ЗША выключылі з санкцыйнага сьпісу зьліквідаваныя кампаніі і памерлых, сярод апошніх — міністар транспарту Беларусі

Аляксей Аўраменка. Архіўнае фота

Міністэрства фінансаў ЗША паведаміла аб пачатку перагляду санкцыяў, уведзеных супраць фізычных і юрыдычных асобаў.

«Бюро кантролю замежных актываў (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША зрабіла чарговы важны крок у рамках мадэрнізацыі санкцыяў, аб якім у траўні абвясьціў міністар фінансаў Скот Бэсэнт. У выніку сёньняшняга рашэньня зь сьпісаў санкцыяў OFAC выдаленыя 125 фізычных і юрыдычных асобаў, што адпавядае актуальным эканамічным і вонкавым інтарэсам і прыярытэтам у нацыянальнай бясьпецы. OFAC таксама абнавіў 22 пазыцыі сьпісу, каб палегчыць і палепшыць праверку яго на адпаведнасьць», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ведамства.

Сярод выдаленых зь сьпісу — памерлыя людзі, кампаніі, якія ўжо не існуюць, а таксама запісы без дастатковай для надзейнай праверкі інфармацыі.

З санкцыйных сьпісаў выдалены міністар транспарту і камунікацыяў Беларусі Аляксей Аўраменка, які раптоўна памёр у 47-гадовым узросьце ў ліпені 2023 году.

Беларускія кампаніі зь сьпісу пакуль не выдалялі.

Што папярэднічала

5 ліпеня 2023 году дзяржаўныя СМІ паведамілі аб раптоўнай сьмерці Аляксея Аўраменкі, які працаваў у Міністэрстве транспарту і камунікацыяў з 2013 году. Спачатку быў намесьнікам міністра, а 15 студзеня 2019 году ўзначаліў міністэрства.

Прычыну сьмерці Аляксея Аўраменкі не называлі. У той жа час 6 ліпеня Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньне замежнай журналісткі аб перамяшчэньні ў Беларусь ядзернай зброі, двойчы назваў Аляксея Аўраменку не памерлым, а «загінулым».

Выданьне «Наша ніва» з спасылкай на дзьве свае крыніцы паведаміла, што міністар транспарту і камунікацыяў Аляксей Аўраменка скончыў жыцьцё самагубствам.

Санкцыі супраць Аўраменкі ўвялі ў чэрвені 2021 году. Згодна з рашэньнем Эўразьвязу, ён адказваў за прымусовую пасадку пасажырскага рэйсу FR4978 у Менску 23 траўня, калі арыштавалі Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу. ЗША ўключылі яго ў санкцыйны сьпіс у жніўні 2021 году.

svaboda.org