
Міністры замежных справаў Польшчы і Беларусі сустрэліся падчас 81-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Польскія эксперты не чакаюць, што гэтая сустрэча прынясе вялікія перамены ў дачыненнях Польшчы і Беларусі. Магчыма, на размову Польшчу падштурхнула пагроза з боку Расеі – і яна ж ёсць адной з галоўных перашкодаў «пацяпленню».
Падчас 81-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў міністр замежных справаў і віцэ-прэм’ер Польшчы Радослаў Сікорскі сустрэўся з кіраўніком МЗС Беларусі Максімам Рыжанковым. Сікорскі пабачыў, што «суседзі маюць больш свабоды, у іх больш прычынаў спрабаваць стабілізаваць стасункі». Адзначыў, што «калі сусед хоча размарозіць і палепшыць стасункі, Польшча заўсёды першай згаджаецца». У МЗС Беларусі пацвердзілі сустрэчу, але расказалі пра яе вельмі сцісла.
«Белсат» спытаў польскіх экспертаў пра перспектывы наладжвання стасункаў Польшчы з афіцыйным Менскам на палях Генасамблеі ААН.
Машкевіч: Расейская пагроза вымушае размаўляць з Лукашэнкам

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч, які дагэтуль актыўна займаецца беларускім пытаннем, на пытанне, якія могуць быць магчымасці ў паляпшэнні стасункаў Польшчы і Беларусі, адказаў:
«Ёсць пэўныя пэўныя ўмовы. Гэта звязана не толькі з палітычнымі вязнямі ў Беларусі і палітычнай сітуацыяй, але таксама з шырокай праблемай бяспекі нашага рэгіёну. Беларусь удзельнічае ў гэтай вайне на баку Расеі. І для Польшчы гэта вельмі небяспечна.
Гэта пачалося з крызісу на мяжы, іміграцыйнага крызісу, які пачаў сам прэзідэнт краіны. Ён арганізуе шматлікія нелегальныя пераходы мяжы, штурмы мяжы Польшчы. А потым 2022 год і расейская агрэсія супраць Украіны – таксама з тэрыторыі Беларусі. Гэта ўсё паказала нам вялікую небяспеку».
«Гэтая пагроза для міру ў гэтай частцы Еўропы прымушае польскі ўрад размаўляць з рэжымам. І мне здаецца, што гэта нармальна, што хаця б на такім тэхнічным узроўні гэты дыялог існуе».
«Канешне, гэта не нармальная размова двух суседзяў, двух партнёраў, а проста крызісныя кантакты, я б так сказаў. У дыпламатыі і працы дзяржаўных інстытутаў вельмі важна такі кантакт падтрымліваць.
Што тычыцца пацяплення адносінаў з Еўразвязам – я не бачу такога. Хаця існуе такая небяспека, што будзе ціск на балтыйскія краіны з боку заходніх краінаў, каб змякчыць палітыку санкцыяў. Я маю на ўвазе экспарт калійных угнаенняў – гэта ўжо больш палітыка Доналда Трампа, палітыка Вашынгтону», – падкрэсліў Машкевіч.
Машкевіч нагадаў, што днём раней прадстаўнікі краінаў Еўразвязу папярэдне дамовіліся выключыць з санкцыйнага спісу двух расейскіх мільярдэраў. Ён пабачыў у гэтым знак пачатку «вельмі небяспечнага працэсу» змякчэння палітыкі ў дачыненнях з Масквой і Менскам.
Яшчэ адзін небяспечны знак ён пабачыў у выніках выбараў у Нямеччыне, дзе ўжо ў двух рэгіёнах перамагла ўльтраправая «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Гэта, патлумачыў суразмоўца, паказвае, што значная частка нямецкага грамадства гатовае ісці на саступкі Уладзіміру Пуціну, а затым і Аляксандру Лукашэнку.
Ці можа дыялог з Менскам паскорыць вызваленне палітвязняў?
