33‑гадовы беларус, што знік у Італіі, загінуў

У Італіі ў сярэдзіне верасня знік 33‑гадовы Уладзімір Алдохін. Ягоная маці ў сацсетках пацвердзіла, што сын загінуў.

«Да майго невыноснага гора, інфармацыя, што мой сын патануў, пацвердзілася. Дзякуй, сыночак мой, што калісьці выбраў мяне ў мамы і ўсе гады быў любімым і любячым, шчырым і надзейным сябрам. Ты маё сэрца, мая душа. мой свет, маё УСЁ. Як гэта перажыць і далей жыць», — напісала жанчына.

Уладзімір Алдохін, што жыў у Вільні, знік у верасні. Апошні раз сын выходзіў з маці на сувязь 10 верасня. Тады ён паведаміў сябру, што знаходзіцца ў Ліворна — буйным партовым горадзе ў Таскане. 

У канцы верасня Таццяна Алдохіна расказвала, што сын заўсёды падарожнічаў адзін. «Такі чалавек, самадастатковы. Ён вельмі граматны, адукаваны, разумны, шмат чытаў. Яму не патрэбная была нейкая кампанія. Ён не піў, не курыў, па барах не хадзіў. Са здароўем усё добра, ніколі не хварэў, спартыўны. Мы з ім на тыдні па шмат разоў стэлефаноўваліся і перапісваліся. Але ў адпачынку, шчыра кажучы, я яму не тэлефанавала. Ён сказаў, што ляціць у Італію. І я пажадала добрага адпачынку. Ведала, што два тыдні можна яго не турбаваць. У мяне нават нічога не ёкнула, што нешта не так».

Потым жанчыне патэлефанавалі з консульства і паведамілі, што ў наваколлі Ліворна быў знойдзены патанулы мужчына. Каб вызначыць яго асобу, патрэбны тэст ДНК.

«На гэтым этапе я чакаю вынікаў. Тэст робіцца не хутка, як вы разумееце. Звычайна яго вынікі рыхтуюць месяц, але мы прасілі, каб гэта было зроблена ў максімальна кароткія тэрміны. У мяне тэст брала наша беларуская міліцыя. Сказалі, што толькі 10 дзён ідзе распрацоўка. Потым вынікі перададуць у Следчы камітэт», — казала жанчына.

Паехаць у Італію Таццяна не магла — ў яе не было візы, да таго ж жанчына ніколі не была за мяжой.

На жаль, экспертыза пацвердзіла, што загінулы — яе сын.

nashaniva.com