Беларусы стварылі прафсаюз у Польшчы

Мікалай Мінкоў

У Польшчы пачаў дзейнічаць прафсаюз беларусаў, які дапамагае абараняць працоўныя правы і інтарэсы беларусаў, што жывуць і працуюць у краіне.

Прафсаюз узначальвае Мікалай Мінкоў – былы сябра незалежнага прафсаюза РЭП у Гомельскай вобласці. Арганізацыя дзейнічае ў складзе польскай «Канфедэрацыі працы», але захоўвае ўласную незалежнасць.

Сёння сябры прафсаюза ёсць у Варшаве, Беластоку, Познані і Гданьску.

Арганізацыя кансультуе па працоўным заканадаўстве і канфліктах з працадаўцамі. Пры неабходнасці юрысты дапамагаюць рыхтаваць скаргі ў польскую інспекцыю працы (PIP), звароты ў ZUS і пазовы ў працоўны суд.

Акрамя працоўных пытанняў, прафсаюз ужо звяртаўся ў розныя польскія дзяржаўныя ўстановы па праблемах беларусаў – у тым ліку з нагоды банкаўскай дыскрымінацыі, грамадзянства і працяглых тэрмінаў легалізацыі.

Паводле Мікалая Мінкова, адна з галоўных праблем – стэрэатып, які сфармаваўся ў беларусаў пасля савецкай і сучаснай сістэмы дзяржаўных прафсаюзаў: прафсаюз успрымаецца як арганізацыя, якая толькі збірае ўнёскі.

Новая структура хоча паказаць, што прафсаюз можа быць рэальным, карысным інструментам абароны правоў працаўнікоў.

«Радыё Рацыя» паразмаўляла з Мікалаем Мінковым.

РР: Увогуле, як нарадзілася гэтая ідэя? Прафсаюзы для Польшчы — гэта вельмі важная тэма. Тут можна згадаць «Салідарнасць»: прафсаюзы выраслі ў значную грамадскую сілу і паўплывалі на многія дзяржаўныя пытанні. А адкуль паўстала ваша ідэя? Вы раней былі далучаныя да прафсаюзнага руху Беларусі?

Мікалай Мінкоў:  Так. У Беларусі я з’яўляўся членам прафсаюза РЭП — радыёэлектроннай прамысловасці — у Гомельскай вобласці. Таму гэтая тэма для мяне знаёмая: мне знаёмыя праблемы працоўных, праблемы людзей.

Таксама я ведаю, што ў Польшчы прафсаюзная дзейнасць вельмі развітая і ў свой час яна вельмі добра зрабіла сваю справу для дзяржавы. Гэта і натхніла на такую ідэю: беларусам тут, за мяжой, ёсць усе магчымасці — патрэбна толькі жаданне, каб стварыць сваю моцную арганізацыю, якая магла б і вырашаць праблемы беларусаў, і дапамагаць сваім членам, беларусам, якія жывуць за мяжой.

РР: А на якім этапе цяпер гэтая праца? Вы ўжо зарэгістраваліся? У вас ужо ёсць сябры прафсаюза?

Мікалай Мінкоў: Так, мы зарэгістраваліся, але не маем асобнай польскай юрыдычнай асобы, бо гэта насамрэч вельмі складана — атрымаць такую асобную юрыдычную асобнасць.

Мы з’яўляемся часткай польскага прафсаюза «Канфедэрацыя працы». У іх такая сістэма: у складзе канфедэрацыі ёсць шмат розных, меншых прафсаюзаў. Мы з’яўляемся часткай гэтай канфедэрацыі, але маем таксама сваю незалежнасць і асобнасць. Падобны прафсаюз ёсць і ва ўкраінцаў тут, у Польшчы.

РР: А вашы сябры — гэта хто? У якіх гарадах у вас ужо ёсць нейкія ячэйкі?

Мікалай Мінкоў: У нас ужо ёсць сябры нашага прафсаюза, якія з’яўляюцца актыўнымі членамі. Гэта Варшава, Беласток, Познань і яшчэ адзін чалавек у Гданьску.

Пакуль колькасна нас не шмат. Але, разумееце, сітуацыя ў Беларусі такая, што прафсаюзы былі насамрэч дзяржаўнымі арганізацыямі, якія не дапамагалі людзям, а, наадварот, былі больш фармальнымі.

РР: Вы маеце на ўвазе дзяржаўныя прафсаюзы?

Мікалай Мінкоў: Дзяржаўныя, канешне. Я кажу менавіта пра дзяржаўныя прафсаюзы, бо амаль усе беларусы, якія працавалі, былі ў прафсаюзах.

І ў чалавека адклалася ў галаве, што прафсаюз — гэта такая арганізацыя, якая амаль ніякай функцыі не выконвае, толькі збірае нейкія ўнёскі. Таму колькасць у нас пакуль невялікая, але ўжо ёсць людзі, якія дзейнічаюць і ўдзельнічаюць у працы.

РР: А як вы бачыце сваю працу? Якім чынам вы будзеце абараняць правы беларусаў, якія тут працуюць? Гэта юрыдычная дапамога? Як гэта будзе выглядаць?

Мікалай Мінкоў: Мы аказваем кансультацыі па справах, звязаных з працай і ўзаемаадносінамі з працадаўцамі.

Калі ўжо патрэбная больш сур’ёзная юрыдычная дапамога, у нас ёсць юрысты ў прафсаюзе, якія могуць падрыхтаваць скаргу ў PIP, напісаць у ZUS, а таксама скласці позву ў працоўны суд. То бок такая дапамога таксама магчымая.

Таксама мы пішам ад імя арганізацыі. Напрыклад, па праблемах беларусаў мы ўздымалі гэтыя пытанні, пісалі лісты ў розныя ўстановы, у Сейм, звязваліся з банкаўскімі службамі наконт дыскрымінацыі ў банкаўскім сектары.

Таксама ўздымалі праблему беларусаў з атрыманнем грамадзянства, тэму доўгіх тэрмінаў легалізацыі. Мы пісалі і ва ўжонд, і да прадстаўніка па грамадзянскіх правох Польшчы.

То бок уся гэтая дзейнасць пакуль ідзе ў кірунку ўзняцця пытанняў і праблем беларусаў перад рознымі інстанцыямі. Ну і, вядома, гэта кансультацыі па працоўным заканадаўстве і дапамога людзям у праблемах з працадаўцамі.

РР: А ці ёсць у вас пераемнасць з тымі незалежнымі прафсаюзамі, якія былі ў Беларусі? Вось вы кажаце, што былі ў прафсаюзе РЭП — прафсаюзе работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Ці гэтыя ранейшыя сябры тых прафсаюзаў, якія апынуліся тут, цяпер з’яўляюцца вашымі актывістамі?

Мікалай Мінкоў: Так. Ёсць некалькі чалавек, якія былі ў прафсаюзе РЭП і цяпер таксама з’яўляюцца членамі нашага прафсаюза.

Таксама падтрымліваем сувязь з Генадзем Фядынічам, выходзім з ім на сувязь. Пакуль ён не можа ўдзельнічаць больш актыўна, але мы з ім кантактуем, раімся па некаторых пытаннях.

racyja.com