Крысціна Ціманоўская распавяла, што ейны бацька пад хатнім арыштам

Крысціна Ціманоўская. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: bieganie.pl

Беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская, якая выступае за Польшчу, распавяла пра сваю сям’ю, якая засталася ў Беларусі. Яны не бачылася каля пяці год.

«У бацькоў шмат праблем», – сказала спартоўка ў інтэрвʼю польскаму выданню Sport.pl.

Паводле яе, яна не бачылася з бацькамі з 2021 года. «Застаюцца толькі часам відэаразмовы. Але здаралася, што некалькі месяцаў запар нават так не ўдавалася пабачыцца, бо да бацькоў прыходзілі розныя людзі і гэта было б для іх небяспечна», – прызналася Крысціна Ціманоўская.

Яна таксама патлумачыла, чаму не можа пабачыцца са сваякамі: «Сітуацыя такая: мой бацька знаходзіцца пад хатнім арыштам. А мама побач з ім». Спартоўка не ўдакладніла прычынаў.

Ціманоўская лічыць, што спартоўцам, і ў прыватнасці тэнісістцы Арыне Сабаленцы, «варта паспрабаваць зрабіць хоць што-небудзь для палітвязняў». Яна сама хацела б дапамагчы палітзняволенай лёгкаатлетцы Ганне Шпак.

«Але што я магу? Напісаць у Instagram, што яна несправядліва знаходзіцца ў зняволенні? Гэтым я нічога не даб’юся», – дадала бягуха.

Нагадаем, што ў жніўні беларуская спрынтарка Крысціна Ціманоўская, якая выступае за польскі клуб AZS-AWF (Варшава), паказала найлепшы ў гісторыі польскай лёгкай атлетыкі вынік на дыстанцыі 150 метраў сярод жанчын – 16,81 секунды. 

Яна зрабілася вядомая ва ўсім свеце падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2021 годзе, калі адмовілася вяртацца ў Беларусь пасля канфлікту з беларускаю спартоваю дэлегацыяй і звярнулася па дапамогу ў аэрапорце японскай сталіцы. Пасля гэтага беларуска атрымала візу ад Польшчы і пераехала жыць у гэтую краіну, дзе працягвае спартовую кар’еру, выступаючы за клуб AZS-AWF (Варшава).

Вольга Вір, belsat.eu