Яраслаў Раманчук: Сем смяротных грахоў сучаснай эканомікі

Перамога Украіны ў вайне дае шанец на сістэмную перазагрузку ўсяго свету. Ці скарыстаемся? Сем смяротных грахоў сучаснай эканомікі паводле Яраслава Раманчука.

«Адключылі мазгі — чалавека парвалі на шмтакі. На гарызонце гісторыі не бачна ні згі», — піша эканаміст Яраслаў Раманчук.

Расійская вайна ва Украіне дае шанец на сістэмную перазагрузку ўсяго свету. Перамога Украіны адкрые вакно магчымасці на вылячэнне розуму, абнуленне навукі знявагі, узмацненне здаровага сэнсу і асуджэнне халявы пажадлівасці. Перамога Украіны — гэта другі шанец пахаваць смуродны, заразны прывід камунізму. У 1990-я гады яго не пахавалі, а толькі перазагрузілі, адзелі ў новыя апраткі.

Занадта доўга занадта многія жылі ў рэжыме «мазгі off, эмоцыі on». Папулісты-ідэолагі і тэхнакратычныя разумнікі пасунулі законы эканомікі ў раздзел «адстой». Для грамадства прапанавалі рэцэпт просты дабрабыту: «Жыві эмоцыямі, дыхай прыгажосцю. Жвыі згодна з парадамі дзяржавы — не будзеш босы».

Тэарэтыкі і ідэолагі дзяржавы-Левіяфана дзесяцігоддзямі разбуралі салідны, моцны падмурак свабоды і капіталізму — добраахвотнага, узаемавыгаднага абмену і асабістай адказнасці.

Вось смяротныя грахі тэарэтыкаў / практыкаў сацыялістычнага апакаліпсісу.

  • 1) Грошы — фанцікі. 

Колькі трэба, столькі надрукуем. Грошы — не на тавары, а на даверы. Даверам мы, VIP-распарадчыкі чужога, кіруем. Самі структурай эканомікі запраўляем. Самымі вялікімі патокамі рэсурсаў і актываў кіруем.

Грэх № 1: ігнараванне прыроды грошай.

  • 2) Пазыкі браць не страшна. 

Даўгі — цэгла фінансавай піраміды. Будаўніцтвам мы, VIP-распарадчыкі чужога, кіруем. Цану крэдыту самі вызначаем. Важных і вялікіх ад банкруцтва ратуем. Дробных і сярэдніх — у топку дэфолту кідаем. Клёпку хранічнай залежнасці ад дзяржавы падсаджваем.

Грэх № 2: Ігнараванне сутнасці доўгу.

  • 3) Рызыкі каварныя і высокія. 

Не вер сабе, давер усё сваё, фінансы і актывы, дзяржаве. Або ўпаўнаважаным ім суб’ектам. Яны вялікімі кампутарамі ўзброеныя. Эканаметрычнага мадэлямі аснашчаныя. Дакладна дыягнастуюць, дзе тонка і дзе можа парвацца. «Будучыня няпэўная і нявызначаная?» — запярэчыце вы. У эпоху постпраўды, постмадэрну кожны «нуль» можа лічыць сябе «адзанкай».

Грэх № 3: Ігнараванне прыроды рызыкаў.

  • 4) Банкруцтва — не плата за памылкі.

Механізм «прыбытакі-страты» — не для ўсіх. Важныя, вялікія, і заможныя гэтага свету —стаяць нібыта ў іншай чарзе. Тут індывідуальны падыход. Можна дамовіцца, абавязкамі за крэдыты абмяняцца. Неплацежаздольнасць — падстава для дагаварняку.

Грэх № 4: Блакаванне асабістай адказнасці за памылкі і факапы.

  • 5) Цэны — не абавязкова адпашчаныя на волю. 

 Іх можна і рукамі чапаць, і рэгуляваць ды пасоўваць у патрэбны для фаварытаў улады бок. Для сваіх — танныя рэсурсы, грошы і актывы, па «сацыяльныя цэнах». Для астатніх — самі круціцеся.

Грэх № 5: Умяшанне ва ўнікальны механізм каардынацыі дзеянняў вытворцаў і спажыўцоў – свабоднае цэнаўтварэнне.

  • 6) «Пункты росту» — у рукі дзяржавы.

Новыя тэхналогіі, інавацыйныя прадукты — гэта няхай чыноўнік выбірае, хай палітык зацвярджае. Аднаму прыватніку — не па зубах, не па кішэні. А вось калі праз дзяржаву зоймецца, то не будзе галавацяпства і рэгулятарных пакутаў. Пад прыгожымі падставамі раздаюцца льготы, датацыі, прэферэнцыі і іншыя пернікі наменклатурнага дваранства.

Грэх № 6: Умяшанне дзяржавы ў вытворчасць, гандаль і прамысловасць.

  • 7) Адукацыя і здароўе — занадта складана / важна / каштоўна, каб даверыць чалавеку. 

Грамадзянін жа сабе нашкодзіць, іншым пашкодзіць, невуцтвам краіну забрудзіць, чысты калодзеж ведаў забрудзіць. Таму дзяржава-настаўнік, дзяржава-лекар, дзяржава-выхавальнік, дзяржава-асілак. Дзяржаўная манаполія на адукацыю — гэта выміранне плюралізму і творчасці.

Грэх № 7: Ганарыстасць дзяржавы ў сферы ведаў і здароўя, форма рабства: тваё цела і думкі належыць мне, Левіяфану.

novychas.online