Ціханоўская: Беларускія ўлады заклікаюць жанчын нараджаць, але пасля нараджэння дзіцяці многія сутыкаюцца з фінансавай ямай

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Дэмакратычная лідарка звярнулася да беларусаў з нагоды Дня маці, які 14 кастрычніка адзначаецца ў Беларусі.

«Быць маці — адна з самых складаных і адначасова самых важных і каштоўных задач, з якой сутыкаюцца жанчыны. Гэта тытанічная праца, у якой няма выходных, перапынкаў і водпуску. Вы аддаяце сваім дзецям сябе цалкам: разам з імі адкрываеце гэты свет, вучыце іх адрозніваць добрае ад дрэннага, падтрымліваеце, калі ім страшна, і радуецеся кожнай іх маленькай перамозе. Пра добрае і дрэннае лёгка гаварыць, калі гэта казкі і мультфільмы. Але калі гаворка заходзіць пра рэальнае жыццё, не заўсёды знаходзяцца словы», — напісала Святлана Ціханоўская.

Па яе словах, зараз у беларускіх месцах пазбаўлення волі знаходзяцца 113 палітычных зняволеных жанчын. Прынамсі 14 з іх — матулі непаўналетніх дзяцей.

«Беларускія ўлады заклікаюць жанчын нараджаць, але пасля нараджэння дзіцяці многія сутыкаюцца з фінансавай ямай. Падчас дэкрэта выплата па доглядзе за першым дзіцем складае 35% сярэдняга заробку — а калі жанчына вырашае вяртацца да працы, то часта сутыкаецца з прапановамі звольніцца, пераносамі працоўных месцаў ці складанасцямі з пошукам працы», — зазначыла палітык.

Яна зазначае, што, на жаль, матчыну працу вельмі часта ўспрымаюць як нешта само сабой зразумелае. Маці можа адкладаць свае планы, кар’еру, сон, адпачынак і ўласныя жаданні дзеля свайго дзіцяці і нічога не патрабаваць наўзамен. 

«Я ведаю, што цяпер у Беларусі многія з вас адчуваюць трывогу за будучыню сваіх дзяцей, за іх бяспеку і свабоду. І нават калі самім бывае страшна і няпроста, вы працягваеце быць для сваіх дзяцей апорай, даваць ім любоў, клопат і адчуванне бяспекі.

Менавіта таму яшчэ важней зноў і зноў паўтараць: дзякуй. Дзякуй за вашу любоў, цярпенне і сілу. За тое, што вы захоўваеце ў дзецях веру ў дабро, свабоду і справядлівасць, нават калі навокал часта адбываецца зусім іншае. І я цалкам упэўненая, што вашыя дзеці вырастуць у цудоўных дарослых, якія зробяць Беларусь лепшай. З Днём маці!» — напісала Святлана Ціханоўская.

nashaniva.com