«Беларусі не дапаможа ніхто, акрамя нас»: мастачка Цемра — пра пах палаючых кветак і лек ад абыякавасці

Цемра. Фота: Інстаграм мастачкі

У прыгожым эфектным відэа паказваецца, як лекуецца карціна, раненая і забінтаваная.

Просты чытэльны вобраз яшчэ больш напаўняецца болем, калі па кропельніцы разам з нечым чырвоным уніз сцякаюць фрагменты беларускага арнаменту.

«У гэтым і прычына нашых няшчасцяў, і лек ад іх», — кажа аўтарка перформансу з псеўданімам Цемра.

Пакуль будзе цемра навокал, яна застанецца Цемрай. Мастачка пачала свой творчы шлях з даследавання цёмных бакоў чалавечай натуры і грамадства спажывання. Пасля былі падзеі 2020-га, эміграцыя ва Украіну, вайна і пераезд у Польшчу. Цемры навокал стала больш, а працы набылі пранізлівую канкрэтнасць.

Яе твор на тэму гістарычнай спадчыны, што так і называўся «Спадчына», быў прадстаўлены на мінскім Восеньскім салоне ў 2019-м. Адна з рэчаў праекта з вышыўкай была знойдзена на сметніцы і размалявана брутальнымі надпісамі чорным маркерам.

Арт-аб’ект, які рабіўся з мэтай указаць на абыякавасць нашага стаўлення да мінулага, выклікаў бурныя дыскусіі.

Але такі лёс сучаснага мастацтва — правакаваць.

Персанальная выстава Цемры пад назвай LAZARET адкрылася ў Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі 31 сакавіка. У анатацыі мастачка піша, што з дапамогай гэтай экспазіцыі хоча «даць магчымасць зірнуць у твар нашым уласным траўмам, пачаць працэс лячэння».

У вялікай прасторы размешчана зусім няшмат твораў, але такі ход апраўданы: энергетыка кожнай працы даволі моцная, бо яе карціны не нагадваюць класічны жывапіс, у які трэба ўважліва ўглядацца і прачытваць закладзеныя сэнсы. Не-карціны Цемры ўяўляюць сабой арт-аб’екты, з падкрэсленай матэрыяльнасцю і моцным пасылам, некаторыя з іх увогуле з’яўляюцца толькі імітацыяй жывапіснага палатна.

У адрозненне ад яе першай выставы, дзе творы былі сабраны хутчэй храналагічна, гэта экспазіцыя мае яўнае пасланне да гледача і нават свой канкрэтны водар. Аднак нягледзячы на змрочныя вобразы, экспазіцыя атрымалася ўсё ж велічная. Нездарма галоўны аб’ект на выставе вянчае карона.

Пры чым тут карона, пра што працы і які водар належыць гэтай экспазіцыі — пра ўсё гэта Reform.by паразмаўлялі з мастачкай Цемрай напярэдадні адкрыцця выставы пра тры гады і тры краіны.

— З чаго пачала раскручвацца ідэя выставы LAZARET?

— Гэта першая мая экспазіцыя, дзе я рэалізую цэласны прадуманы праект. А пачалося ўсё з першай забінтаванай карціны, якую я пачала рабіць у арт-рэзідэнцыі Марата Гельмана.

Гэта мая любімая праца — залатая рама, чорны фон і бінты. І кулявыя адтуліны…

Цемра. Ахвяра. 2022. Фота: cemra.art

— Атрымліваецца, што гэты твор — сэрца выставы?

— Так, але адметна тое, што гэтай работы больш у мяне няма, і на выставе яна, адпаведна, не прадстаўлена. Я яе часова абмяняла. Пазнаёмілася з парфюмерам з Румыніі, які стварыў пах пад уражаннем ад апошніх падзей у свеце. Ён так апісвае гэты парфюм: «Палаючыя кветкі, развалены бетон і адчуванне бальніцы». І мы абмяняліся.

Ён узяў маю працу, каб прэзентаваць на выставе ў Мілане свой парфюм, а мне даў духі, каб я ўзмацніла ўражанне ад сваіх работ. Планую скарыстацца імі, калі буду праводзіць экскурсію.

Калі я прачытала апісанне гэтага паху, то зразумела, што яго хвалюе тое ж самае, пра што прамаўляю я. Ён гэтак жа, як і я, адчуў боль чалавека, які сёння пакутуе, цану чалавечых пакут.

Пах падпісаны так: «Ненавідзьце ўрад, любіце людзей!».

Парфюм з пахам вайны. Фота: reform.by

— То-бок гэтай работы, прысвечанай вайне, на выставе не будзе?

— Будзе падобная, аднак усе мае працы на гэтай выставе прысвечаны толькі Беларусі.

