Ад Baldur’s Gate 3 да Minecraft: з’явіўся сайт-каталог, дзе сабраны 180 відэагульняў па-беларуску

Новы рэсурс сістэматызуе для геймераў як афіцыйныя беларускія лакалізацыі гульняў, так і фанацкія пераклады — больш не трэба шукаць файлы па розных форумах і старонках лічбавых крам.

Кадр з The Elder Scrolls IV: Oblivion Remastered, якая даступна па-беларуску

Аўтарам праекта пад назвай belarusian.games выступіў распрацоўшчык Уладзіслаў Лапко. Пра з’яўленне і тэхнічныя асаблівасці працы гэтага гульнявога хаба паведаміў тэлеграм-канал BelKantent.

Напаўненне базы са 180 гульняў шмат у чым аўтаматызавана: сістэма самастойна збірае даныя праз API, а чарнавы пераклад апісанняў выконваецца з дапамогай штучнага інтэлекту Gemini 2.5 перад фінальнай ручной мадэрацыяй. 

Галоўная старонка сайта. Скрыншот

Для зручнага пошуку карыстальнікі могуць адфільтраваць кантэнт па пяці асноўных катэгорыях: лакалізатар, платформа, крама, жанр і тэг. Гэта дазваляе ў некалькі клікаў аддзяліць прафесійныя пераклады ад аматарскіх мадыфікацый або знайсці гульню пад канкрэтную аперацыйную сістэму.

Асаблівую ўвагу прыцягвае колькасць праектаў, якія ўжо даступныя па-беларуску, у тым ліку дзякуючы руплівай працы супольнасці перакладчыкаў.

Сярод гульняў па-беларуску прысутнічаюць сапраўдныя тытаны індустрыі, такія як маштабная ролевая гульня Baldur’s Gate 3, якая стала бясспрэчным трыумфатарам і найлепшай гульнёй 2023 года, а таксама выбітны інтэлектуальны дэтэктыў Disco Elysium — The Final Cut, прызнаны адной з найлепшых сюжэтных гульняў у гісторыі.

У базе прысутнічаюць культавы постапакаліптычны шутар S.T.A.L.K.E.R.: Shadow of Chernobyl і нядаўні працяг серыі S.T.A.L.K.E.R. 2: Heart of Chornobyl. Не засталіся па-за ўвагай і легендарныя экшаны: гульцы могуць прайсці на роднай мове знакамітую Half-Life 2 разам з яе маштабным фанацкім рэмейкам Black Mesa, а таксама згуляць у самы папулярны ў свеце шматкарыстальніцкі камандны шутар Counter-Strike.

Старонка The Elder Scrolls IV: Oblivion Remastered, якая выйшла летась. Скрыншот

Аматарам класікі даступныя ролевыя эпікі The Elder Scrolls V: Skyrim, The Elder Scrolls IV: Oblivion Remastered, Fallout: New Vegas і гістарычная Kingdom Come: Deliverance.

На сайце можна знайсці пераклады для самай папулярнай пясочніцы ў свеце Minecraft, глыбокага навукова-фантастычнага сімулятара калоніі RimWorld, змрочнай і атмасфернай метраідваніі Hollow Knight, надзвычай паспяховага ўтульнага сімулятара фермера Stardew Valley і хардкорнага платформера Celeste.

Дапаўняюць карціну маштабныя стратэгіі з серый Sid Meier’s Civilization і Mount & Blade, кааператыўныя хіты Deep Rock Galactic і Don’t Starve Together, а таксама прасторавая галаваломка Portal ад кампаніі Valve і напружаны хорар Outlast.

Асобным здабыткам лічбавай бібліятэкі з’яўляецца наяўнасць праектаў з поўнай беларускай агучкай. Хоць такіх гульняў у каталогу пакуль толькі пяць, яны ахопліваюць розныя жанры.

Пачуць галасавое суправаджэнне на роднай мове сёння можна ва ўжо згаданай гульні-галаваломцы Portal і яе тэматычным спін-офе Bridge Constructor Portal. Таксама беларускую агучку маюць бясплатны футбольны сімулятар новага пакалення UFL, гістарычная прыгодніцкая гульня ў дэкарацыях Беларусі XIII стагоддзя Tales of Meadows і дынамічная казуальная аркада Beat Bound by arficord.

nashaniva.com