У пачатку сакавіка прадзюсарка і рэжысёрка Воля Чайкоўская разам з камандай фестывалю “Паўночнае ззянне” запусціла першы беларускі анлайн-кінатэатр VODBLISK. Backstage.place паразмаўлялі з Воляй пра важнасць гэтага праекту, аўтэнтычнасць беларускага кіно і пра час, калі сістэмныя змены стануць магчымымі.
— Сёння кіно сапраўды збольшага існуе на анлайн-пляцоўках, а не толькі выключна ў кінатэатрах. Скажы, калі ласка, калі ў цябе з’явілася гэтая ідэя і наколькі складана было яе рэалізаваць?
— Ідэя анлайн-кінатэатра VODBLISK у прынцыпе сама лунала ў паветры. Да мяне пастаянна звярталіся людзі з пытаннем: дзе паглядзець твае фільмы, дзе ўвогуле глядзець беларускае кіно? Я магла толькі паціснуць плячыма і сказаць, што нешта можна ўбачыць на нейкіх замежных рэсурсах, а так чакайце, можа, пакажам штосьці на “Паўночным ззянні”. Або на нейкiх іншых беларускiх кiнафестывалях.
Карацей, падставай стварэння VODBLISK сталi абмежаваныя магчымасці паглядзець беларускае кіно. І канешне, мне хацелася нейкім чынам гэтую сітуацыю змяніць, каб наша кіно ў пэўным сэнсе стала больш даступным. Канцэпт мы распрацоўвалі дзесьці паўгады. Добра, што я рабіла гэта разам з камандай фестывалю “Паўночнае ззянне”, якая мела ўжо неабходныя інструменты і ведала, як імі карыстацца. Многія рэчы нам наноў не прыйшлося распрацоўваць.
Пакуль у бліжэйшы год мы збіраемся рэлізіць па адной стужцы ў месяц. Доступ для беларусаў у Беларусі – пакуль бясплатны і па часе неабмежаваны. Найвялікшая задача ў будучым – уключыць больш стужак, каб людзі мелі магчымасць выбіраць з большай колькасці.
— Не магу не спытаць пра назву – вельмі паэтычную і натхняльную…
— Было шмат розных варыянтаў. Але неяк мне прыйшла менавіта гэтая ідэя. Па-першае, цудоўнае беларускае слова. Тут таксама ёсць нейкая адсылка да “Паўночнага ззяння”. А яшчэ рэфлексія, адлюстраванне. Нібы тое рэха – толькі візуальнае. Таму водбліск!
— Калі адкрыць ваш інстаграм, бачна, што вы плануеце браць інтэрв’ю ў фільммэйкераў, ствараць нейкія рэгулярныя рубрыкі. То бок нешта кшталту невялічкага медыя?
— Пра медыя… Такая ідэя прысутнічае, але пакуль рана пра гэта казаць, бо спачатку трэба зразумець, ці ёсць на гэта магчымасці. А так, акрамя фільмаў, мы сапраўды запускаем розныя рубрыкі. Напрыклад, мемы, якія збіраемся рабіць па матывах кожнага фільма, што будзем паказваць. Зараз ужо на прыкладзе стужкі “Мая бабуля з Марса” можна паглядзець, якімі цікавымі яны ў нас атрымаліся.
Таксама мы запусцілі рубрыку “Пытанне да рэжысёра ці рэжысёркі”. У нас будуць і эфіры з аўтарамі фільмаў. Яшчэ мне асабіста шмат людзей пішуць у прыват і пытаюцца пра нейкія рэчы. Я не магу знаходзіць час для ўсіх, няма магчымасці даваць асабістыя кансультацыі. Таму вырашыла рабіць інфасэсіі, дзе можна будзе пакамунікаваць са мной, задаць пытанні. Я рада дзялiцца сваім досведам. А таксама камунікацыя з людзьмі і іх запытамі дае агляд сітуацыі і мне самой як прадзюсарцы, рэжысёрцы, заснавальніцы праекту.
— Беларускае кіно, на жаль, пакуль не такое вядомае і папулярнае, як нам бы хацелася. Як шукаць баланс, калі прагляды, гонка за імі, на жаль, рэальнасць 21 стагоддзя?
— Папулярнасць, лайкі – усё гэта складана і балюча. Калі шчыра казаць: ну сапраўды няшмат аўдыторыі, якая цікавіцца беларускім кіно. Наша задача – яе пашыраць. І роля медыя тут, калі казаць менавіта пра нашых партнёраў, вельмі вялікая. Падзяка ўсім, хто пра нас піша. На медыя таксама вялікая адказнасць за тое, каб гэтых праглядаў было больш, як і зацікаўленасці.
— Воля, ты ўжо даўно ў кантэксце незалежнага фільммэйкінгу. Як бы ты магла апісаць, якое яно – незалежнае кіно Беларусі зараз?