У межах дыялогу Злучаных Штатаў з афіцыйным Менскам былі вызваленыя сотні палітвязняў, але сотні яшчэ застаюцца за кратамі. Ці могуць саступкі Еўразвязу Лукашэнку прывесці да вызвалення значна большай колькасці палітвязняў? Машкевіч падкрэсліў, што вызваленне палітвязняў – відавочна добры вынік. Але працэс іх абмену на змякчэнне санкцыяў яму не падабаецца:
«Я бачу гэта як сітуацыю з закладнікамі. Проста ёсць тэрарысты, якія трымаюць закладнікаў. І Лукашэнка такую палітыку вельмі эфектыўна ўжо шмат гадоў вядзе: ён проста прадае вязняў за нейкія эканамічныя выгады. Гэта вельмі дрэнна, мне здаецца. Не трэба, каб так было.
«Эканамічны ціск мусіць быць моцны і паслядоўны, а не такі, што вось будзем рабіць выключэнні, што будзем на некаторыя справы прынцыпова глядзець, а на іншыя будзем заплюшчваць вочы. Гэта проста нелагічна. Але так гэты палітычна-эканамічны свет пабудаваны, што мы нічога не можам зрабіць».
З гуманітарнага боку, паўтарыў ён, добра, што ЗША дамагаюцца вызвалення людзей з турмаў. Але з прынцыповага боку – вельмі кепска.

Клысіньскі: Вывесці Менск з ізаляцыі можа хацець Масква
Эксперт польскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў Каміль Клысіньскі ў каментары «Белсату» ён заклікаў да асцярожнасці ў дачыненнях з афіцыйным Менскам:
«Беларускія ўлады вельмі залежныя ад Масквы. І мы нікуды ад гэтага не сыдзем, Менск нікуды не падзенецца. Калі мы ацэньваем усялякія ініцыятывы Беларусі і беларускага МЗС на міжнароднай арэне, у міжнародных дачыненнях з Еўразвязам, з іншымі партнёрамі, гэта ўсё ўкладаецца ў рэчышча інтарэсаў Масквы».
«Пакуль я не бачу ніякіх перадумоваў, каб бачыць незалежную пазіцыю з боку Менску. І калі так гэта разглядаць, мы бачым у гэтым спробу пераламаць ізаляцыю Беларусі ў дачыненнях з Захадам, але на ўмовах Менску і, меркавана, Масквы», – сказаў эксперт.
«Значыць, з поўным ухваленнем унутранай сітуацыі, становішча ў Беларусі, паўтаталітарнага рэжыму, рэпрэсіяў, якія там адбываюцца, без ніякага, як яны гэта ў Менску называюць, умяшання ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы», – дадаў ён.
Логіка дзеянняў афіцыйнага Менску, як лічыць Клысіньскі, можа быць у тым, каб вырвацца з міжнароднай ізаляцыі і паказаць сябе краінай, якая «дзейнічае дзеля міру, стабільнасці і парадку», а значыць, можа выступіць медыятарам у перамовах Расеі і Украіны.
І канешне, Лукашэнка хоча зняць санкцыі, але на сваіх умовах, дадаў Клысіньскі. Частку палітвязняў могуць вызваліць у абмен на змякчэнне санкцыяў Еўразвязу – але не больш за тое. У астатнім афіцыйны Менск чакае, што Еўразвяз не будзе ўмешвацца ва «ўнутраныя справы Беларусі». І як мяркуе суразмоўца, улады Беларусі лічаць, што са свайго боку ім не трэба больш нічога рабіць для аднаўлення дыялогу і зняцця санкцыяў, бо яны ж «ні на каго не нападалі», «вядуць мірную палітыку», «могуць спрыяць міру ў рэгіёне».
«Менск можа вызваліць некалькіх палітвязняў. Але каб іх увогуле там не было – я ў гэта не веру, таму што яны таксама разумеюць, што гэта прадмет для абмену. Я ведаю, што гэта, магчыма, выглядае цынічна, але ім трэба пакінуць кагосьці для абмену», – сказаў Клысіньскі.
Захад жа, падкрэсліў Клысіньскі, чакае ад Менску значна большага – таго, што «знаходзіцца па-за разуменнем і па-за жаданнем» уладаў Беларусі. Ён прывёў у прыклад працу заходніх амбасадаў у Беларусі. Тыя скардзяцца на шматлікія абмежаванні, праз якія не могуць нават арганізаваць сустрэчы і выставы, закрываюць свае бібліятэкі. Нават на гэткія дробныя саступкі ўлады Беларусі пакуль не гатовыя.
