Аўтограф беларускага і ўкраінскага асветніка і дыпламата першай паловы ХХ ст. Івана Краскоўскага знойдзены ў Лондане

Пра цікавую знаходку паведамляе Скарынаўская бібліятэка ў Лондане на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«Цікавая знаходка адбылася днямі ў Скарынаўцы: невядомы нам дагэтуль аўтограф беларускага і ўкраінскага асьветніка і дыплямата першай паловы ХХ ст. Івана Краскоўскага быў знойдзены на адным з нашых старадрукаў. Асобнік «Новага Запавету і Псальмаў», выдадзены ў 1623 г. у віленскай брацкай друкарні, падпісаны рукой Краскоўскага і быў, напэўна, часткай ягонай прыватнай бібліятэкі. 

Аўтэнтычнасьць подпісу пацьвердзіла прафэсарка Торуньскага ўнівэрсытэту Дарота Міхалюк — аўтарка кнігі пра Краскоўскага, прэзэнтацыя якой нядаўна прайшла ў Скарынаўцы. Паводле дасьледніцы, старадрук Новага Запавету мог належаць сямейнай бібліятэцы дыплямата, айцец і дзед якога былі праваслаўнымі сьвятарамі. Бібліятэкай Краскоўскага ў Вільні пасьля ягонага вымушанага ад’езду ў Кіеў нейкі час апекаваўся В. Ластоўскі. Якім быў далейшы шлях старадруку, які прывёў яго ў Скарынаўку, нам пакуль невядома <…>», — напісалі супрацоўнікі бібліятэкі.

budzma.org