Валера Руселік: «Адчуйце сябе, урэшце, стваральнікамі нашага агульнага Дому! Дойлідамі Беларусі!»

Як той казаў, напачатку было Слова, ну а потым ужо ўсё закруцілася, пайшло-паехала. Біблейская мудрасьць, якая цалкам прыдатная і да нашае беларускае рэчаіснасьці. Валера Руселік на Budzma.org прапаноўвае тое самае — Слова, зь якога можа пачацца Беларусь для кожнага і кожнай з нас.

Адно з найпрыгажэйшых і найадметнейшых беларускіх словаў, якое я ведаю й люблю — дойлід. Чулі яго? Гэтак у нас здаўна называюць, бадай, галоўнага чалавека на будоўлі — не папросту будаўніка, але таго, хто займаецца праектаваньнем, увасабляе ў жыцьцё сваю ідэю. Творца, калі хочаце. У іншых мовах гэткага чалавека звычайна называюць архітэктарам, а вось у нас, беларусаў — дойлід.

Слова старое, у пісьмовых крыніцах фіксуецца, паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы, ажно зь XV стагодзьдзя: дойлидъ, дойлида.

Цікава, што гэты відавочны балтызм, які паходзіць ад лет. dailidė — цясьляр, будаўнік, у сучаснай мове нашых паўночных суседзяў сёньня састарэў, азначаючы цяпер найперш традыцыйных майстроў-будаўнікоў, якія займаюцца пераважна драўлянымі дамамі і цэрквамі альбо мэбляй. Да таго ж, як цьвердзяць мовазнаўцы, у слове «дойлід» бачныя і карані іншага балцкага слова — dailus (лет. «прыгожы»), dailė (лет. «мастацтва»).

Карацей, вельмі старое і прыгожае слова, якое сыходзіць каранямі ў сівую мінуўшчыну, але й сёньня жыве ў Беларусі, азначаючы па сутнасьці Творцу Прыгажосьці.

Слова «дойліды» ў сучаснай Беларусі (зьлева направа): афіша сьвята народнай творчасьці «Повязь часоў» у вёсцы Дайліды, вокладка кнігі Алеся Краўцэвіча «Рыцары і дойліды Гародні», гульня-настолка «Дойліды», архіўны запіс выступпу менскага рок-гурта «Дойліды»

А ўзгадаў пра яго я сёньня, пабачыўшы новую ініцыятыву, распачатую актывістам зь Беластоку Алегам Мамонькам — за ўключэньне беларускае мовы ў абавязковы сьпіс YouTube. 

Інструкцыя простая: дадаць беларускую мову ў пажаданыя ўва ўласным профілі, напісаць адпаведны водгук у YouTube дый пашырыць інфармацыю пра кампанію сярод сваіх знаёмцаў.

Годная справа, якая зойме ў вас усяго некалькі хвілін і якая можа стаць той самай саломінкай, што пераважыць на карысьць беларусізацыі аднае з найгалоўнейшых плятформаў сучаснага чалавецтва.

Пакрокавая інструкцыя ўдзелу ў кампаніі за ўключэньне беларускае мовы ў абавязковы сьпіс YouTube. Фота з ФБ Алега Мамонькі

Дык а да чаго тут дойліды, спытаеце вы. А я адкажу вам пытаньнем на пытаньне: ці сустракалі вы хоць раз гэткае апраўданьне, маўляў, «я пишу по-русски, потому что у меня нет беларуской раскладки на телефоне/компьютере і г. д.»?

Няма — дык пастаўце! Ну лягічна ж, праўда? Абы была ахвота: іншыя ж ставяць. Ну а калі наагул няма беларускай у выбары моваў, прапанаваных нейкай аплікацыяй ці плятформай — дык давайце зьбярэм подпісы альбо хаця б далучымся да тых, хто гэткі збор ужо арганізаваў!

І ня варта адразу адмахвацца ў паняверцы: маўляў, ды хто там у гэткіх буйных кампаніях будзе зьвяртаць увагу на ледзь заўважны піск жменькі беларускамоўных? А вось і зьвяртаюць! Як прыклад — зьяўленьне нашае мовы ў папулярным генэратары субтытраў «Captions» летась пасьля шматлікіх просьбаў беларускіх карыстальнікаў.

Можна? Можна.

Валер Руселік

І вось гэты падыход варта пашыраць літаральна ўва ўсіх сфэрах. Ня быць абыякавымі, прасіць і патрабаваць, дамаўляцца й пераконваць. А найперш — ува ўласным жыцьці. Цяжка наважыцца размаўляць па-беларуску — беларусізуйце для пачатку ваш тэлефон, вашую бібліятэку, вашую стужку навін. Абірайце ў браўзэры беларускамоўную вэрсію сайту. Прачытайце сваім дзецям беларускамоўны пераклад «Гары Потэра». Павіншуйце сяброў беларускамоўнай паштоўкай.

Гэта ж не складана, праўда?

Як там той лёзунг гучыць? Наш дом — Беларусь? Ну дык адчуйце сябе, урэшце, стваральнікамі нашага агульнага Дому! Дойлідамі Беларусі! Цаглінка да цаглінкі — гэтак яе, краіну нашых мараў, разам і збудуем! 

Ну што, пачынаем?

Валера Руселік, budzma.org