
У нядзелю 11 кастрычніка 2026 грамадзкая заля Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне напоўнілася людзьмі. Многіх беларускіх эмігрантаў цікавіла сустрэча з беларускімі валанцёрамі, якія дапамагаюць суродзічам арыентавацца ў справах, зьвязаных з атрыманьнем палітычнага прытулку ў ЗША. Бальшыня прысутных маюць за сабою сумны вопыт перасьледу на Радзіме за іх палітычную актыўнасьць у супраціве лукашэнкаўскаму рэжыму і вымушаны былі выехаць у эміграцыю. Некаторыя былі прысутнымі семьямі і нават з малымі дзецьмі.
Грамадзкая ініцыятыва ByAction была закладзена беларускімі валанцёрамі, неабыякавымі да праблемаў новых эмігрантаў, што нечакана апынуліся на чужыне і патрабуюць дапамогі. Вядома, найперш, у самым важным жыцьцёвым пытаньні – як легалізавацца ў новай краіне і набыць тут пэўны юрыдычны статус. Удзельнікі пратэстнага руху ў Беларусі маюць падставы зьвяртацца да амэрыканскіх уладаў з просьбаю атрымаць палітычны прытулак і тым самым абарону з боку краіны, якая іх прымае.
Але, сам працэс займае доўгі час, патрабуе шмат адказнай працы неабходных ведаў, які могуць даць больш дасьведчаныя людзі. Гэтымі ведамі і практычным досьведам у справах дапамогі заяўнікам на прытулак і падзяліўся ў сваім выступе сп. Яўген Ждановіч (на фота справа). Ён распавёў пра іхную ініцыятыву ByAction, накірункі працы, пра вынікі аналізу сучаснай сытуацыі з атрыманьнем прытулку для беларусаў. Таксама даў актуальныя парады, як ставіцца да падрыхтоўкі дакумэнтаў, да выбару адваката, раіў самім актыўна ўдзельнічаць у працэсе, кантраляваць ход разгляду справы, каб часам не прапусьціць інтэрвю ці судовае паседжаньне.
Зразумела, што пасьля выступу сп. Ждановіча засыпалі пытаньнямі і нават пасьля завяршэньня імпрэзы доўга не адпускалі госьця, кожны хацеў параіцца пра сваю канкрэтную сытуацыю. Прысутныя таксама мелі магчымаьць атрымаць кантакты, каб пасьля зьвярнуцца да сп. Яўгена. Ён заклікаў ўсіх наведваць сайт ініцыятывы , каб атрымліваць актуальную інфармацыю: https://www.byaction.org/
Сустрэча зацягнулася да самага вечара, было відавочна, што яна была вельмі пазнавальнаю і карыснаю для прысутных і надавала ім надзею на тое, што яны не застаюцца сам-на-сам са сваімі праблемамі, а што ёсьць людзі, якія могуць аказаць дапамогу.
У выніку склалася ўражаньне, што Яўген і ягоныя паплечнікі працуюць вельмі адказна і, можна сказаць, на добрым прафесыйным узроўні. І усё гэта робіцца на грамадзкіх пачатках. Яны трацяць свой жыцьцёвы час, свае веды, свае сілы дзеля годнай мэты – дапамогі суродзічам у гэты складаны час.
Гэтак працуе наша беларуская салідарнасьць і менавіта яна дапаможа нам выжыць на чужыне і захаваць незалежнай нашу Бацькаўшчыну-Беларусь.