Проста калі яны з’яўляюцца і выходзяць у жыццё, то набываюць дадатковыя сэнсы.

Насамрэч гэта забінтаваная праца 2021 года называецца «Ахвяра». Мне падабаецца ідэя ўспрымаць карціну як нешта жывое.

Напрыклад, у іншай рабоце я намалявала шнар на чалавечым целе. Гэта мая рэакцыя на нашу агульную траўму. Тым самым я аддаю належнае ахвярам несправядлівасці.

Цемра. Меціна. Алей. 2022. Фота: cemra.art

Мне хочацца ўшанаваць каштоўнасць індывідуальнага жыцця, бо я, калі шчыра, ніколі не магла ўспрыняць гэтую гучную фразу «Героі не паміраюць!».

Так атрымліваецца, што я не магу выбіраць нейкія іншыя тэмы. Рэагую толькі на сучасныя абставіны.

Аднойчы я праходзіла курс «Шлях мастака». І там расказвалі, што мастакі не павінны глыбока пагружацца ў кантэкст і лепш не браць злабадзённыя тэмы, таму што важна, каб пра дзясяткі гадоў твор заставаўся актуальным.

Мне такі падыход зусім не пасуе: я жыву цяпер і працую з сучаснай павесткай. І калі чалавек бачыць мой твор, ён з ім рэзануе, бо гэта наш сумесны досвед.

— У такім разе як бы ты вызначыла мастацтва, што гэта для цябе за інструмент?

— Гэта інструмент, з дапамогай якога я магу на штосьці паўплываць. Сёння беларускае грамадства мае вострую патрэбу ў многіх рэчах, і я адчуваю гэтую адказнасць ствараць нешта новае, цікавае, сучаснае — з улікам маіх прыродных здольнасцей. Былі б у мяне іншыя дадзеныя, магчыма, я б выбудавала паспяховы бізнес, каб уплываць на эканоміку.

Цемра. Знак болю. 2022. Фота: cemra.art

— Як пачынаўся твой творчы шлях, якая ў яго эвалюцыя? Як ты прыйшла да гэтага разумення адказнасці?

— У 25 гадоў у маім светаўспрыманні адбыўся кардынальны злом, і я стала шукаць адказы на пытанні, які раптам сталі перада мной паўставаць. І так атрымалася, што пытанні былі, аднак мне не дапамаглі іх вырашыць. Тады я зразумела, што трэба пачынаць шукаць гэтыя адказы самой — з дапамогай той мовы, якой валодаю.

Так паступова з’явіўся праект «Спадчына», дзе я малявала на знойдзеных вышытых рэчах — кашулях, абрусах. Ён стаў маёй рэакцыяй на тое, што я стала знаходзіць у сваім горадзе на сметніках старыя рэчы.

Цемра. Спадчына. 2019. Фота: cemra.art

Я мяркую, што на кожным чалавеку ляжыць адказнасць за выбар, які ён робіць, якімі справамі, думкамі, рэчамі ён насычае сваё жыццё, што лічыць каштоўным. Бо наш штодзённы выбар на карысць тых ці іншых рэчаў у выніку акумулюецца ў выбар грамадства.

У свае 25 я назірала, што пагоня за моднымі брэндамі стала нейкім маральным ідэалам. Гэты выбар вызначае нашую культуру сёння.

Да таго ж я бачыла, што ў маім Гродна пачалі знікаць мастацкія галерэі і на іх месцы з’яўляліся касметычныя салоны.

Я пачала выказвацца, каб звярнуць увагу на гэту тэндэнцыю. 2019 год быў вельмі разбэшчаным, мне здавалася, што мы рухаемся не ў той бок.

— А 2020 год усё паставіў на месца?

— Так, усё паставіў на месца…

— А напрыканцы 2021-га ты паехала ў Кіеў, пасля ў Варшаву. Пасля ўсіх гэтых жахлівых падзей і змушаных вандровак ты кажаш, што выстава толькі пра Беларусь?

— Зразумела, што вайна паўплывала на мае працы. Мы больш за год з ёй жывём. Аднак выстава пра Беларусь, бо мне баліць за тое, што наша краіна аказалася ў такім становішчы, што ёй адмовіліся дапамагаць.

Украіне дапамагаюць усе, а Беларусі не дапаможа ніхто, акрамя нас.

Цемра. Калецтва. 2022. Фота: cemra.art

Аднак я бачу ў нашага грамадства адну ўнікальную рысу: мы настроены на стварэнне. І хай такіх людзей усяго тысяч трыста, але мы ёсць. І гэтае змаганне за свае ідэалы нягледзячы ні на што мяне вельмі моцна ўражвае. Я бачу вочы людзей вакол мяне, назіраю за сваімі сябрамі, за тым, як мы ставімся адно да аднаго, да свету і ўсяго жывога. Гэта для мяне вельмі беларуская рыса. І мне бы вельмі хацелася, каб у нас усё атрымалася, каб я застала час росквіту культуры. Аднак пакуль нам даводзіцца яе ратаваць.

