У Беларусі сканчаецца гадавая квота на бязмытны ўвоз электрычных аўтамабіляў

Зарадная станцыя ў Беларусі. Архіўнае фота

Апрача малых квотаў ад так званай Эўразійскай эканамічнай камісіі, у Беларусі бракуе ладавальных станцыяў для электрамабіляў.

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў 14 ліпеня:

«У сувязі з рэзка ўзрослай колькасьцю электрамабіляў, якія суб’екты гаспадараньня ўвозяць з ільготамі, інфармуем аб прагназаваным хуткім вычарпаньні нададзенай колькаснай квоты».

Паводле Мытнага камітэту, для юрыдычных асобаў засталася квота на бязмытны ўвоз 810 штук, для грамадзян — 1987 электрычных аўтаў.

Пасьля вычарпаньня ўсяго абʼёму за далейшы імпарт давядзецца плаціць увознае мыта ў памеры 15 працэнтаў ад цаны транспартнага сродку, — папярэдзіў Мытны камітэт.

Ад 22 студзеня ў Беларусі ўступіла ў сілу рашэньне аб такіх квотах Эўразійскай эканамічнай камісіі, структурнага падразьдзелу арганізацыі Эўразійскі эканамічны саюз (ЭАЭС), у які ўваходзіць Беларусь разам з Расеяй і некалькімі цэнтральнаазіяцкімі краінамі.

Паколькі Расея абараняе сваіх вытворцаў аўтамабіляў, яна абмяжоўвае імпарт на тэрыторыю ЭАЭС аўтамабіляў вытворцаў іншых краін. Таму на бязмытны імпарт электрычных аўтамабіляў у Беларусь увялі квоты. У 2026 годзе квота складае 20 тысяч аўтамабіляў за год. Гэтую квоту фактычна вычарпалі за паўгоду.

Урад Беларусі разьмеркаваў гэтую квоту наступным чынам: 13 800 электрамабіляў маюць права ўвезьці юрыдычныя асобы і 6200 — фізычныя асобы.

Чаму гэта важна

Беларусі выгадна разьвіваць электрычны транспарт, які спрыяе абароне прыроднага асяродзьдзя, незалежнасьці ад імпартнага паліва, эканоміі рэсурсаў.

Але Расея не зацікаўленая ў разьвіцьці электратранспарту ў краінах ЭАЭС, дзе яна мае значны ўплыў, бо гэта падрывае яе вытворчасьць аўтамабіляў з бэнзінавымі рухавікамі.

«Калі паглядзець на сухія лічбы, кантраст паміж Беларусьсю і Расеяй у сфэры электратранспарту здаецца дзіўным. На беларускія 9 млн насельніцтва прыпадае 54 тыс. электрамабіляў. А ў вялізнай Расеі зь яе 140-мільённым насельніцтвам іх усяго каля 90 тыс. Прычына такога разрыву — у розным дзяржаўным падыходзе і ў структуры эканомікі. Для Беларусі пераход на электрамабілі ня проста даніна экалягічнай модзе, а пытаньне нацыянальнай эканамічнай бясьпекі. Увод у эксплюатацыю ўласнай атамнай электрастанцыі стварыў прафіцыт энэргіі, якую трэба пісьменна выкарыстоўваць», — заявіў у інтэрвію дзяржаўнай газэце «Мінская праўда» старшыня Беларускай асацыяцыі электратранспарту Сяргей Худаешка.

Чаму ў Беларусі стрымліваецца разьвіцьцё электрычнага транспарту

Беларусь, якая мае залішнюю вытворчасьць электраэнэргіі на сваёй АЭС, ня можа разьвіваць электратранспарт празь ціск асноўнага саюзьніка. У Расеі сытуацыя іншая, чым у Беларусі: гэта нафтавая краіна, бюджэт якой шмат у чым залежыць ад продажу вуглевадародаў.

Таму Эўразійскі міжурадавы савет, куды ўваходзяць кіраўнікі ўрадаў краін ЭАЭС, уводзіць квоты на бязмытны імпарт электрамабіляў.

У Эўразійскі міжурадавы савет уваходзяць кіраўнікі ўрадаў Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі.

Беларусь у пашырэньні электрамабіляў адстае ад эўрапейскіх краін, бо ў яе мала зарадных станцыяў. Як паведаміла прэс-служба Беларускай АЭС, летась у Беларусі было зарэгістравана 44 тысячы электрамабіляў і 1870 зарадных станцыяў. Станцыяў бракуе асабліва ў рэгіёнах і на трасах, таму інфраструктурныя абмежаваньні тармозяць разьвіцьцё электратранспарту. На адну зарадную станцыю прыпадае 23,5 аўтамабіля.

У Польшчы супастаўная колькасьць электрамабіляў — як паведамляе польскае выданьне Motofakty.pl, іх 102,4 тысячы. Але станцыяў зарадкі ў Польшчы значна больш — 11 173. Польшча дасягнула ўзроўню Бэльгіі — 9 электрамабіляў на станцыю — і стала лідэрам у Эўропе. У Францыі і Гішпаніі на адну станцыю прыпадае 12 электрамабіляў.

Раней прадстаўнікі Акадэміі навук Беларусі ня раз абвяшчалі намер стварыць айчынны электрамабіль. Але прэзэнтаваныя пасьля ўзоры мелі абмежаваную лякалізацыю. Навукоўцы заяўлялі пра складанасьць арганізацыі поўнага цыклю вытворчасьці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку праз спэцыфіку вырабу батарэяў, брак лініі вытворчасьці кузаваў і інш.

svaboda.org