
Беларусы зарэгістравалі ў Польшчы ініцыятыву стварэння беларускага ўніверсітэту высокага ўзроўню, сфарвамалі супольнасць з паўсотні экспертаў, цяпер шукаюць падтрымкі ініцыятывы. У спісе прыхільнікаў ідэі з’яўляецца ўсё больш гучных імёнаў.
Нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі далучыўся да падпісантаў адкрытага ліста за стварэнне Беларускага даследчага ўніверсітэту імя Астафея Валовіча, паведамілі ініцыятары стварэння гэтага ўніверсітэту. Далучыцца да ліста можна напісаўшы на электронную пошту admin@valovic.university.
У спісе падпісантаў ліста ўжо былі жонка Бяляцкага Наталля Пінчук, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Святлана Алексіевіч, прафесарка гісторыі Марсі Шор і прафесар філасофіі Джэйсан Стэнлі, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, галоўны рэдактар Gazeta Wyborcza Адам Міхнік, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні Івонка Сурвіла, украінскі гісторык Яраслаў Грыцак, а таксама даследчыкі, выкладчыкі і эксперты з ЗША, Канады, Злучанага Каралеўства, Аўстрыі, Бельгіі, Літвы, Нарвегіі, Нямеччыны, Польшчы, Украіны і Беларусі.
Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча – зарэгістраваная ў Польшчы асацыяцыя, акадэмічная ініцыятыва стварэння ўніверсітэту, які ў перспектыве мог бы дзейнічаць як вышэйшая навучальная ўстанова ў Польшчы і працаваць на еўрапейскім узроўні ў розных галінах беларусазнаўства і найперш на беларускай мове, а таксама на англійскай. Адукацыйная дзейнасць, паводле задумы, будзе арыентаваная найперш на магістарскія і дактаранцкія праграмы – не толькі на онлайн-навучанне і бакалаўрэат.
«Ініцыятары праекту зыходзяць з таго, што беларускія даследчыкі ў выгнанні – гэта не толькі супольнасць, якая патрабуе падтрымкі. Гэта таксама крыніца ведаў пра Беларусь, экспертнага досведу, міжнародных сувязяў і даследчых кампетэнцыяў, неабходных для разумення сучасных працэсаў і будучай трансфармацыі краіны», – гаворыцца ў прэс-рэлізе ініцыятывы.
Цяпер праект сфармаваў супольнасць з больш як паўсотні даследчыкаў, мае афіцыйную рэгістрацыю асацыяцыі ў Польшчы, канцэпцыю развіцця, стратэгічны і акадэмічны планы, праводзіць адкрытыя лекцыі і публічныя дыскусіі. Надалей плануе здабываць інстытуцыйную і палітычную падтрымку, нанязваць партнёрства з польскімі і міжнароднымі ўніверсітэтамі, а таксама прыцягваць фінансаванне для запуску пілотнай фазы.
***
Астафей Валовіч, у гонар якога названы праект універсітэту, гэта дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя, які сярод іншага браў удзел у падрыхтоўцы Статутаў 1566 і 1588 гадоў, актыўна падтрымліваў развіццё адукацыі і кнігадрукавання, фінансаваў друкарню ў Нясвіжы і падтрымліваў дзейнасць мысляроў, такіх як Сымон Будны. Валовіч выступаў з ініцыятывай стварэння вышэйшай навучальнай установы, што ўрэшце прывяло да заснавання Віленскага ўніверсітэту.