— Калі ўсё будзе выдатна, настрой тваіх прац зменіцца?

— Калі прыйдзе лепшы час, мае работы будуць іншыя.

Але цяпер размаўляю такім чынам, бо я актуальная мастачка. І маё імкненне выкарыстоўваць сваё мастацтва як сродак вырашэння сацыяльных ці палітычных праблем вынікае з жадання змяніць сітуацыю да лепшага.

Я кіруюся верай у тое, што творчасць можа натхняць на перамены.

Цемра. Пад небам. 2022. Фота: cemra.art

— Таму тваё чорнае адзенне — не проста поза?

— Пасля падаўлення паўстання 1863 года жанчыны насілі жалобнае адзенне чорнага колеру. Гісторыя паўтараецца, хоць я і даведалася пра яе зусім нядаўна. Я інтуітыўна выбрала такі колер адзення. Раней мае сімвалы на вэлюме былі чырвоныя, цяпер сталі чорнымі. Так я рэагую на абставіны.

— Ты сама як перформанс… Ці так паводзішся ў жыцці? Ці толькі падчас выставы?

— У тых выпадках калі гэта арганічна і пасуе да сітуацыі. З пункту гледжання маіх каштоўнасцей я ўсё раблю правільна. Мне здаецца, так больш звонка гучаць творы. Ты не можаш нічога трансліраваць, калі ты не стылёвая. А мне хочацца ствараць такі беларускі стыль. Акрамя таго за кожным творам стаіць мастак. Гэта адрознівае мае працы ад штучнага інтэлекту.

Я хачу быць падобнай да сваіх работ. Па-першае, я іх ствараю, а па-другое, калі гісторыя працягвае развівацца ў часе, заўважаеш новыя дэталі.

Стварэнне мастацкага праекта — гэта інтэлектуальная работа. І мне вельмі падабаецца гэтым займацца.

Фрагмент экспазіцыі. Фота: Reform.by

— Як прадумвалася сённяшняя экспазіцыя?

— Я думала над агульнай колеравай гамай. З бінтамі я зрабіла ўсяго тры працы, адна з іх з’ехала. Аднак я разумела, што рана ці позна ўсе работы будуць экспанаваны. Таму не варта рабіць усе творы белымі. Так з’яўляецца работа, звязаная з цялеснасцю, яна бежавая, пасля — ружовая са шрамам. Ружовы колер я выбрала каб падкрэсліць нявіннасць, прыгажосць, маладосць.

Дарэчы, цалкам забінтаваная работа зроблена толькі з гіпсу і бінтоў, карціна знікае цалкам. Ідэя яе такая — у свеце ёсць шмат непрымальных рэчаў, аднак так не павінна быць.

— Цэнтральную вось экспазіцыі складае чорны вэлюм…

— Так, гэта вялізная жалобная вуаль з узорам у форме калючага дроту. Яе вялікім памерам (6 на 6 метраў) і ўзорам я хацела падкрэсліць абставіны, у якіх мы апынуліся.

Мы накрыты вялізным цяжарам.

— Што азначае карона на гэтым аб’екце?

— Гэтыя абставіны трагічныя і жахлівыя, але людзі з вялікай годнасцю праходзяць выпрабаванні. Гэта як быццам стала нашым культурным кодам. І мы каранаваны турмой…

Мяне ўражвае нязломнасць людзей. Таму я падаю такую складаную тэму ў велічным фармаце.

Цемра. Палон. 2022. Фота: cemra.art

— У Інстаграме ты дэманструеш перформанс з кропельніцай, а замест крыві хворага насычаюць нацыянальныя сімвалы. Ты гаворыш, што яны нас выратуюць?..

— Тут падвоеная гісторыя: мы пакутавалі з-за нацыянальных сімвалаў і вылечваемся нацыянальным. Я раней фармальна ставілася да таго факту, што я беларуска. Аднак цяпер я бачу, як наша самасць ратуе нас і дае сілы. Мне хочацца ўсіх абараніць і аб’яднаць. Прынамсі, я спадзяюся, што атрымаецца гэта зрабіць хоць на гэтай выставе.

— Як ты глядзіш у будучыню?

— Не хапае мне ўжо сіл глядзець у будучыню!

Цяпер вельмі шмат залежыць ад кожнага чалавека. У мяне ёсць такі ўнутраны вобраз шаляў. Калі мы разам упарта будзем напаўняць нашу чашу шаляў, перавага будзе на нашым баку.

Reform.by