Міністэрства інфармацыі Беларусі 16 чэрвеня зноў папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Экстрэмісцкім» прызнаны змест старонкі ў Facebook з назвай Nastassia Rouda (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/nastassia.rouda). Рашэнне пра гэта 12 чэрвеня 2026 года прыняў суд Глускага раёна Магілёўскай вобласці.
Наста Роўда — журналістка, дырэктарка выдання «Наша Ніва», вядоўца ютуб-канала «ТОК», дзе размяшчаюцца гутаркі з вядомымі асобамі.
Гэтаксама 12 чэрвеня 2026 года суд Глускага раёна Магілёўскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» яшчэ некалькі старонак у Facebook. Паводле рашэння гэтага суда ў абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ўключылі старонку Hanna Liubakova (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/megaplumpudding), якая належыць журналістцы Ганне Любаковай, сёлета ўганараванай узнагародай Amnesty International Chair 2026 за асвятленне аўтакратыі, рэпрэсій і дэмакратычнага супраціву ў Беларусі.
«Экстрэмісцкім» суд Глускага раёна прызнаў і змест старонак у Facebook пісьменніцы Югасі Каляды (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/juhasia.kaliada) і юрысткі Ганны Маціеўскай (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/anna.matsiyeuskaya).
Дарэчы, паводле версіі сайта тэлеканала Belsat, менавіта суд Глускага раёна з’яўляецца лідарам па прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» сярод усіх рэгіёнаў Беларусі.
Рэвізію ў Facebook праводзіла і пракуратура Наваполацка. У выніку 12 чэрвеня 2026 года Наваполацкі гарадскі суд на пазоў пракуратуры прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт старонкі «Pozirk – Навіны пра Беларусь» (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/pozirkonline?locale=ru_RU), афіляванай з незалежным беларускім выданнем «Позірк».

Той самы суд 12 чэрвеня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку «Эй Варшава•Новости» ў Facebook (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/profile.php?id=100087178985808&locale=ru_RU).
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ў адпаведнасці з рашэннем суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ад 12 чэрвеня 2026 года ўключылі і старонку ў Instagram з назвай bialevich_m (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/bialevich_m), якая належыць блогеру Мікіту Бялевічу.
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс унеслі Instagram-акаўнт rightlivelihood (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/rightlivelihood) і старонку з назвай Right Livelihood у Facebook (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/rightlivelihood). Гэта інтэрнэт-рэсурсы міжнароднага дабрачыннага фонду і праваабарончай арганізацыі, якая падтрымлівае абаронцаў правоў чалавека. Іх 11 чэрвеня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці.
