У Італіі абмеркавалі пратэрмінаваныя пашпарты і прававую сітуацыю беларусаў

Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў, кіраўніца Цэнтру беларускай супольнасці і прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Італіі Юлія Юхно, праваабаронца «Вясны», былы палітзняволены Уладзімір Лабковіч. Фота: tsikhanouskaya / Telegram

У калегіі адвакатаў Фларэнцыі 23 верасня адбылася працоўная сустрэча, прысвечаная прававым праблемам беларусаў у Італіі, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

З беларускага боку ўдзельнічалі кіраўніца Цэнтру беларускай супольнасці і прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Італіі Юлія Юхно, дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў і праваабаронца «Вясны», былы палітзняволены Уладзімір Лабковіч.

Галоўнай тэмай падчас сустрэчы стала сітуацыя беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі, якія не маюць магчымасці бяспечна вярнуцца ў Беларусь для атрымання новых дакументаў.

Акрамя гэтага, абмеркавалі:

– актуальную прававую сітуацыю ў Беларусі,

– палітычна матываваны пераслед і транснацыянальныя рэпрэсіі,

– рызыкі, звязаныя з вяртаннем у Беларусь для людзей, якія застаюцца за мяжой,

– пытанні міжнароднай абароны, легалізацыі і дакументавання беларусаў у Італіі.

«Удзельнікі дамовіліся вывесці супрацу паміж беларускай і італьянскай юрыдычнымі супольнасцямі на новы ўзровень, умацоўваючы прававую абарону беларусаў у Італіі», – зазначае прэс-служба беларускай лідаркі.

Пратэрмінаваныя пашпарты зрабіліся праблемай для беларусаў пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка падпісаў «консульскі ўказ» у верасні 2023 года, які забараніў беларускім амбасадам і консульствам абменьваць і выдаваць новыя пашпарты грамадзянам за мяжой. Тысячы беларусаў, якія не могуць вярнуцца дамоў праз небяспеку палітычнага пераследу, сутыкнуліся з праблемамі, выкліканымі сканчэннем дакументу, які пацвярджае асобу.

У шэрагу краінаў беларусам пайшлі насустрач – Польшча і Літва, напрыклад, выдаюць падарожныя дакументы і «пашпарты замежніка». Іспанія пастанавіла прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты. Швецыя прызнала, што беларусы не маюць магчымасці атрымаць новы пашпарт і таму могуць прэтэндаваць на мясцовы праязны дакумент.

Кіпр з нядаўняга часу выдае дазволы на жыхарства беларусам з пратэрмінаванымі пашпартамі. З кіпрскім ДНЖ, але без пашпарта, аднак, застаецца праблема паездак за межы Кіпру, у тым ліку на Паўночны Кіпр – акупаваную Турцыяй і толькі ёю прызнаную «рэспубліку». Праблема ў тым, што на Кіпры не прадугледжаны шматразовы падарожны дакумент для замежніка, як у Польшчы ці Літве, а толькі аднаразовы для вяртання на радзіму і сталы для людзей са статусам уцекача.

У вельмі складаным становішчы апынуліся беларусы з пратэрмінаванымі пашпартамі ў Грузіі, якая дае праязныя дакументы толькі тым, хто мае статус уцекача. Ніхто з беларусаў, аднак, дагэтуль такога статусу не атрымаў.

Марыя Міхалевіч, belsat.eu