычным, метафізічным бачанні. Мы сапраўды проста захацелі паставіць спектакль пра чорную дзірку. Нас вельмі яна цікавіла як фізічная і астранамічная з’ява. Таму што мы любім космас, фізіку, усё такое, звязанае з навукай і цудамі.

Пачаўшы працаваць з гэтай тэмай,

мы пабачылі, што чорная дзірка — гэта такая моцная метафара посттраўматычнага разладу і цяжкай дэпрэсіі. Усіх такіх адчайных станаў, у якіх зараз знаходзіцца шмат людзей. І мы проста пачалі капаць у гэты бок і супастаўляць дзве гісторыі: астрафізічную і чалавечую.

Сцэна са спектакля «10 признаков того, что вы попали в черную дыру»

Пакуль у нас плануецца выезд з гэтым спектаклем у Мюнхен на фестываль і яшчэ паказ у Берліне. А потым будзем глядзець: куды паклічуць, туды і паедзем, будзем радыя.

Яшчэ вельмі заклікаю паслухаць наш аўдыяспектакль «Ператварыўшыся імгненна ў аганёк…» (новы праект выдавецтва «Пфляўмбаўм», прысвечаны Зінаідзе Бандарынай — адной з самых выбітных беларускіх паэтак эпохі «Маладняку». — НН).

Гэта вельмі кранальны, прыгожы спектакль, у які ўклалі свае сілы шмат беларускіх акцёраў. Жэня Кучмейна напісаў да яго музыку — там вельмі прыгожыя песні. Мне падаецца, гэта вельмі сардэчны праект.

«НН»: Што наконт яшчэ аднаго твайго музычнага праекта — Wtbsk?

СБ: Я граю там са сваім лепшым сябрам Сярожам Навіцкім (ён таксама з Віцебска). І нам вельмі дапамагае Міша Радзівонаў, выдатны спявак, вядомы многім па гурце The Retuses. Міша таксама ў эміграцыі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, у Берліне. Мы працягваем наш сумесны праект далей. Шмат выступалі апошнім часам на розных паэтычных мерапрыемствах. А ў працы ў нас — звядзенне альбома, які мы ўжо запісалі, засталося толькі давесці яго да толку.

З бліжэйшага — мы прымем удзел у фестывалі Мінск x Мінга (штогадовы культурны фестываль у Мюнхене. — НН), выступім там 9 кастрычніка.

«НН»: Многія беларусы сёння жывуць у трывожным разладзе, нехта — з ПТСР, нехта з пачуццём віны і іншымі складанымі пачуццямі — што б ты ім пажадала?

СБ: Я б хацела сказаць гэта ўсім людзям, якія перажываюць цяжкія часы (а такіх сярод беларусаў вялікая колькасць). А я ў сваю чаргу пачула іх ад спецыялісткі, якая працуе з людзьмі з ПТСР, перад тым, як мы пачалі рабіць спектакль пра чорную дзірку.

Яна распавяла, што калі чалавек перажыў нейкі вельмі цяжкі стрэсавы досвед, калі сутыкнуўся з чымсьці страшным, гэта бывае не так лёгка вытравіць з сэрца, і не так лёгка зноў знайсці нейкую радасць і ўвогуле вярнуцца да нармальнага жыцця. І здаецца, што гэтай чорнай яме не будзе ніякага канца. І што тут ёсць адзін такі падвох: чалавек намагаецца з гэтым змагацца, ідзе да сяброў, ідзе на нейкае мерапрыемства, намагаецца радавацца прыгожаму світанку, едзе ў лес. Ён робіць, робіць, робіць нейкія крокі, каб выратавацца, каб яму стала лягчэй, каб яго адпусціла, але яго не адпускае. І гэта адбываецца першы раз, дзясяты, трыццаты, соты.

І вось спецыялістка сказала, што самае галоўнае — гэта памятаць, што гэтая яма, яна ўсё ж аднойчы напоўніцца. Проста ў кожнага яна свая. І невядома, колькі табе трэба для гэтага намаганняў: 100 ці 200, ці 215. І ты не павінен здавацца на 200-м, табе засталося яшчэ 15.

Яшчэ яна сказала фразу, якая стала потым у нас эпіграфам: што страшнае і катастрофы — гэта не ўсё тваё жыццё, гэта толькі частка. Гэта не займае ўвесь аб’ём цябе. Будуць іншыя часткі.

Не ведаю, наколькі гэта важна пачуць камусьці. Але для мяне гэта былі вельмі важныя словы, якія вельмі мяне падтрымалі.

nashaniva.com