Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Новаўвядзенні ў надглядзе закранаюць як тых, хто вяртаецца на радзіму з Еўропы аўтобусам, так і тых, хто прылятае з адпачынкаў ці камандзіровак самалётам.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Тым, у каго ў біяграфіі быў палітычны пратакол, пры праходжанні мяжы, апроч праверкі тэлефона, загадваюць раздзявацца.

Як распавялі «Нашай Ніве» некалькі чалавек, упершыню на практыку распранання на мяжы, яны натрапілі вясной.

«Праверкі такія пачаліся як мінімум з красавіка. Хаця распранаюць не заўсёды — могуць абмежавацца праглядам тэлефона.

Але калі ўсё ж раздзяваюць, просяць застацца ў адных трусах. Адбываецца гэта пры двух панятых — сваіх (напрыклад, прыбіральшчыцы) ці рандомных людзей з аўтобуса. Пасля на подпіс працягваюць пратакол пра тое, што правялі надгляд. Пры гэтым ніхто не тлумачыць, у чым справа — «такое распараджэнне зверху», — апісвае непрыемны досвед адзін з суразмоўцаў.

Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ аднаму беларусу, які перажыў такі досвед па вяртанні з Еўропы дамоў, патлумачылі, што такія дзеянні могуць праводзіцца па рашэнні начальніка мытні ў дачыненні да асобы, «калі да яе няма даверу».

Жанчыну, якая прыляцела з сям’ёй з адпачынку ў Турцыі, забралі на індывідуальны надгляд, бо пасля выбараў 2020‑га яе затрымлівалі на маршы.

«Мяне раздзелі да трусоў і станіка. Пры мне, акрамя мытніцы, знаходзіліся дзве так званыя панятыя — дзяўчыны з пашпартнага кантролю. Мытніца праверыла ўсе швы ў маіх рэчах. Праглядзела ў тым ліку мой абутак і шкарпэткі, каб праверыць, ці не схавана там чагосьці», — расказвала яна знаёмым.

Жанчыну з 2020‑га спыняюць на мяжы ўвесь час, нават калі яна вяртаецца з Расіі. Праўда, раней усё абмяжоўвалася праглядам тэлефона.

«Я спытала, што за новаўвядзенне. Мне адказалі, што дадатковы надгляд рэчаў робіцца выбарачна па загадзе начальніка мытні. Прычым цяпер яны могуць рабіць і надгляд цела — маўляў, такія вось у іх рэформы».

Згодна з артыкулам №329 Мытнага кодэкса ЕАЭС, асабісты надгляд на мяжы можа праводзіцца пры наяўнасці падставы лічыць, што грамадзянін хавае ў сябе пэўныя тавары, якія парушаюць правілы іх перамяшчэння па тэрыторыі краін Еўразійскага эканамічнага саюза. У выпадку Беларусі гэтым правілам злоўжываюць, каб трымаць народ у няволі і пакоры.

nashaniva.com