Падпішыся за сцяг! Збіраюць подпісы пад петыцыяй за ўсталяванне бел-чырвона-белага сцяга на Грунвальдскім полі

Грнвальдскае поле. Фота: podrozepoeuropie.pl

Беларусы апублікавалі петыцыю, у якой просяць кіраўніцтва Музея Бітвы пад Грунвальдам даць дазвол на ўсталяванне штандара з бел-чырвона-белым сцягам на тэрыторыі Грунвальдскага поля.

Грунвальдская бітва 1410 года стала адной з найважнейшых падзей у гісторыі народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У гэтай бітве палякі, беларусы, літоўцы, украінцы, татары і прадстаўнікі іншых народаў Еўропы супольна абаранялі свае дзяржавы — Карону Польскую і Вялікае Княства Літоўскае — ад знешняй агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Гэта была барацьба за права жыць на сваёй зямлі, захоўваць сваю культуру, сваю веру і сваю свабоду.

Супольная перамога аказалася поўнай і пераломнай. Яна прывяла да таго, што пагроза заваявання народаў нашай часткі Еўропы знешнімі захопнікамі была ліквідаваная на стагоддзі, а Грунвальд стаў сімвалам адзінства, узаемнай падтрымкі і агульнай адказнасці за будучыню.

Сёння ў памяць пра гэтыя падзеі на Грунвальдскім полі ўсталяваныя дзяржаўныя сцягі Польшчы, Літвы. Яны нагадваюць пра народы, якія разам змагаліся за свабоду і перамаглі.

Беларусы таксама былі неад’емнай часткай гэтай перамогі. Таму ўсталяванне побач з польскім, літоўскім і ўкраінскім сцягамі беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага штандарта з’яўляецца актам гістарычнай справядлівасці і салідарнасці паміж нашымі народамі, адзначаюць аўтары петыцыі.

Для мільёнаў беларусаў бел-чырвона-белы сцяг з’яўляецца сімвалам свабоды, чалавечай годнасці і вернасці еўрапейскім каштоўнасцям.

На думку аўтараў звароту, усталяванне бел-чырвона-белага штандарта на Грунвальдскім полі стане не толькі актам гістарычнай справядлівасці і ўшанаваннем укладу беларусаў у супольную перамогу 1410 года, але і сімвалам будучых перамог на шляху да свабоды, салідарнасці і адраджэння беларускага народа.

Падпісаць петыцыю можна тут.

budzma.org