“Беларусь – гэта святое” – у візіт-цэнтры Сейма Літвы ў Вільні 23 чэрвеня прайшла прэзентацыя кнігі пісьменніка і палітыка Паўла Севярынца. На імпрэзу завіталі сябры і знаёмыя Паўла, журналісты, былыя палітвязні, святары, а таксама літоўскія дэпутаты Жыгімантас Павілёніс і Русланас Баранавас.

Паводле Паўла Севярынца, прэзентацыя прайшла ў няпросты час, але ён быў вельмі рады бачыць у візіт-цэнтры вялікую грамаду беларусаў:
– Адбываецца гэтая сустрэча ў вырашальныя часы, таму што неўзабаве завершыцца ўльтыматум Зяленскага, а Лукашэнка сабраўся ў доўгую камандыроўку кудысьці ў далечыню. Вельмі можа быць, што нас чакаюць вырашальныя выпрабаванні і змены. Галоўнае, каб не было вайны. Для беларусаў зараз гэта вельмі актуальна, мы як ядзерная мішэнь, гэта вельмі кепска, калі ў Беларусі пачнецца гарачая вайна.

Як кажа вядоўца імпрэзы і сябра Паўла Барыс Гарэцкі, ён рады таму, што змог паўдзельнічаць у падрыхтоўцы і прэзентацыі гэтай кнігі:
– Для мяне гэтая кніга – сведчанне стойкасці Паўла. Ён цярпеў вельмі моцны пераслед. Сядзеў з людзьмі, якія максімальна неадэкватныя. Яго саджалі з людзьмі, якія проста выводзілі яго з сябе ў гарадзенскай турме. Расказваў, што гэта было проста псіхалагічнае выпрабаванне. Па-першае, людзі на яго стучалі, пастаянна пісалі на яго розныя «малявы». І знаходзячыся ў такіх умовах, ён піша вершы, малюе малюнкі, піша кнігі. Наступная кніга наперадзе.
Кніга “Беларусь – гэта святое” складаецца з 22 вершаў, 71 малюнка беларускіх храмаў і 71 выслоўя.
Прэзентацыі гэтай кнігі раней ужо адбыліся ў Варшаве, Беластоку і Лондане.





