Прадстаўнікі беларускай дыяспары вышлі 2 красавіка да Генеральнага консульства РБ, каб выказаць свой пратэст планам размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Таксама было ўзгадана пра тысячы палітычных зняволеных, рэпрэсаваных і дзясятках тысячах эмігрантаў, якіх пакінулі радзіму, ратуючыся ад палітычнага пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі, піша «Радыё Ўнэт».
На мітынг супраць размяшчэння ядзернай зброі выйшлі некалькі дзясяткаў беларусаў. Усіх іх аб’яднала абурэнне тым, як цяперашняя ўлада ў Мінску нішчыць незалежнасць уласнай краіны, робячы яе мішэнню ў магчымай ядзернай вайне. Нейкія абгрунтаванні завозу такой зброі з Расіі з боку лукашэнкаўскай улады выступоўцы вызначалі як вар’яцкую трызню, выгадную крамлёўскім гаспадарам мінскага рэжыму.
«Сёння беларусы ў Беларусі не могуць так як мы, выходзіць на акцыі пратэсту», – заявіў, адкрываючы мітынг адзін з яго арганізатараў Ян Абадоўскі.
Прадстаўнік украінскай дыяспары, які таксама выступаў на акцыі, адзначыў, што размяшчэннем ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі яшчэ больш дэстабілізуецца сітуацыя ў рэгіёне. Паводле яго, украінцы таксама супраць распаўсюджвання ядзернай зброі і з’яўлення новых дзяржаў, якія ёй валодаюць, бо гэта як квіток у адзін канец – да Трэцяй сусветнай вайны, у якой пераможцаў ужо не будзе.
У той жа час гродзенец Сяргей Верамеенка не верыць, што ядзерная зброя будзе ўжытая.
Некаторыя выступоўцы ўвогуле называлі лукашэнкаўскіх чыноўнікаў і сілавікоў дармаедамі, наркаманамі і прастытуткамі. Дармаеды, таму што не робяць нічога, што павінны рабіць, а менавіта – працаваць для беларускага народа. Прастытуткі, таму што па ўказцы зверху фальсіфікавалі выбары, а потым катавалі людзей. А наркаманы, бо гатовыя прадаць сябе, народ і ўсё святое за чарговую падачку.
«Нягледзячы на стомленасць, магчыма, апатыю, вельмі важна выходзіць на падобныя акцыі», – заявіла, закрываючы мітынг, актывістка дыяспары Кацярына Дзерман.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.