«Мінздароўя патрэбна толькі прыгожая карцінка». Салавей пра старыя і новыя праблемы беларускай медыцыны

Станіслаў Салавей. Фота: з асабістага архіву суразмоўцы

Беларусы ўсё часцей скардзяцца на медыцыну – чэргі, маладыя і не вопытныя дактары. У чым праблема айчыннай сістэмы і навошта ўлады ускладнлі адкрыццё дабрачынных збораў на лячэнне? На гэтыя пытанні «Белсату» адказаў намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі (АПК) Станіслаў Салавей.

Станіслаў Салавей мяркуе, што чэргі і недахоп лекараў – гэта сусветныя тэндэнцыі, а не выключна беларускія праблемы. Хуткі доступ да бясплатных вузкіх спецыялістаў складана атрымаць і ў іншых еўрапейскіх краінах. Але ў Беларусі замест якасці паслуг большую ўвагу прызначаюць «прыгожай карцінцы» па тэлевізару.

«Беларусь ідзе па шляху фасаднай медыцыны, дзе галоўнае – адсутнасць чэргаў, у той час як на якасць ніхто не звяртае ўвагі. Нормы прыёму павялічваюцца да 30, 40 ці нават 50 чалавек, каб людзі не чакалі ў калідорах. Ілюзія паўнавартаснай кансультацыі захоўваецца, але якасць самой дапамогі страчваецца. У Беларусі каля 40 % медыкаў сыходзяць з прафесіі, што толькі ўзмацняе кадравы дэфіцыт», – кажа ён.

Па-другое, медыкі вымушаныя выконваць яшчэ і шмат бюракратычнай працы, напрыклад, правяраць абгрунтаванасць бальнічных лістоў у пацыентаў, якія проста прыйшлі закрыць бальнічны, але павінны зноў ісці да лекара і сядзець у чарзе.

«Больніцы таксама перагружаюць пацыентамі выключна дзеля таго, каб выканаць планавыя паказнікі. Міністэрству аховы здароўя патрэбна толькі прыгожая карцінка, таму сумленная камунікацыя з грамадзянамі пра рэальныя тэрміны чакання адсутнічае», – падкрэслівае Салавей.

Медыкі ў Беларусі. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Svaboda.org

Яшчэ больш пагаршае сітуацыю тое, што ў Беларусі платная і бясплатная медыцына існуюць як два паралельныя светы, замест таго, каб аб’яднацца і закрываць праблемы з недахопам лекараў.

«Бясплатнай медыцыны дэ-факта няма, бо грамадзяне ўжо плацяць падаткі, а пры звароце ў прыватную клініку яны вымушаныя плаціць паўторна. Адна справа, калі чалавек проста хоча паскорыць прыём да эндакрынолага і добраахвотна плаціць за гэта грошы. Іншая справа, калі ў дзяржаўнай паліклініцы спецыяліста ўвогуле няма, і пацыент павінен ехаць у іншы горад па платную дапамогу – гэта ўжо ненармальная сітуацыя.

У Літве, Украіне і Польшчы дзяржава можа фінансаваць прыватныя ўстановы па дзяржаўных тарыфах. Пацыент не плаціць нічога, а прыватная медыцына закрывае тыя праблемы, з якімі дзяржава не паспявае спраўляцца. У Беларусі ж гэта нагадвае рабаўніцтва, бо людзей вымушаюць плаціць з уласнай кішэні пры адсутнасці бясплатных альтэрнатыў», – мяркуе намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК.

Сітуацыю з медыцынай ускладніў яшчэ і новы ўказ «Аб фондах і дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя», які загнаў у жорсткія бюракратычныя рамкі правілы дабрачынных збораў. Маці Эміліі Карняйчук з Гомля, у якой дыягнаставалі спінальную мышачную атрафію, у сярэдзіне верасня атрымала адмовы ў некалькіх банках пры спробе адкрыць рахунак для збору сродкаў на тэрміновае лячэнне дачкі.

На думку Станіслава Салаўя, дзяржава насамрэч павінна рэгуляваць зборы, каб пазбегнуць махлярства, але асноўны матыў менавіта такога рэгулявання – зрабіць праблемы нябачнымі.

«Уладам важна паказаць, што ў краіне ўсё добра і ўсяго хапае. У адрозненне ад Польшчы, дзе дзеці з такім дыягназам адразу атрымліваюць лячэнне за кошт дзяржавы, у Беларусі цяжкая хвароба застаецца выключна праблемай пацыента і яго сямʼі. Галоўная мэта ўладаў – схаваць праблемы як мага глыбей, каб яны не псавалі ідэальныя справаздачы Міністэрства аховы здароўя», – кажа намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК.

Салавей дадае, што часцей за ўсё семʼі з падобнымі захворваннямі мігравалі ў Польшчу, дзе дзіця магло аператыўна атрымаць неабходную медычную дапамогу, але ён спадзяецца, што Эмілія «атрымае неабходныя лекі».

Машыны хуткай дапамогі каля лякарні. Менск, Беларусь. 2021 год. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Нагадаем, 11 верасня быў апублікаваны ўказ Аляксандра Лукашэнкі «Аб фондах і дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя». Галоўнай мэтаю заяўлена супрацьдзеянне махлярам і празрыстае расходаванне ахвяраванняў. Аднак дзяржава зарэгулявала ўсё так, што для людзей, якія змагаюцца за сваё жыццё ці жыццё сваіх блізкіх, з’явіліся новыя перашкоды.

Чыноўнікаў, падобна, моцна ўразіў скандал у Горадні, дзе блогер-падлетак разам з сяброўкаю сабраў больш за Br 1,5 млн для цяжкахворага хлопчыка, аднак сям’я дзіцяці атрымала толькі Br 200 тысячаў. Ашуканцу далі 1,5 года зняволення, надоечы ён вызваліўся.

Тэсса Анэйда, belsat.eu