— Яно самабытнае, аўтэнтычнае. Яно рызыкоўнае. Яшчэ – вельмі каштоўнае, таму што знаходзіцца на мяжы выжывання. Яго практычна як від можна заносіць у Чырвоную кнігу. Заставацца ў кіно вельмі няпроста, гэта непрыбытковая гісторыя, няма індустрыі. Беларускае кіно жыве, але пытанне “ці існуе” – заўсёды побач.
— Многія да гэтага часу, на жаль, не разумеюць не толькі, якое яно, а што яно наогул ёсць!
— Я як чалавек, які добра ўпісаны ў міжнародны кантэкст, ужо не адчуваю сваей недатычнасці да кінандустрыі, хаця калі пачынала, то прыйшлося прайсці вялікі шлях па пераадоленні сіндрома самазванца. Гэта па-першае. Па-другое, у цэлым складана ўпісацца ў беларускую кінаіндустрыю, бо кіно беларускае ўсё-такі ёсць, а індустрыі – пакуль няма.
Я прадзюсерка, рэжысёрка, фільммэйкерка. Я займаюся гэтым прафесійна. І ў мяне цяпер не паўстае пытання, што я займаюся чымсьці, чаго няма. Але гэта сапраўды не заўжды так для большасці беларускіх фільммэйкераў. Для многіх адсутнасць кантэксту, сур’ёзнага стаўлення да нашага кіно – гэта вялікая праблема. І тут толькі комплекс мераў, час, падтрымка медыя дапамогуць змяніць стэрэатыпнае стаўленне да таго, ці існуе ўвогуле беларускае кіно.
Наша праца на фестывалі, у межах анлайн-кінатэатру на гэта і накіравана. Метадычна, сістэматычна, паслядоўна, крок за крокам гэта стаўленне змяняць і пашыраць веды пра незалежнае кіно Беларусі.
— А як самастойна пашыраць гэтыя веды, калі ёсць такое жаданне? Дзе шукаць інфармацыю, якой, на жаль, няшмат?
— Знаёмства з беларускім кіно – гэта пытанне фокусу! Калі ты скацэнтраваны на тым, каб пра нешта новае даведвацца, прастора абавязкова будзе падкідваць больш цікавага карыснага кантэнту. Так, гэта кроплі ў моры, іх трэба доўга збіраць, гэта складана. Але як ёсць. Галоўнае – зацікаўленасць! Няма адной канкрэтнай пляцоўкі, дзе сабрана ўся неабходная інфармацыя.
Я ўвогуле не вельмі люблю сітуацыі кшталту, калі чалавек толькі пачынае пра нешта дазнавацца і кажа: ну так, ёсць вось гэта і гэта, а што яшчэ? Дык вы спачатку вось гэта канрэтнае і вывучыце, а пасля пойдзем далей! Калі хочацца бліжэй пазнаёміцца з беларускім кіно, пачніце з “Паўночнага ззяння” і перагледзіце ўсе тыя фільмы, якія мы паказвалі з 2017 года кропкава, а з 2020 рэгулярна! Я нават хацела б паглядзець на гэтых людзей, якія ўвесь гэты матэрыял праштудзіруюць (смяецца). Далей можна пачаць гугліць імёны, іншыя фільмы. Толькі так – крок за крокам.
— Тое ж тычыцца і сістэмных зменаў у беларускай кінавытворчасці? Ты ўвогуле іх бачыш? Як магла б іх ацаніць?
— Сістэмныя змены, яны павінны быць на ўзроўні дзяржавы. Дзяржава павінна быць свабодная, незалежная, прагрэсіўная. Тая, якая будзе спрыяць таму, каб незалежнае кіно развівалася ў яе межах. А там далей усё не так складана. Можна параймаць досвед замежных калегаў, не трэба вынаходзіць ровар. Я магу расказаць, што трэба рабіць! (смяецца)
Аднак зараз, на жаль, мы можам разважаць выключна пра беларускае кіно ў выгнанні. Так, вельмі добра, што з’яўляюцца інстытуціі, якія намагаюцца падтрымліваць незалежнае кіно, па сутнасці не знаходзячыся ў Беларусі. Напрыклад, я сама з групай калег і каляжанак стала сузаснавальніцай Беларускай Незалежнай Кінаакадэміі. Нашая мэта – стварыць такую інстытуцыю, якую пад час вызвалення Беларусі ад дыктатуры можна будзе перанесці ў краіну і яна там будзе эфектыўна функцыянаваць. А пакуль – каб яна проста якасна працавала на карысць беларускага незалежнага кіно ў выгнанні. Каб былі змены, патрэбна глеба!
Пакуль мы не можам вярнуцца ў Беларусь, трэба ствараць гэтую глебу, гэты падмурак на адлегласці тымі сродкамі, якія мы маем зараз.
— Хочацца… як бы ты прадоўжыла сказ?
— Каб VODBLISK стаў найбуйнейшым, найзручнейшым, найпапулярнейшым анлайн-кінатэатрам. Каб ён паспяхова выконваў амбасадорскую місію па прасоўванні беларускага незалежнага кіно. Каб нас глядзелі, каб наша аўдыторыя пашыралася. І ў цэлым, каб мы былі такімі стылёвымі, класнымі і любімымі!